8 верасьня спаўняецца 500 гадоў знакамітай падзеі ў гісторыі Беларусі — бітве пад Воршай. Пра значэньне слаўнай перамогі для гісторыі Беларусі і навейшага нацыянальнага адраджэньня расказваюць беларускія гісторыкі.
Старшыня арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 500-х угодкаў перамогі ў бітве пад Воршай доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч адзначае такія аспэкты гэтай падзеі:
«У той час яна дапамагла беларускаму, ці, як тады казалі, літвінскаму народу адстаяць сваю незалежнасьць. Фактычна была ўстаноўленая тая мяжа, якая цяпер ёсьць паміж Беларусьсю і Смаленскай вобласьцю.
Што тычыцца сучаснасьці, то беларусы мала ведаюць сваю гісторыю. Тым больш такую вайсковую. Але тыя, хто цікавіцца гісторыяй, называюць гэтую бітву Днём беларускай вайсковай славы. І сапраўды, гэтая бітва такога заслугоўвае. Паводле летапісаў, было 30 тысяч нашых ваяроў і 80 тысяч маскоўскіх. І таму цяжка было паверыць у нашу перамогу. Але посьпех быў наш, бо беларусы змагаліся за сваю незалежнасьць».
Гісторык Юрась Бохан прапануе на хвіліну ўявіць, што такой бітвы ў гісторыі не адбылося:
«І тады, магчыма, такой дзяржавы, як Вялікае Княства Літоўскае, у тым выглядзе, у якім мы яе вывучаем, не існавала б увогуле. А паколькі ў рамках ВКЛ акурат у гэты час адбывалася актыўнае ўтварэньне і фармаваньне беларускай народнасьці, то, верагодна, калі б не было ВКЛ, спыніўся б працэс стварэньня беларускай народнасьці. Такім чынам, беларусаў у сучасным разуменьні гэтага слова ў такім выглядзе, у якім мы іх бачым, напэўна, не існавала б увогуле.
Гэтая бітва дазволіла фактычна скончыць гэтую вайну безвынікова. Магчыма, безвынікова для ВКЛ. Але безвынікова і для праціўнікаў. І наступіў пэрыяд міру і адноснага спакою. І менавіта ў гэты час на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, на тэрыторыі Беларусі атрымалі распаўсюджаньне такія станоўчыя зьявы, як кнігадрукаваньне, росквіт культуры, рэнэсанс у мастацтве. Тое, што часам гісторыкі называюць залатым векам».
«Натхняльнай» называе перамогу пад Воршай паўтысячы гадоў таму краязнаўца, протаярэй Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч:
«Яна была сярод тых бітваў, якія змаглі захаваць і адстаяць у вяках нашу старажытную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, як беларускае княства, як гаспадарства. Яна мае вялікае значэньне для адраджэньня нашай Бацькаўшчыны як сапраўды нацыянальнай дзяржавы зь вялікай гісторыяй і вялікай будучыняй. Гэта — натхняльная перамога.
І цяпер, нягледзячы на прыціск нашай такой прамаскоўскай улады, мы адзначаем яе штогод. Гэтымі днямі мы таксама былі на Крапівенскім полі. Там сьвятары разам з нашым архіэпіскапам Сьвятаславам, які прыехаў з Канады, рабілі ўзьнёслыя малітвы менавіта за славу гэтай перамогі. Яна захавала нашу незалежнасьць, нашу самабытнасьць. Бітва пад Воршай паказала, што наша дзяржава мае эўрапейскія характар і значэньне».
Беларускую вайсковую гісторыю нельга зводзіць толькі да перамогі над Масковіяй пад Воршай, — адзначае Юрась Бохан:
«Лічыць, што гэтая бітва была адзінай альбо самай слаўнай перамогай, напэўна, ня варта. Бо ў пэўнай ступені такі падыход зьбядняе гісторыю Беларусі, якая ведае не адну перамогу, ня дзьве, ня тры і нават ня дзесяць.
Але забываць ці ігнараваць яе таксама ня варта. Бо на тле той сытуацыі, якая існавала ў той час у Вялікім Княстве Літоўскім, бітва пад Воршай сапраўды стала цэлай эпохай».