Пакуль прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы не пацьвярджае і не абвяргае ягонай паездкі ў Расею.
Сёньня раніцай зьявілася паведамленьне, што 26 сьнежня на нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржаўным органам зьвярнуць асаблівую ўвагу на бясьпеку грамадзян у пэрыяд навагодніх і калядных сьвятаў.
«Падзеі ў Расеі, якія адбыліся ў апошні час, — дадайце сюды яшчэ рознага кшталту выбухі балёнаў у мэтро ў Маскве, трагедыі на дарогах ды іншае, — сьведчаць пра тое, што нам ні ў якім разе нельга расслабляцца. Мы не знаходзімся недзе ў баку ад гэтых страшных здарэньняў. Наадварот, мы знаходзімся ў самым эпіцэнтры. Таму, чаго б нам ні каштавала, трэба захаваць мір і спакой у нашай краіне. Гэта галоўнае», — цытуе Лукашэнку БелТА.
За дзень да саміту некаторыя СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не плянуе браць удзел у самітах. У прыватнасьці, пра гэта РБК расказалі тры чалавекі, знаёмыя з арганізацыяй самітаў.
«На саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу плянуецца ўхваліць агульны для пяці краін-удзельніц (Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея), Мытны кодэкс — кажа ў размове са Свабодай Яраслаў Раманчук. — Але ж літаральна паўмесяца таму Лукашэнка публічна выказаў сумнеў, што гэты дакумэнт адпавядае інтарэсам Беларусі. Я думаю, што зрабіць такую ж заяву ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнку было б не з рукі. Таму ня ехаць на саміт — гэта найлепшы варыянт: няўдзел у мерапрыемстве — гэта сыгнал найперш для Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь незадаволеная дзеяньнямі расейскага кіраўніцтва. Гэта тычыцца і нафты, і газу, і паводзінаў спадара Данкверта... Тут столькі ўсяго набегла, што у Піцеры Лукашэнка мог бы ўзарвацца і нагаварыць шмат чаго лішняга. Таму, мне здаецца, і выбралі больш спакойны варыянт — праігнараваць саміты. Застацца дома для кіраўніка Беларусі — гэта зараз найлепшы варыянт.
Я думаю, галоўная памылка Лукашэнкі была ў тым, што ён у свой час падпісаў вельмі сырую, дэфэктыўную дамоўленасьць пра Эўразійскі эканамічны саюз. З гэтага ўсё і пачалося. Апошнім часам крытычна пра дамову кажуць і Лукашэнка, і Мясьніковіч, і Кабякоў. Таму падпісваць цяпер Мытны кодэкс, які прадугледжвае рэалізацыю няўдалага дакумэнту, няма сэнсу. Падпісаньне азначала б яшчэ большае глумленьне над правам і зацягваньне шматлікіх праблемаў у яшчэ больш складаны вузел.
Таму, я думаю, удзельнікі ЭАЭС будуць тарпэдаваць дамову і далей. У рэшце гэта можа прывесьці да кардынальнага перагляду асноўных дакумэнтаў Эўразійскага эканамічнага саюзу. Як хутка гэта можа здарыцца, сёньня сказаць цяжка. Але можна прагназаваць, што ў 2017 годзе гандлёвыя войны паміж Расеяй і Беларусьсю будзе працягвацца. Я ўпэўнены, што дачыненьні паміж афіцыйнымі Масквой і Менскам у наступным годзе будуць самымі складанымі за ўсю гісторыю так званай саюзнай дзяржавы».
У 2009 годзе ўжо быў прэцэдэнт, калі Аляксандар Лукашэнка спачатку адмовіўся падпісваць пагадненьне аб стварэньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ з прычыны «малочнай вайны» з Расеяй. Тады Крэмль пайшоў на саступкі, і Лукашэнка падпісаў гэты дакумэнт.