Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў і Мілінкевіч выступілі з заявамі пра выбары 2015 году


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэры руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду», былыя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 і 2010 гадоў — Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў — выказалі сваё стаўленьне да ўдзелу апазыцыі ў будучых выбарах прэзыдэнта, якія павінны прайсьці не пазьней за 20 лістапада 2015 году.

Заявы прагучалі пасьля сустрэчы палітыкаў у Берасьці, на якой Аляксандар Мілінкевіч і Ўладзімер Някляеў абмеркавалі вынікі стратэгічнага партнэрства ў межах «тройкі» (разам з Партыяй БНФ) з разьлікам на наступныя выбарчыя кампаніі.

Мілінкевіч: Спачатку стратэгія, потым адзіны


Аляксандар Мілінкевіч, якога цытуе прэсавая служба руху «За свабоду», заявіў:

«Калі гаварыць пра прэзыдэнцкія выбары-2015, то я цьвёрда перакананы, што спачатку трэба вызначыцца з мэтамі кампаніі і стратэгіяй пад гэтыя мэты. І тады ўжо думаць пра адзінага кандыдата як пэрсону-рэпрэзэнтанта альтэрнатывы, які будзе здольны рэалізаваць стратэгію. Калі мы ня ведаем, чаго хочам дасягнуць, што будзем рабіць, то ў чым роля адзінага? Тым больш і наяўнасьць яго традыцыйна пад пытаньнем».

Што тычыцца сцэнараў выбараў, то, паводле Мілінкевіча, калькі тут не пасуюць:

«Мэту ўдзелу ў выбарах-2015 я б ставіў такую — павелічэньне аўтарытэту апазыцыі і ўмацаваньне веры ў яе. А таксама — гадаваньне, раскрутка кандыдата-лідэра, які ня будзе заменены, закінуты пасьля выбараў, нібыта гэта скарыстаны прэзэрватыў. Кажу пра такія мэты, бо зразумела, што пры балятаваньні Лукашэнкі ніякіх выбараў ня будзе. Разам з тым тыя самыя Плошчы ў Сэрбіі, ва Ўкраіне ці Грузіі ўдаваліся толькі пасьля электаральнай перамогі, падчас яе абароны. Ці маем мы сёньня грунт для перамогі?»

Мілінкевіч перакананы, што апазыцыя павінна ў першую чаргу рыхтавацца да выбараў пасьля Лукашэнкі, каб на іх перамог праэўрапеец, а ня стаўленік Расеі на замену Лукашэнку, — лічыць старшыня руху «За свабоду»:

«Аптымальны варыянт цяпер — новы, палітычна малады кандыдат-канкурэнт Лукашэнкі. У такім разе мы спалучым два сцэнары — аптымістычны кароткатэрміновы і сярэднетэрміновы. Пры пэўных акалічнасьцях з такім лідэрам можна будзе спадзявацца на перамогу ў 2015-м. Не атрымаецца — варта назапашваць яго іміджавы і электаральны патэнцыял з разьліку на «зацяжны бой».

Някляеў: Спачатку адзіны, стратэгія потым


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«Мы павінны вызначыцца з адзіным кандыдатам. Каб вырашыць гэтае пытаньне і больш да яго не вяртацца, каб далей ужо займацца стратэгіяй і тактыкай будучай кампаніі, маючы ўжо адзінага кандыдата. Для гэтага трэба неадкладна склікаць Кангрэс дэмакратычных сілаў і абраць адзінага кандыдата», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімер Някляеў, кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» і кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010-га году.

«Калі мы бясконца будзем разважаць пра тое, што трэба зрабіць спачатку — ці кандыдата абраць, ці стратэгію вызначыць, — мы ні да чога ня прыйдзем. Кангрэс — гэта рэальнае, што можна зрабіць. Вось я і настойваю на тым, каб ён адбыўся», — кажа палітык.

«Я не лічу выбары 2015-га тэхнічнымі. У 2010-м мы былі блізкія да таго, каб вырашыць праблему ўлады, але з аб’ектыўных прычынаў гэтага не адбылося. У 2015-м мы можам быць яшчэ бліжэй, бо да выбараў будзе ня самая лепшая эканамічная і палітычная сытуацыя», — лічыць Някляеў.

«Ні ў якім разе нельга называць выбары 2015 году тэхнічнымі. Гэта дэзарганізуе апазыцыю. Маўляў, калі гэта тэхнічнае пытаньне, то чаго мы будзем намагацца? Калі гэта тэхнічныя выбары — маўляў, пойдзем зь любой стратэгіяй і зь любой тактыкай. Так падыходзіць нельга».

«Яшчэ ў часе мінулых парлямэнцкіх выбараў я казаў: адна з прычынаў удзелу — гэта магчымасьць праявіцца на гэтых выбарах нейкаму маладому палітыку. Ну, адкуль можа зьявіцца гэты палітык? З канапель ён выскачыць? Ён можа выскачыць з рэальнай палітычнай дзейнасьці. Адзінай дзейнасьцю на сёньняшні дзень зьяўляюцца выбары — якія б яны ні былі... Выбараў няма, але ёсьць палітычная кампанія, у якой можна ўдзельнічаць», — даводзіць сваю пазыцыю Ўладзімер Някляеў.

«Нельга казаць абстрактна, што „патрэбны малады“. Хто канкрэтна? Тады давайце называць імя і ўзважваць шанцы і здольнасьці гэтага чалавека і прымаць рашэньні. Перакананы, што нельга цягнуць з гэтым пытаньнем. Выбары могуць адбыцца раней за лістапад 2015-га. І нават калі ў лістападзе 2015-га, то да іх засталося зусім мала часу, калі думаць сур’ёзна пра гэтую палітычную кампанію».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG