Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vae victis!


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Здавалася б, усе ўмовы для вызваленьня Ўладзіслава Баўмгертнэра створаныя, ніякіх падставаў, каб яго трымаць за кратамі, няма. Патрабаваньне беларускіх уладаў аб зьмене ўласьніка «Ўралкалія» выканана, Сулейман Керымаў прадае свае акцыі ў гэтай кампаніі. Ігар Сечын, Аляксей Мілер, Герман Грэф прывезьлі ў Менск падарункі, каб залагодзіць Аляксандра Лукашэнку. Праваахоўныя органы Расеі выказалі гатоўнасьць далучыцца да расьсьледаваньня «калійнай справы». Дзеля гэтага ў Менск прыяжджаў намесьнік генпракурора РФ, а ў панядзелак прыехаў і сам расейскі генпракурор Юрый Чайка.

Да таго ж прага помсты за нанесеную кіраўніцтвам «Уралкалія» псыхалягічную траўму задаволеная. Лукашэнка чарговым разам прадэманстраваў круты нораў, даў адлуп алігархам, што шмат каму ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі спадабалася.

Пра тое, што апошнія падзеі афіцыйны Менск успрымае як перамогу, сьведчыць некалькі фактаў. Перш за ўсё, у чацьвер 19 верасьня кіраўнік Беларусі праз тры тыдні з пачатку канфлікту выступіў нарэшце з разгорнутым камэнтаром гэтых скандальных падзеяў ужо ў статусе трыюмфатара. Адначасова дзяржаўныя мэдыі зладзілі салют з усіх гармат з нагоды гістарычнай перамогі над магутным і падступным ворагам. Такога ўзроўню славаслоўя і патасу на адрас прэзыдэнта і такога маштабу палітычнай траскатні ў Беларусі не было даўно. «Советская Белоруссия» 20 верасьня прысьвяціла перамозе над алігархамі рэдакцыйны артыкул амаль на тры паласы, у якім зроблена фэнамэнальнае адкрыцьцё, годнае Шнобэлеўскай прэміі, што «адзіны эўрапеец у нашай краіне — прэзыдэнт» (?!).

Здавалася б, калі ўжо перамога здабытая, можна праявіць міласэрнасьць да пераможанага суперніка, зьмяніць гнеў на ласку і адпусьціць гэтага няшчаснага Баўмгертнэра.

Мяркуючы па ўсім, Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэч зь Ігарам Сечыным, Аляксеем Мілерам, Германам Грэфам паабяцаў вызваліць гендырэктара «Ўралкалія». Толькі гэтым можна патлумачыць заяву памочніка прэзыдэнта РФ Юрыя Ўшакова 20 верасьня: «Мы чакаем, што гэтага расейскага грамадзяніна (Уладзіслава Баўмгертнэра — Аўт.) перададуць Расеі, ужо трошачкі гэты працэс зацягваецца». Дый сам Лукашэнка ў тым выступе ў чацьвер сказаў: «Калі расейскія сьледчыя будуць зацікаўленыя ў экстрадыцыі адпаведнага затрыманага, то я тут таксама ня бачу асаблівых перашкодаў. Мы абсалютна за яго не трымаемся».

Калі няма перашкодаў і за яго не трымаемся, дык чаму ж вось ужо другая палова серады 25 верасьня, а Ўладзіслаў Баўмгертнэр усё яшчэ сядзіць у СІЗА КДБ?

Магчыма, вядома, беларускія ўлады імкнуцца атрымаць грашовую кампэнсацыю за вызваленьне гэтага вязьня, прымусіць «Уралкалій» аднавіць картэльнае пагадненьне зь «Беларуськаліем». Але, падаецца, гэта не галоўнае. На мой погляд, беларуская палітыка шмат у чым тлумачыцца псыхалёгіяй аднаго чалавека. У гэтай сфэры і трэба шукаць адказу на пастаўленае пытаньне.

Як звычайна, падатлівасьць суперніка Лукашэнка прыняў за слабасьць. А са слабымі размова кароткая. Яму мала перамагчы ворага, трэба абавязкова сьцерці праціўніка ў парашок, растаптаць, размазаць па сьцяне. Таму цяпер для афіцыйнага Менску прынцыпова важна вытрымаць паўзу. Кожны дзень знаходжаньня Ўладзіслава Баўмгертнэра тут за кратамі — гэта дадатковы псыхалягічны допінг ад прыніжэньня прэзыдэнта краіны, якая прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы.
Кожны дзень знаходжаньня Ўладзіслава Баўмгертнэра тут за кратамі — гэта дадатковы псыхалягічны допінг ад прыніжэньня прэзыдэнта краіны, якая прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы.

Вось Лукашэнка прыехаў на саміт АДКБ у Сочы ў статусе пераможцы, каб паглядзець на Пуціна зьверху ўніз, у поўнай меры атрымаць асалоду ад пакорлівасьці расійскага кіраўніцтва. Паводле афіцыйнай інфармацыі, там адбылася сустрэча прэзыдэнтаў сам-насам, абмяркоўвалі калійныя праблемы. А расейская газэта «КоммерсантЪ» паведамляе, што прэзыдэнты сустракаліся нават тры разы.

Чаму Лукашэнка так дамагаецца, каб палітзьняволеныя пісалі прашэньне аб памілаваньні на яго імя? Бо атрымлівае задавальненьне ад чыёйсьці залежнасьці ад ягонай волі, ад магчымасьці вырашаць іх лёс, караць ці мілаваць. А калі просіць вораг, то ён маральна зламаны. Гэта і ёсьць асалода ўлады, своеасаблівы наркотык.

І вось Пуцін яго просіць. Прычым аж тры разы. А ён цягне час і атрымлівае асалоду. Гэта помста за ўсе былыя зьнявагі з боку расейскага кіраўніка. Гэта табе і за «Хроснага бацьку», і за мухі з катлетамі, і за шмат што іншае.

Пасьля сустрэчы ў Сочы мінулі тры дні. Баўмгертнэр сядзіць. А 26 верасьня прэзыдэнт Расеі прыедзе ў Беларусь на сумесныя беларуска-расейскія вучэньні. Няўжо давядзецца яму прасіць яшчэ раз? Ці ўсё ж умова візыту Пуціна — вызваленьне гендырэктара «Ўралкалія»? Але ж пра візыт прэзыдэнта Расеі ўжо абвешчана, адмена яго будзе выглядаць як скандал. Але і знаходжаньне Баўмгертнэра тут за кратамі падчас прыезду Пуціна — таксама скандал.

Паводле паданьня рымскіх гісторыкаў, старажытны Рым, пацярпеўшы паразу ў вайне з галамі, быў вымушаны плаціць кантрыбуцыю. Калі рымляне абурыліся занадта цяжкімі гірамі, якімі пераможцы ўзважвалі іхняе золата, гальскі правадыр паклаў на шалі з гірамі яшчэ і свой меч, усклікнуўшы: «Vae victis!» — «Гора пераможаным!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG