11 студзеня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпускае ў абарачэньне 4 паштовыя маркі з сэрыі «Маляванка», паведамляе тэлеграм-канал Белпошты. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з гісторыка-культурным музэем-запаведнікам «Заслаўе».
На паштовых марках з сэрыі «Маляванка» прадстаўленыя творы Алены Кіш і Язэпа Драздовіча — найбольш вядомых і самабытных беларускіх мастакоў, якія стваралі маляванкі.
Наклад марак — па 30 тысяч. Фота на марках Сяргея Плыткевіча, дызайнэр — Яўгенія Бядонік.
«Маляваныя дываны, яны ж маляванкі — асаблівы від народнага мастацтва Беларусі. Яго адносяць да так званага наіўнага мастацтва — кірунку прымітывізму. Маляванкі ўяўляюць сабой вялікія (да 2 мэтраў) дываны, намаляваныя, як правіла, на даматканым палатне, афарбаваным у чорны колер. Маляванкі атрымалі вялікі распаўсюд у пэрыяд з 1920-х па 1960-я гады. Іх вешалі на сьцены ў дамах для ўпрыгожваньня або як абярэг. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з прычыны разьвіцьця фабрычнай вытворчасьці дываноў.
Сёньня размаляваныя дываны можна ўбачыць у музэях Беларусі. Самая вялікая калекцыя (каля 300 адзінак) знаходзіцца ў зборы гісторыка-культурнага музэю-запаведніка „Заслаўе“», — гаворыцца ў паведамленьні Белпошты.
Другую навінку беларускай філятэліі выдала Польская пошта праз паслугу «Мая марка» (маркі замаўляе не дзяржава і яе паштовая служба, а нейкая прыватная асоба). Гэта маркавы аркуш, прысьвечаны беларускай культуры, паведамляе «Радыё Рацыя».
Маркі прысьвечаныя тром тэмам:
- На першай марцы беларускі «Вольны хор» выконвае песьню «Муры».
- Другая марка прысьвечаная Беларускаму Свабоднаму тэатру. На марцы афіша опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха», разьмешчаная на адным з будынкаў Лёндану, і фінальны выхад украінскіх і беларускіх артыстаў, выканаўцаў опэры.
- Трэцяя марка прысьвечаная Вольным Купалаўцам. На марцы сцэна з паэмы «Дзяды» Адама Міцкевіча ў выкананьні трупы.
На палях аркуша — партрэты Ўладзімера Караткевіча, аўтара кнігі «Дзікае паляваньне караля Стаха» і Адама Міцкевіча, аўтара паэмы «Дзяды».
Форум