Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даля Грыбаўскайце: ЭЗ павінен прадумаць, як абмежаваць імпарт электрычнасьці зь Беларускай АЭС


Даля Грыбаўскайце, арзіўнае фота
Даля Грыбаўскайце, арзіўнае фота

Бясьпека Астравецкай АЭС — гэта клопат усяго Эўразьвязу, заявіла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце на сустрэчы зь віцэ-старшынёй Эўрапейскай камісіі па пытаньнях Энэргетычнага зьвязу ЭЗ Марашам Шэфчовічам.

Асаблівая ўвага на сустрэчы нададзена пытаньням бясьпекі Астравецкай АЭС, якая будуецца па суседзтве зь Літвой і ЭЗ і сынхранізацыі электрасетак балтыйскіх краін зь сеткамі кантынэнтальнай Эўропы, паведамляе сайт прэзыдэнта Літвы.

«Мы ўсе памятаем пра чарнобыльскую трагедыю. Небясьпечныя атамныя электрастанцыі, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам, — пагроза для ўсіх жыхароў Эўропы. Таму сумеснымі намаганьнямі ЭЗ і ўсёй міжнароднай супольнасьці мы абавязаны патрабаваць, каб Астравецкая АЭС адпавядала самым жорсткім міжнародным стандартам бясьпекі, была праведзена празрыстая і незалежная ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, праведзены ацэнкі рызыкі і бясьпекі», — сказала Грыбаўскайце.

У Літвы, адзначыла яна, выклікаюць непакой заявы Беларусі пра тое, што будаўніцтва Астравецкай АЭС будзе самым танным у сьвеце.

«Будаўнічыя работы АЭС вядуцца пасьпешліва і без выкананьня стандартаў якасьці. Дагэтуль ня выкананы ацэнкі рызыкі і бясьпекі, дзякуючы якім можна вызначыць, ці можа АЭС бясьпечна функцыянаваць пры самых неспрыяльных умовах».

Паводле прэзыдэнта Літвы, ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе выканана непразрыста і парушае Орхускую канвэнцыю і канвэнцыю Эспаа.

«Экспэртам МАГАТЭ не дазваляецца правесьці незалежную ацэнку месца будаўніцтва Астравецкай АЭС», — адзначаецца на сайце.

Паводле прэзыдэнта Літвы, ЭЗ абавязаны вельмі сур’ёзна ацаніць магчымасьці і патэнцыйныя інструмэнты абмежаваньня імпарту на рынак Эўразьвязу электраэнэргіі, вырабленай на Астравецкай АЭС.

«Астравецкая АЭС не павінна ствараць дадатковыя перашкоды ні для вытворчасьці электраэнэргіі ўнутры краіны, ні для павышэньня эфэктыўнасьці энэргаспажываньня або сынхранізацыі сетак балтыйскіх краін зь сеткамі кантынэнтальнай Эўропы», — адзначыла Грыбаўскайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG