Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: Адзіны кандыдат мае значэньне толькі тады, калі мэта — перамагчы


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Які падыход можна назваць больш слушным і рэалістычным — разглядаць выбары 2015 году як прыступку і этап да наступных змаганьняў ці ўспрымаць іх як рэальны шанец зьмяніць уладу?

Лідэры руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду» — Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў — выказалі сваё стаўленьне да ўдзелу апазыцыі ў будучых выбарах прэзыдэнта, якія павінны прайсьці не пазьней за 20 лістапада 2015 году. Які падыход можна назваць больш слушным і рэалістычным — разглядаць выбары 2015 году як прыступку і этап да наступных змаганьняў ці ўспрымаць іх як рэальны шанец зьмяніць уладу? Ці здольная апазыцыя ў цяперашнім сваім стане аб’яднацца і выйсьці на выбары істотнай палітычнай сілай? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Можна заўважыць, што пасланьні абодвух лідэраў даволі адрозныя. Мілінкевіч лічыць, што апазыцыя павінна ў першую чаргу рыхтавацца да выбараў пасьля Лукашэнкі, і заяўляе, што спачатку трэба вызначыцца з стратэгіяй. Някляеў, у сваю чаргу, кажа, што трэба вызначацца з адзіным кандыдатам, дзеля чаго трэба неадкладна склікаць Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Які падыход вам падаецца больш слушным і рэалістычным — ці разглядаць выбары 2015 году як прыступку і этап да наступных змаганьняў, ці ўспрымаць іх як рэальны шанец зьмяніць уладу?

— Спрэчкі пра тое, што павінна быць раней — адзіны кандыдат ці адзіная стратэгія — мне падаюцца даволі штучнымі і нагадваюць спрэчкі пра тое, што раней — яйка ці курыца. Трэба разумець, што адзіны кандыдат у выбарчай кампаніі выконвае падвойную функцыю. З аднаго боку, гэта сродак і прылада ў руках аб’яднанай апазыцыі, пры дапамозе якой тая атрымлівае электаральную падтрымку ўсяго апазыцыйнага электарату і выходзіць на гэтак званае «балота».

Зь іншага боку, працэс выхаду на адзінага кандыдата і ёсьць уласна працэсам аб’яднаньня апазыцыі. Гэтак было ў Беларусі ў 2001 і асабліва ў 2005 годзе. Але адзіны кандыдат мае значэньне толькі тады, калі ў апазыцыі адзіная мэта — перамагчы. І ў гэтым сэнсе рознасьць падыходаў спадароў Някляева і Мілінкевіча (якія, дарэчы, прадстаўляюць адну кааліцыйную структуру) даволі паказальная.

Калі няма мэты перамагчы ў 2015 годзе электаральна, то тады і «Народны рэфэрэндум», і блёк «Талака» могуць цудоўна праводзіць два паралельныя працэсы выхаду на адзінага кандыдата, якія не прывядуць да зьяўленьня легітымнага ў вачах грамадзтва лідэра дэмакратычнай апазыцыі.

— Але ці мае апазыцыя сілы ставіць пытаньне пра зьмену ўлады? Згодна з пашыранай думкай, беларуская дэмакратычная апазыцыя цяпер у самым незайздросным стане за апошнія гады. Ці здольная яна аб’яднацца і выйсьці на выбары істотнай палітычнай сілай?

— Я б не сказаў, што ўзровень структурнай моцы апазыцыі цяпер якасна адрозьніваецца ад таго, што было, напрыклад, у 2006 ці 2010 годзе. Спрэчкі, якія цяпер адбываюцца ўнутры апазыцыі, збольшага, як мне падаецца, выкліканыя пэрсанальнымі разыходжаньнямі, а не стратэгічнымі.

Умоўна кажучы, ёсьць брак даверу паміж АГП і «Гавары праўду», «Беларускі рух» вельмі крытычна пэрсанальна ставіцца да БНФ і руху «За свабоду», а ў руху «За свабоду» ёсьць дэманстратыўнае нежаданьне супрацоўнічаць з посткамуністамі з «Справядлівага сьвету». Выглядае, што паміж дзьвюма кааліцыямі адбываецца ня пошук пунктаў кансэнсусу, а наадварот, пошук тых рэчаў, якія спрыяюць разыходжаньням. Урэшце, само фармаваньне двух блёкаў («Народны рэфэрэндум» і «Талака») — пазытыўны знак, бо паміж дзьвюма пазыцыямі дамаўляцца заўсёды прасьцей, чым паміж некалькімі дзясяткамі падыходаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG