Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выйшла манэта ў гонар паразы расейскага войска пад Воршай


Нацыянальны банк Украіны выпусьціў манэту ў гонар 500-годзьдзя бітвы пад Воршай, у якой войска Расейскай дзяржавы пацярпела паразу ад Вялікага Княства Літоўскага.

«Перамога ў Аршанскай бітве ў 1514 годзе спыніла наступ войскаў вялікага князя маскоўскага Васіля III Іванавіча і мела вялікае міжнароднае значэньне. Войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Канстанцінам Астроскім складалася з польскіх, літоўскіх, украінскіх і беларускіх войскаў», — адзначаецца ў паведамленьні Нацбанку Ўкраіны.

На авэрсе манэты разьмешчаны малы дзяржаўны герб Украіны, справа ад яго — надпіс «Україна». У цэнтры — кампазыцыя з чатырох мячоў, якая сымбалізуе вайсковую судружнасьць чатырох народаў: польскага, літоўскага, беларускага і ўкраінскага. Месца перасячэньня мячоў вянчае стылізаваны вянок з дубовых лiстоў як сымбаль воінскай славы і доблесьці.

На рэвэрсе манэты — сымбалічная кампазыцыя бітвы на аснове стылізаваных фрагмэнтаў палатна «Бітва пад Воршаю», створанага невядомым удзельнікам бітвы, справа — выява князя Канстанціна Астроскага.

У стварэньні манэты ўзялі ўдзел мастакі Уладзімер Таран, Аляксандар і Сяргей Харук, а таксама скульптары Ўладзімер і Анатоль Дзям’яненка.

Бітва пад Воршай — найважнейшы эпізод вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім на рацэ Крапіўне паблізу Воршы. Лічыцца адной з найбольш грандыёзных баталіяў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя. 30-тысячнае войска ВКЛ пасьпяхова супрацьстаяла ўтрая большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку. Перамога дала магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя дагэтуль землі, але і на шэраг гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі ставяць у адзін шэраг з такімі трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд ці Кірхгольм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG