Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь праз 33 гады пасьля ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў з Ватыканам адкрывае там сваю амбасаду


Аляксандар Лукашэнка езьдзіў на сустрэчу да папы Рымскага з малодшым сынам Мікалаем. 2009 год
Аляксандар Лукашэнка езьдзіў на сустрэчу да папы Рымскага з малодшым сынам Мікалаем. 2009 год

Беларусь і Ватыкан усталявалі дыпляматычныя дачыненьні 11 лістапада 1992 году. З гэтага часу ў Беларусі пачала дзейнічаць Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, але беларускай амбасады пры Сьвятым Пасадзе не было.

Савет міністраў Беларусі ўхваліў рашэньне аб адкрыцьці да 1 верасьня 2025 году амбасады пры Сьвятым Пасадзе (Дзяржава Ватыкан).

Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, урад абавязаў Міністэрства фінансаў прафінансаваць усе расходы, зьвязаныя з адкрыцьцём і ўтрыманьнем амбасады ў Ватыкане.

Беларусь і Ватыкан усталявалі дыпляматычныя дачыненьні 11 лістапада 1992 году. З гэтага часу ў Беларусі пачала дзейнічаць Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь — пастаяннае дыпляматычнае прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў беларускай дзяржаве.

Беларусь жа ў Ватыкане ня мела свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва. Да 2008 году пры Сьвятым Пасадзе прызначалі амбасадарам па сумяшчальніцтве надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Швайцарыі, у 2008–2009 — сталага прадстаўніка пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве, а ў 2009-2013 гадах — намесьніка міністра замежных спраў Беларусі.

Беларускія інтарэсы ў Ватыкане прадстаўлялі Ўладзімер Каралёў (2002-2008) і Сяргей Алейнік (2008-2013).

Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан зь візытам — у 2009 і 2016 гадах. У Беларусь зь візытам прыяжджалі дзяржаўныя сакратары Ватыкану: Тарчызіё Бэртонэ ў 2008-м (тады Лукашэнка перадаў праз герарха афіцыйнае запрашэньне наведаць Беларусь папу Рымскаму — на той час Бэнэдыкту ХVІ) і П’етра Паралін — у 2015 годзе.


Вядома, што ў 2015 годзе папа Рымскі Францішак накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з заклікам вызваліць усіх палітычных вязьняў.

У 2020-м кіраўнік беларускай каталіцкай царквы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта. Яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Арцыбіскупа ўпусьцілі ў Беларусь толькі ў сьнежні 2020 году — імаверна, пасьля ўмяшаньня Ватыкану. У студзені 2021-га Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў на пэнсію.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG