Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля юбілею


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Знакавая падзея ў гісторыі Беларусі — 500-годзьдзе Аршанскай бітвы — прайшло неяк мала заўважна. Не, зразумела, у нацыянальна арыентаваным асяродзьдзі, сярод незалежнага грамадзтва, гэты слаўны юбілей адзначаўся. І незалежныя мэдыі аддалі яму належную ўвагу.

Улады ж амаль не заўважылі гэтай падзеі. Нацыянальны банк да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай выпусьціў памятную манэту, праўда, яе пакуль ніхто ня бачыў. Гэта амаль партызанская акцыя, што вельмі па-беларуску.

Вядомы сваёй прарасейскасьцю прапагандыст Вадзім Гігін у блогу на сайце БелТА надрукаваў матэрыял з красамоўнай назвай «Казкі Крапівенскага поля». Сваё ідэалягічнае непрыняцьце гэтага юбілею ён сфармуляваў так: «Аршанская бітва ўжо даўно стала часткай „ліцьвінскай легенды“, да крайнасьці русафобскай у аснове сваёй. Паводле гэтай канцэпцыі ўся гісторыя Беларусі паўстае як нейкае гіганцкае супрацьстаяньне з Расеяй». І, спасылаючыся на расейскага гісторыка Аляксея Лобіна, Вадзім Гігін паспрабаваў разьвянчаць гістарычнае значэньне Аршанскай бітвы.

Для шырокай супольнасьці гэты юбілей прайшоў незаўважным. Такое стаўленьне да знакавай гістарычнай падзеі найперш тлумачыцца глыбокім расколам беларускага грамадзтва. Як вядома, гісторыя — гэта сучасная палітыка, перакуленая назад. Дзейны рэжым арыентаваны на Расею, незалежнае грамадзтва — на Эўропу.

Але апошнія міжнародныя падзеі, агрэсія Расеі супраць Украіны, здавалася б, павінны былі калі не памяняць, то ў значнай ступені падкарэктаваць увесь дзяржаўны ідэалягічны канструкт. Адчуваньне пагрозы з усходу відавочна прысутнічае ў кіроўных колах Беларусі. Ніколі раней пазыцыя беларускіх дзяржаўных мэдыяў у асьвятленьні вострага міжнароднага крызісу так моцна не адрозьнівалася ад расейскай. І каб неяк засьцерагчыся ад пагрозы з усходу, уладам Беларусі трэба было б выбудоўваць некія ідэалягічныя бастыёны. Але, акрамя таго, што на Дзень Незалежнасьці «не рэкамэндавалі» выкарыстоўваць георгіеўскія стужкі ды яшчэ Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным гэтаму сьвяту, выступіў часткова на беларускай мове, нічога іншага, што можна было б адзначыць як сыгнал уладнай вэртыкалі, не было заўважана.

І праблема тут, на мой погляд, ня толькі ў сіле інэрцыі ідэалягічнай машыны. І ня толькі ў тым, што Лукашэнка баіцца гневу Расеі.

Беларусы, хутчэй, жывуць падзеямі расейскай гісторыі

Важны чыньнік такой млявай рэакцыі на новыя пагрозы — тое, што Лукашэнка баіцца непаразуменьня з уласным электаратам. Бо яшчэ ў савецкія часы ў масавай сьвядомасьці беларусаў уласная гісторыя пачыналася з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лукашэнка ня стаў надта мудрагеліць, ствараць новыя міты, а ўзяў у якасьці ідэалягічнага падмурку свайго рэжыму тое, што было пад рукой, у гістарычнай памяці народа. У выніку за 20 гадоў незалежнага існаваньня гэты інтэрвал гістарычнай памяці яшчэ скараціўся. Цяпер гісторыя Беларусі ў большасьці грамадзян пачынаецца зь Вялікай Айчыннай вайны.

Беларусы, хутчэй, жывуць падзеямі расейскай гісторыі. Калі пакапацца ў іх памяці, то яны ўзгадаюць і Кулікоўскую бітву, і Палтаўскую бітву, і «Айчынную вайну» з Напалеонам. У большасьці беларускіх грамадзян няма і ценю сумненьня, што сьвяткаваць Дзень абаронцаў Айчыны трэба 23 лютага. І слоган расейскага агрэсара «Крым наш» большасьцю беларусаў успрымаецца натуральна, пра што сьведчаць сацыялягічныя апытаньні. Менавіта тое, што большасьць беларускага грамадзтва жыве ў расейскім ідэалягічным полі, абумовіла іх падтрымку пазыцыі Расеі ў яе канфлікце з Украінай. Што зусім не супадае з замежнапалітычнай лініяй афіцыйнага Менску.

І Лукашэнка ў пэўным сэнсе стаў закладнікам як масавай сьвядомасьці, так і ўласнай палітычнай і ідэалягічнай каляіны. Зь якой ня выскачыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG