Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё як у Менску: кватэры па 800 даляраў і заторы на дарогах. Як зьмяняецца Астравец праз будоўлю АЭС


«Нашы дзеці паступаюць на „атамныя“ спэцыяльнасьці, каб вярнуцца пасьля ўнівэрсытэту. Астравец — гэта ўжо не „дзіра“ Гарадзенскай вобласьці». Журналісты паглядзелі, як былы гарадзкі пасёлак Астравец ператвараецца ў горад энэргетыкаў.

Першы сьвятлафор зьявіўся ў 2012 годзе

Яшчэ пяць гадоў таму мала хто мог уявіць, што ў гарадзкім пасёлку Астравец могуць быць заторы на дарогах. Тут не было ні спальных раёнаў, ні гадзінаў пік, ні нават сьвятлафораў. Але ўжо чатыры гады, як будоўля АЭС за 18 км на поўнач ад гораду зьмяняе жыцьцё ўсяго рэгіёну.

Астравец — былая вёска. З 1468 году, калі ён упершыню згаданы ў дакумэнтах, Астравец заўжды быў зьвязаны зь Вільняю. Да яе адсюль — 50 км. Да Менску — 150, а да абласнога цэнтру Гародні — 240.

«Стары» Астравец — гэта нізкая пасьляваенная забудова
«Стары» Астравец — гэта нізкая пасьляваенная забудова

Райцэнтрам ён стаў у 1939 годзе, у 2007 годзе атрымаў герб, а ў 2012-м — статус гораду. Акрамя Горадні, гэта, бадай, адзіны горад у вобласьці, дзе сёньня расьце насельніцтва. За постсавецкі час яно зьменшылася больш як на тысячу чалавек — з 9700 у 1990-м да 8300 у 2009-м. На пачатак 2015 году тут жыло 9100 чалавек.

У новай частцы Астраўца ўжо заканчваюць другі мікрараён
У новай частцы Астраўца ўжо заканчваюць другі мікрараён

Для будучых працаўнікоў АЭС у Астраўцы будуюць, як тут кажуць, «новы горад» — тры мікрараёны ва ўсходняй частцы гораду. Летась скончана будоўля першага — на 3200 жыхароў. Сёлета маюць скончыць другі, а яшчэ праз год — трэці мікрараён. Агулам у «новым горадзе» будзе жыць да 25 тысяч чалавек.

Тут у 2012 годзе зьявіўся першы ў горадзе сьвятлафор. Цяпер іх ужо чатыры, і кожную раніцу й вечар тут складана праехаць: машынамі й аўтобусамі едуць на будоўлю рабочыя.

Адам Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкаму, кажа, што Астравец перажывае новы этап сваёй гісторыі
Адам Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкаму, кажа, што Астравец перажывае новы этап сваёй гісторыі

«Жыцьцё ідзе, зь сельскагаспадарчага Астравецкі раён ператвараецца ў буйны прамысловы цэнтар», — сказаў Адам Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкаму.

Нерухомасьць даражэйшая, чым у Менску

Зь нечаканай АЭС на Астравец абваліліся турботы, якіх горад ніколі ня ведаў. Некалькі тысяч будаўнікоў трэба было недзе расьсяліць. У горадзе дагэтуль працуе толькі адзін гатэль, ёсьць пару інтэрнатаў. Але месцаў для ўсіх там не хапае, і будаўнікі наймаюць кватэры ў горадзе.

Другі ў горадзе гатэль яшчэ ня скончаны, а таму многія будаўнікі наймаюць кватэры
Другі ў горадзе гатэль яшчэ ня скончаны, а таму многія будаўнікі наймаюць кватэры

Празь неймаверны попыт кошты на арэнду тут вышэйшыя, чым у Менску. 150 даляраў (ад 100 тысяч рублёў на дзень) каштуе адно койка-месца ў пакоі. І гэта яшчэ старыя кошты, запэўнівае гаспадыня.

Пасьля званкоў па аб’явах у раённай газэце становіцца зразумела, што так і ёсьць. У іншых арандатараў ложак каштуе ад 150 тысяч на суткі (200 даляраў на месяц). Адзін пакой на дваіх чалавек — 500 тысяч на суткі (360 даляраў).

«А калі вы хочаце двухпакаёўку наняць, гэта будзе даляраў 600 каштаваць, а з добрым рамонтам — і 800», — кажа прадпрымальніца.

З пачаткам будоўлі цэны на нерухомасьць тут вырасьлі ў некалькі разоў
З пачаткам будоўлі цэны на нерухомасьць тут вырасьлі ў некалькі разоў

Па яе словах, кошты ў Астраўцы спалі. Раней кватэры каштавалі й па 1000 даляраў на месяц. Але пабудавалі цэлы мікрараён, і шмат якія арганізацыі наймаюць кватэры ў новабудоўлях.

«Хаця ўсё адно кватэру ў Астраўцы вы зараз не набудзеце. Двухпакаёўка будзе каштаваць прынамсі 50 тысяч даляраў. А калісьці й за 25 тысяч яе было не прадаць».

Украінцы: «Плацяць у вас няшмат, але спакойна»

Яшчэ з новых праблемаў у Астраўцы — перагружаныя садкі, школы й паліклініка. Летась тут пабудавалі гімназію на 510 вучняў і садок на 190 дзяцей. Але ўсё адно месцаў у садках не хапае.

У гімназію ў новым мікрараёне ходзяць збольшага мясцовыя дзеці
У гімназію ў новым мікрараёне ходзяць збольшага мясцовыя дзеці

Пастаянныя чэргі і ў паліклініцы. Кажуць, што асабліва ўпадабалі беларускую сыстэму аховы здароўя ўкраінскія рабочыя.

«Яны даведаліся, што ў нас 100% аплата па бальнічным, дык пры любой нагодзе ідуць да лекара», — кажа мясцовы жыхар Уладзімер.

У дварах шмат украінскіх машын з нумарамі Запароскай вобласьці
У дварах шмат украінскіх машын з нумарамі Запароскай вобласьці

Украінцаў, дарэчы, у Астраўцы даволі шмат. Яны прыяжджаюць звычайна з гораду Энэргадару, дзе разьмешчана Запароская АЭС. І гэта пры тым, што матэрыяльныя ўмовы ў Беларусі для атамшчыкаў не нашмат лепшыя, чым ва Ўкраіне.

«Мне тут падабаецца, — кажа Кацярына, што прыехала ў Астравец разам з мужам і дзецьмі два тыдні таму. — І хоць умовы тут не выгаднейшыя, чым у Энэргадары, але тут спакайней. Асабліва гэта цэніш, калі гадуеш дзяцей».

Новага садка на 190 месцаў Астраўцу мала, а таму дзяцей возяць у суседнюю вёску Малі
Новага садка на 190 месцаў Астраўцу мала, а таму дзяцей возяць у суседнюю вёску Малі

Па яе словах, у мікрараёне ледзь ня кожны другі — з Украіны. І праўда, у дварах тут спрэс машыны з украінскімі нумарамі.

«Так, мы сумуем па радзіме, але й тут таксама добра, — кажа Кацярына. — Думаю, мы гатовыя застацца ў Астраўцы. Уражаньне вельмі добрае склалася. У вас тут усё па правілах трэба рабіць».

Не прызвычаіліся ў нас сур’ёзна працаваць

У той час як украінцы сюды прыяжджаюць, мясцовыя, з кім гаварылі на вуліцы, скардзяцца на скарачэньне заробкаў. Раней, маўляў, тут зараблялі па 10–12 мільёнаў рублёў. Цяпер жа нават 3 мільёны для будаўніка, лічыцца, добрыя грошы.

Трапіць на саму будоўлю АЭС журналісты могуць толькі падчас прэс-туру
Трапіць на саму будоўлю АЭС журналісты могуць толькі падчас прэс-туру

«Астравецкія ўсе звальняюцца адтуль, — кажа мясцовы жыхар Уладзімер. — Толькі тыя добра зарабляюць, што на расейскія фірмы ўладкоўваюцца. Вось кіроўцам сябар 10 мільёнаў мае. Але ў беларускіх субпадрадчыкаў зусім мала плацяць».

Што рабочых на будоўлі не хапае, пацьвярджаюць і мясцовыя ўлады. Аднак Адам Кавалька кажа, што не ідуць на АЭС праз высокую адказнасьць і патрабаваньні.

Чыноўнікі кажуць, што на АЭС неахвотна ідуць працаваць, бо там высокія патрабаваньні
Чыноўнікі кажуць, што на АЭС неахвотна ідуць працаваць, бо там высокія патрабаваньні

Аляксандар, мясцовы жыхар, працаваў на будоўлі ад самага пачатку — з 2012 году. Але ўжо год як сышоў адтуль. Кажа, што праблема ня толькі ў грошах, але і ў цяжкасьці працы.

«Калі катлаван залівалі, вось гэтай парой, у лютым, цэлы дзень на вуліцы. А потым пачне сьнег таяць — адпампоўвай ваду паўдня, каб нешта зрабіць. Мне ўжо 50, дык я сябе вырашыў берагчы».

Нават без АЭС у Астраўцы хапае іншай працы на будоўлях
Нават без АЭС у Астраўцы хапае іншай працы на будоўлях

Ён перайшоў на іншую будоўлю — у горадзе, акрамя мікрараёнаў, будуецца новы шпіталь, садок, яшчэ адна школа. І нават на невялікія заробкі сюды штодня прыяжджаюць аўтобусамі будаўнікі з Смаргоні й Ашмянаў.

Праца ёсьць, але надта ў нас не забагацееш

Нават жыхары суседніх вёсках, дзе многія ішлі працаваць на АЭС, вяртаюцца на працу ў калгас. Кажуць, вельмі моцна скарацілі заробкі апошнім часам.

Касьцёл у Гервятах — пэрліна Астравецкага раёну — за 10 км ад будучай АЭС
Касьцёл у Гервятах — пэрліна Астравецкага раёну — за 10 км ад будучай АЭС

«А нашы то працуюць там, то сыходзяць, — кажа Мікалай Іванавіч, жыхар вёскі Гервяты. — Калі добра плацяць — яны на АЭС, скарачаюць заробкі — ідуць у калгас».

Ён кажа, што працу ў раёне цяпер знайсьці проста. Пытаньне толькі ў заробку. Ягоны знаёмы, 28-гадовы бэтоншчык шостага разраду, атрымаў за апошнюю месячную вахту 1,5 мільёна.

«Праца ёсьць, але моцна ў нас не забагацееш, — кажа Мікалай Іванавіч. — Урэзалі ўсім капітальна, плачуць. Таму едуць у Вільню ці ў Менск».

Мясцовыя кажуць, што палова Гервятаў робіць на будоўлі
Мясцовыя кажуць, што палова Гервятаў робіць на будоўлі

АЭС мясцовыя разглядаюць як працу, якая ніколі ня зьнікне, куды ў любы час можна пайсьці ды зарабіць. А бацькі нават стараюцца аддаць дзяцей ва ўнівэрсытэт, каб тыя потым маглі вярнуцца працаваць на АЭС спэцыялістамі.

Праз будаўніцтва АЭС мясцовыя жыхары могуць зьбяднець

Усьлед за буйной будоўляй і горадам, які расьце, у Астравец прыходзяць і прыватныя інвэстары. У тым ліку — замежныя. Турэцкая кампанія заканчвае новы трохзоркавы гатэль у цэнтры гораду. Польскія й літоўскія інвэстары хочуць пабудаваць тут хлебазавод, малаказавод і мясакамбінат. Таксама палякі прапануюць арганізаваць тут выпуск палімэрных матэрыялаў.

«Да нас едуць без канца, — кажа Адам Кавалька. — Мы разглядаем, на якіх умовах пагадзіцца з інвэстарамі».

Будаўнічыя краны — тыповы астравецкі краявід
Будаўнічыя краны — тыповы астравецкі краявід

У выканкаме не хаваюць свайго аптымізму й называюць будоўлю ў Астраўцы гістарычнай зьявай, пачаткам новай эры ў разьвіцьці гораду. Але эканамісты засьцерагаюць: адно вялікае прадпрыемства на ўвесь рэгіён можа прынесьці й шкоду мясцоваму насельніцтву.

Уладзімер Валетка
Уладзімер Валетка

На думку Ўладзімера Валеткі, старшага дасьледчыка Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў (CASE Belarus) пры такіх вялікіх будоўлях рынак працы на 50–80% займаюць людзі зь іншых рэгіёнаў, а мясцовыя жыхары аказваюцца выключанымі зь яго. І можа ўтварыцца вялікая прорва паміж высокааплатнымі прыежджымі спэцыялістамі й мясцовымі жыхарамі.

«Заўсёды такія вялікія прадпрыемствы складаюць пагрозу стабільнасьці й разьвіцьцю, — кажа Валетка. — Мясцовыя жыхары будуць думаць пра станцыю як пра прывабнае месца працы. І высокія заробкі на ёй будуць замінаць рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, прадпрымальніцкай дзейнасьці».

Ад АЭС да літоўскай мяжы — 25 км
Ад АЭС да літоўскай мяжы — 25 км

На думку Валеткі, будаўніцтва АЭС у рэгіёне - гэта пастка ў пэўным сэнсе. Буйныя прадпрыемствы такога кшталту робяць эканоміку больш слабой і прыступнай для шокаў. Высокія заробкі замінаюць разьвіцьцю экспарту з рэгіёну – прынамсі робяць яго адносна менш канкурэнтаздольным. Як толькі спыніцца попыт на электраэнэргію, гэта створыць пагрозу для ўсяго рэгіёну.

Аднак пры пасьлядоўнай палітыцы мясцовых уладаў ад зьяўленьня АЭС можна ўсё ж такі атрымаць выгаду, лічыць Валетка. Высокія заробкі на атамнай станцыі павінны спрыяць разьвіцьцю сфэры паслугаў.

Каб ня быць залежным ад АЭС, эканаміст раіць разьвіваць гарызантальныя сувязі і транспартныя зносіны зь іншымі рэгіёнамі, каб мясцовыя жыхары не былі прывязаныя да адной лакальнага рынку працы. І гэта пэўны выклік да стратэгічнага бачаньня ўладаў – бо навошта напружвацца, калі ёсць струмень падаткаў з АЭС?

«Застаецца спадзявацца, што нэгатыўны фактар будзе перакрыты пазытыўным. Але на пазытыўны вынік нельга спадзявацца – уладам трэба выпрацаваць стратэгічнае бачаньне», — кажа эканаміст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG