Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміты ЭАЭС і АДКБ без Лукашэнкі: гучная адсутнасьць


Кіраўнікі дзяржаваў Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Санк-Пецярбургу. Без Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнікі дзяржаваў Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Санк-Пецярбургу. Без Аляксандра Лукашэнкі.

Чаму кіраўнік Беларусі не паехаў на інтэграцыйныя саміты ў Санкт-Пецярбург? Дэмарш адсутнасьці як адказ на чатыры выклікі: мытны кодэкс, нафтагазавы канфлікт, харчовы канфлікт і інфармацыйная вайна.

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Дракахруст: Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не паедзе на саміты Эўразійскага эканамічнага саюзу і АДКБ у Санкт-Пецярбург. Пры гэтым прэсавая служба Лукашэнкі не дала ніякага тлумачэньня гэтаму дэмаршу. У дзень самітаў ён правёў у Менску ўрадаваю нараду па пытаньнях бясьпекі падчас навагодніх сьвятаў. Астатнія кіраўнікі краінаў ЭАЭС ў Пецярбург прыехалі і падпісалі там новы мытны кодэкс саюзу.

Аднак варта прыгадаць, што 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду, на якой скрытыкаваў праект новага кодэксу і запатрабаваў пры ўхваленьні яго забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Усё як у 2009 годзе, тады «злым геніям» беларускіх харчоў быў Анішчанка, цяпер — Данквэрт

У Пецярбургу і ўдзельнікі самітаў, і прэсавы сакратар Ўладзімера Пуціна Пяскоў усяляк ухіляліся ад камэнтароў наконт непрыезду Лукашэнкі.
Валер Карбалевіч прыгадаў, што мінулым разам гэтак жа дэманстратыўна кіраўнік Беларусі праігнараваў саміт АДКБ у 2009 годзе ў разгар харчовай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй. Так выглядае, што і зараз меў месца таксама менавіта палітычны дэмарш. І збольшага нават зразумелыя яго прычыны.

Адна з прычынаў — новая, ужо цяперашняя харчовая вайна. Зусім нядаўна Лукашэнка і іншыя чыноўнікі публічна і рэзка бэсьцілі кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данквэрта за, па іх словам, неабгрунтаваныя прыдзіркі да беларускай сельгаспрадукцыі, якая пастаўляецца на расейскі рынак. Усё як у 2009 годзе, тады «злым геніям» беларускіх харчоў быў Анішчанка, цяпер — Данквэрт. Але ці яму асабіста былі адрасаваныя папрокі.

Другі чыньнік — нафтагазавы канфлікт. Здаецца, яшчэ ў кастрычніку бакі ў выніку цяжкіх перамоваў знайшлі формулу кампрамісу. Але адпаведнага пагадненьня падпісана не было. Беларусь перавяла ў Маскву авансавы плацёж у межах запазычанасьці за газ, але Расея дэманстратыўна вярнула грошы, маўляў, плаціце ўсё, што вінныя.


20 сьнежня пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што паміж Менскам і Масквой найбліжэйшымі днямі будзе падпісаны дакумэнт, які ўлагодзіць усе нафтагазавыя пытаньні.

да прычынаў непрыезду Лукашэнкі ў Піцер, шляхам Скарыны, так бы мовіць, ўжо прыгаданыя пярэчаньні наконт новага мытнага кодэксу

Блізкасьць можна трактаваць па-рознаму, але з той заявы прайшоў тыдзень. Дакумэнту няма, адпаведна і ўлагоджаньня. Ну і нарэшце, разам з харчовай і нафтагазавай вайной — інфармацыйная вайна. І справа ня столькі і ня толькі ў тым, што тон расейскіх мэдыяў масава стаў агрэсіўным да Беларусі. Ён можа і ня надта зьмяніўся. Зьмянілася рэакцыя на яго афіцыйнага Менску: арышт аўтараў Рэгнуму, выклік расейскага дыплямата з нагоды беларусафобскіх заяваў расейскага генэрала Рашэтнікава, нарэшце, заява старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі на пасяджэньні Парлямэнцкага сходу так званага саюзу Беларусі і Расеі.

Ён скрытыкаваў эканамічныя парадкі ў ЭАЭС, а таксама сказаў, што «ў расейскай грамадзкай думцы спрабуюць перафарматаваць вобраз Беларусі і беларусаў. З найлепшых сяброў і адданых саюзьнікаў нас спрабуюць прадставіць як няшчырых, несамастойных партнэраў, якія жывуць за кошт Расеі і якія ў кожны момант могуць стаць русафобамі і паўтарыць шлях Украіны».

Усё разам — і арышт «рэгнумаўцаў», і нота наконт Рашэтнікава, і заявы Андрэйчанкі сьведчыць пра адно і тое ж — пра скрайняе раздражненьне афіцыйнага Менску.

Ну і нарэшце да прычынаў непрыезду Лукашэнкі ў Піцер, шляхам Скарыны, так бы мовіць, ўжо прыгаданыя пярэчаньні наконт новага мытнага кодэксу. На саміце было паведамлена, што беларускі бок атрымае дакумэнт і будзе мець магчымасьць падпісаць дома, пазьней. Калі захоча, дадам ад сябе.

Навідавоку комплексны канфлікт з Расеяй: мытны кодэкс, нафтагазавыя праблемы, харчы, прапаганда. Ну і прамы дэмарш, дэманстрацыя — адсутнасьць кіраўніка Беларусі на самітах.

Прапаганда, шчыраваньні Рашэтнікава, ня самы сымпатычны вобраз Беларусі, які «упарваюць» расейцам — гэта вытворнае ад палітычных рашэньняў

Навідавоку фірмовы стыль Лукашэнкі — перавод прыхаванага палітычнага вымярэньня канфлікту ў выразна, відавочную палітычную плашчыню. Маўляў, калі да нас так ставяцца, ну дык і ня трэба нам тыя саюзы. Не, не, ну ня тое, што зусім ня трэба, але мы не дазволім нас крыўдзіць, але ж Маскве тыя саюзы з намі патрэбныя, не адным нам.
Раней такой дыпляматыяй скандалу атрымлівалася дамагчыся ад Расеі шмат чаго. Ці спрацуе гэта зараз?

Гэта пытаньне. Але тое, што саміты без Лукашэнкі — разьлік менавіта на гэта. Аднак варта сказаць, што «мяккая сіла» Лукашэнкі ў Расеі пасьля Крыму істотна зьменшылася. Гэта годзе ў 2004-м, нават яшчэ ў 2010-м можна было хвастаць Крэмль, абвінавачваючы ў «тэрарызме на вышэйшым узроўні».

Прапаганда, шчыраваньні Рашэтнікава, ня самы сымпатычны вобраз Беларусі, які «упарваюць» расейцам — гэта вытворнае ад палітычных рашэньняў. Гэта таму, што лічаць, што Менск недастаткова ляяльны, што надта шмат хоча грошай за недарагія жэсты ляяльнасьці Расеі. Па гішпанскай прымаўцы, сябру — ўсё, ворагу — толькі закон. Лукашэнка мо і ня вораг, але магчыма ў сябрах ужо ня лічыцца.

Адсюль і Данквэрт, і адсутнасьць паперы пра вырашэньня нафтагазавых спрэчак. Ну а прапаганда, то, як той казаў, калі пан мае сабачку, дык нашто яму самому брахаць? Паводзіны сабачкі — паказьнік настрояў пана.

Экспэрты ўжо адзначылі, што гэта самы востры канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй з 2010 году

Карбалевіч: Я шчыра кажучы, прагназаваў, што Лукашэнка паедзе на саміт і ўжо там учыніць дэмарш, адмовіўшыся падпісаць мытны кодэкс. Але ён пайшоў далей, на большае абвастрэньне адносінаў з Крамлём, байкатаваў два саміты. Гэта крайняя форма пратэсту, на якую цяпер можа ісьці Лукашэнка. Наступны крок — гэта выхад з інтэграцыйных утварэньняў: ЭАЭС і АДКБ. Але на гэта Лукашэнка нч пойдзе, гэта «чырвоная лінія», пераступіўшы якую Беларусь атрымае ўкраінскі сцэнарый.

Экспэрты ўжо адзначылі, што гэта самы востры канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй з 2010 году. Але нават тады, перад прэзыдэнцкімі выбарамі Лукашэнка на саміты езьдзіў. Тады, хутчэй, нападала Расею, Менск слаба адбіваўся. Цяпер удары ўзаемныя.

Прычым, адбываецца эскаляцыя канфлікту. Ён пачаўся як газавы, потым дадаўся нафтавы чыньнік, потым пачалася інфармацыйная вайна, харчовая вайна, а цяпер яшчэ і фінансавая (маю на ўвазе затрымку з выдзяленьнем чарговага траншу крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця).

Наколькі можна зразумець з выказваньняў расейскага амбасадара Сурыкава, перамовы паміж бакамі ідуць інтэнсіўна. І калі верыць газэце «Коммерсант» нават на ўзроўні ўрадаў кампраміс дасягнуты. Але пагадненьне не падпісваецца. Можна меркаваць, што калі пытаньне выходзіць на палітычны ўзровень, то там і блякуецца.

Магчыма Масква ў свой пакет уключыла нейкія непрымальныя для кіраўніцтва Беларусі рэчы

З публічных заяваў вядома, што Масква выстаўляе папярэднюю ўмову: Беларусь павінна заплаціць сваю запазычанасьць за газ, якая накапілася з пачатку году. А гэта $425 млн. Беларускі бок, здаецца, афіцыйна і не адмаўляе, аднак не плаціць. Мусіць, жывых грошай такога абʼёму ў Менску няма. Быў разьлік на крэдыт, але яго не выдзелілі.

Мусіць, ёсьць нешта яшчэ, чаго мы ня ведаем. Звычайна, пагадненьні паміж Масквою і Менскам носяць пакетны характар. Магчыма Масква ў свой пакет уключыла нейкія непрымальныя для кіраўніцтва Беларусі рэчы.

Цыганкоў: Яшчэ 9-га сьнежня на адмысловай нарадзе Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцьці Мытнага кодэксу. Ён адзначыў неабходнасьць даць аб’ектыўную ацэнку праекту, узважыць усе за і супраць, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі.

Самая апошняя супярэчнасьць — імкненьне паставіць Беларусь у шыхты агульнай візавай палітыкі пад маркай прыняцьця новага мытнага кодэксу

Тады нават прагучаў заклік да працэсу прыцягнуць усіх спэцыялістаў, нават апазыцыйных. Гэта ня часта бывала ў гісторыі Беларусі, і звычайна калі адміністрацыя беларускага кіраўніка заклікала да дыялёгу апазыцыйных палітыкаў ці эканамістаў, гэта была добрая прыкмета, што зь іх дапамогай хочуць пахаваць нейкае пагадненьне.

Самая апошняя супярэчнасьць — імкненьне паставіць Беларусь у шыхты агульнай візавай палітыкі пад маркай прыняцьця новага мытнага кодэксу. Апошнія месяцы ўвесь час узьнікалі праблемы на беларуска-расейскай мяжы, нават з замежнымі грамадзянамі. Прадстаўнікі беларускага МЗС скардзіліся, што 20 гадоў усё неяк нармальна дзейнічала, а цяпер Расея робіць праблемы на пустым месцы і замежныя грамадзяне маюць праблемы пры перасячэньні беларуска-расейскай мяжы, якой фармальна нібыта і няма.

Такім чынам можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка вярнуўся да сваёй дыпляматыі скандалаў, але зь іншага боку, здаецца, у яго не было іншага выйсьця. Але пытаньне ў тым, што далей.

Расея ўсё гэта разумее і ўжо навучылася рэагаваць на такія дэмаршы Лукашэнкі

Калі ўтрыраваць гэтую сытуацыю і даводзіць яе да лягічнага канца, тады Аляксандар Лукашэнка проста павінен прызнаць, і часам такія меркаваньні ў яго ўжо гучаць, што сам гэты Эўразійскі эканамічны саюз Беларусі невыгодны. Пакуль ён кажа пра некаторыя канкрэтныя пагадненьні, сытуацыі, як з малочнай вайной, але нават па БТ ужо гучаць сумневы, а навошта Беларусі такая структура, якая не прыносіць выгоды, а толькі праблемы.

Гэта якраз такая пастка, у якую ўпіраецца гэтая палітыка скандалаў Лукашэнкі. Бо калі прызнаваць, што гэта так, што гэта невыгодна, то трэба выходзіць з гэтага саюзу, але безумоўна такую задачу цяперашняя беларуская ўлада сабе не ставіць, бо яна дастаткова радыкальная.

Ставіцца задача гэтымі скандаламі выбіць нейкія паляпшэньні ў дамовах і канкрэтных пагадненьнях. Расея ўсё гэта разумее і ўжо навучылася рэагаваць на такія дэмаршы Лукашэнкі. Маўляў, ну добра, зробіць дэмарш, але ўсё роўна падпіша.

І за апошнія гады так званай інтэграцыі так звычайна ўсё і заканчвалася — адваротных прыкладаў няма. Няма такога, каб Лукашэнка ў выніку выйшаў зь якойсьці інтэграцыйная структуры і разьвярнуўся на Захад. Разуменьне гэтага аслабляе пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі. Расея зараз больш чым калі разумее гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG