Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прымуць Лукашэнку ў клюб былых прэзыдэнтаў?


Аляксандар Лукашэнка. 2009 год.
Аляксандар Лукашэнка. 2009 год.

Прэзыдэнт не бывае былым. Але сапраўдны прэзыдэнт павінен ім стаць.

Сайт праекту "Расея і я"

Да канца жыцьця да першага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Краўчука ці другога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качарана будуць зьвяртацца «спадар прэзыдэнт», якія бы зьмены не адбываліся ў іх краінах. Нават калі ўвогуле скасуюць пасаду прэзыдэнта, як гэта нядаўна адбылося ў Армэніі.

Ня ўсе гэта ведаюць, але да канца жыцьця і да першага кіраўніка Літвы Вітаўтаса Ландсбэргіса і да першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча ў краінах заходняй дэмакратыі таксама будуць зьвяртацца «спадар прэзыдэнт», паколькі яны былі лідэрамі сваіх дзяржаваў ў той час, калі там яшчэ не было прэзыдэнцкіх пасадаў.

Былых прэзыдэнтаў запрашаюць на аўтарытэтныя міжнародныя форумы, як сёлета ў студзені на канфэрэнцыі у Рыме пра глябальны дыялёг у мультыпалярным сьвеце гаварыў трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка. Яны рэгулярна абмяркоўваюць важнейшыя геапалітычныя пытаньні са сваімі калегамі экс-прэзыдэнтамі ў рамках ганаровых клюбаў былых прэзыдэнтаў, такіх як сусьветны Мадрыдзкі клюб ці Міжнародны цэнтар Нізамі Гянджэві.

Яны становяцца запатрабаванымі аўтарытэтнымі экспэртамі ў вырашэньні складаных рэгіянальных канфліктаў, як другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які цяпер працуе ў складзе трохбаковай кантактнай групы на перамовах у Менску.

Яны запатрабаваныя як высокакваліфікаваныя топ-мэнэджэры ў буйных фінансавых кампаніях, як другі прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран, які працуе незалежным дырэктарам у расейскім дывэрсыфікацыйным холдынгу «Сыстэма».

Іх запрашаць спэцыяльнымі дарадцамі кіраўнікі іншых дзяржаваў, як у свой час другога прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і другога постсавецкага прэзыдэнта Эстоніі Арнольда Руйтэля запрасіў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Яны зьяўляюцца запатрабаванымі дарадцамі дзейных прэзыдэнтаў сваіх краінах, як цяпер першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, да меркаваньня якога, як кажуць, уважліва прыслухоўваецца прэзыдэнтка Даля Грыбаўскайце.

Яны маюць магчымасьць пабудаваць паводле свайго густу ўласны дом на хутары пасярод лесу, як першы постсавецкі прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, ўзьняць над ім сьцяг сваёй краіны і, кожную раніцу прачынаючыся ўлетку, чуць птушыныя сьпевы і ганарыцца, што жывеш у незалежнай краіне, што шмат зрабіў для яе, і маеш у ёй непахісны аўтарытэт.

Большасьці зь іх гарантаваныя прэзыдэнцкая пэнсія, якая складае 70 працэнтаў ад заробку дзейнага кіраўніка дзяржавы (ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч даляраў у залежнасьці ад краіны), недатыкальнасьць, ахова і офіс былога прэзыдэнта. Да іх, як да другога прэзыдэнта Малдовы Петру Лучынскага, працягваюць прыходзіць людзі з просьбамі, прапановамі і скаргамі. І часта яны могуць дапамагчы, у тым ліку і як трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які аддаў сваю пэнсію жанчыне з Данбасу.

Былыя лідэры застаюцца запатрабаванымі ў краіне палітыкамі, як трэці прэзыдэнт Малдовы, кіраўнік Камуністычнай партыі Малдовы Ўладзімер Варонін, чыя фракцыя адыгрывае вядучую ролю ў парлямэнце і рэдка калі без яе згоды можа быць прынятае рашэньне.

Яны маюць час і магчымасьці працаваць над стварэньнем прэзыдэнцкага архіву і бібліятэкі і ажыцьцяўляць уласныя праекты — будаваць хату-мару Тараса Шаўчэнкі, як гэта робіць трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.

Былыя маюць шмат перавагаў у параўнаньні зь дзейнымі прэзыдэнтамі. Як прызнаецца другі прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі: «Я не павінен ўставаць па нейкім графіку, я магу выказаць зь любой нагоды тое, што я думаю, я магу адмовіцца ад нейкага візыту, ад нейкай просьбы, я магу езьдзіць куды заўгодна, раблю менш памылак, чым калісьці рабіў, і я не паўтараю іх...».

І нават калі прэзыдэнцтва было нядоўгім, і кіраўніку краіны вынесьлі імпічмэнт паводле Канстытуцыі, як літоўскаму прэзыдэнту Раландасу Паксасу, і яго пазбаўляюць недатыкальнасьці і прэзыдэнцкай пэнсіі, прэзыдэнцкі тытул застанецца назаўсёды, як і магчымасьць быць у палітыцы, абірацца ў Эўрапарлямэнт, ствараць уласную партыю і працаваць дзеля сваёй краіны.

Больш складаная сытуацыя з прэзыдэнтамі-ўцекачамі, як напрыклад чацьвёртым прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам, якога абвінавачваюць на радзіме ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку і датычнасьці да забойства людзей. Уладамі Расеі яму гарантаваная пэўная бясьпека, але гэта хутчэй ізаляцыя. Праўдападобна, што ён будзе вымушаны хавацца ў сваім багатым асабняку да канца жыцьця замест таго, каб выпіць кавы ці каньяку і падыскутаваць з былым калегам-прэзыдэнтам на нейкім форуме ў Швайцарыі.

Але адзінота выгнаньня Віктара Януковіча выглядае ня так трагічна на тле сумнавядомых лёсаў прэзыдэнтаў Іраку і Лібіі, якія кіравалі дзесяцігодзьдзямі і не хацелі самі сыходзіць, пры чый страшны канец не аднойчы згадвае падчас публічных выступаў Аляксандар Лукашэнка.

У кіраўніка Беларусі яшчэ ёсьць магчымасьць зрабіць свой завяршальны прэзыдэнцкі выбар паміж лёсам Качарана або Вароніна, Паксаса або Акаева, Бакіева ці Януковіча. Пра іншыя памаўчым. У яго яшчэ ёсьць магчымасьць уступіць у ганаровы клюб былых лідэраў.

Але ці прымуць Лукашэнку ў клюб экс-прэзыдэнтаў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG