Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і як скончыцца калійная вайна?


Арышт Уладзіслава Баўмгертнэра
Арышт Уладзіслава Баўмгертнэра
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін нарэшце сам-насам абмеркавалі канфлікт вакол «Уралкалія». Пра што яны дамовіліся? Чаму беларускія ўлады не вызваляюць Уладзіслава Баўмгертнэра? Якія пэрспэктывы ўлагоджваньня канфлікту?

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін з Масквы і аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў зь Менску.


Ці дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы?


Валер Карбалевіч: «Напярэдадні саміту АДКБ у Сочы можна было бачыць дзіўныя манэўры, якія распачаў Крэмль. 18 верасьня прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітры Пяскоў паведаміў, што прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін можа сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам „на палях“ саміту АДКБ. Але ўжо 20 верасьня памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ўшакоў заявіў: „Пакуль двухбаковай сустрэчы (Пуціна і Лукашэнкі — Аўт.) у Сочы не плянуецца“. І пры гэтым як бы між іншым дадаў: „Мы чакаем, што гэтага расейскага грамадзяніна (Уладзіслава Баўмгертнэра — Аўт.) перададуць Расеі, ужо трошачкі гэты працэс зацягваецца“.

Уладзімер Жарыхін
Уладзімер Жарыхін
Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ўсё ж адбылася. Паводле газэты „КоммерсантЪ“, яны сустракаліся нават тры разы. І абмяркоўвалі калійныя праблемы, як праінфармаваў прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Пяскоў. Пра што яны дамовіліся? Ці не дамовіліся? Як можна пракамэнтаваць сам факт сустрэчы?»

Уладзімер Жарыхін: «У Расеі большасьць палітолягаў трактавалі гэты канфлікт як спрэчку гаспадарчых суб’ектаў. Вялікай палітыкі ў ім няма. Паколькі Беларусь — дзяржава-карпарацыя, то страты дзяржаўнай кампаніі „Беларуськалій“ разглядаюцца беларускім кіраўніцтвам як страты краіны ў цэлым. А значыць, кіраўніцтва „Ўралкалія“, з гледзішча Менску, зьдзейсьніла крымінальнае злачынства, калі расейская кампанія выйшла з БКК. У выніку галоўны акцыянэр „Уралкалія“ Керымаў прадае свае актывы, якія аказаліся вельмі гарачымі. Думаю, на сустрэчы прэзыдэнтаў было канстатавана, што канфлікт паступова затухае.

У гэтым праблема эканамічных узаемаадносін. У Расеі існуе алігархічны капіталізм, фінансава-прамысловыя групы дзейнічаюць досыць незалежна. А Беларусь — дзяржава-карпарацыя. Калі б гэта быў канфлікт паміж прыватнымі кампаніямі, то ён бы вырашаўся ў лёнданскім ці стакгольмскім судзе. А канфлікт паміж прыватнай кампаніяй „Уралкалій“ і дзяржаўнай кампаніяй „Беларуськалій“ вырашаецца з дапамогай Сьледчага камітэту».

Андрэй Елісееў: «На мой погляд, ад самага пачатку гэты канфлікт займеў міждзяржаўны характар. Бо з расейскага боку ў абарону Баўмгертнэра выступілі галоўны санітарны лекар РФ Анішчанка, віцэ-прэм’ер Дварковіч і іншыя афіцыйныя асобы.

Ці дасягнулі паразуменьня Пуцін і Лукашэнка, мы даведаемся бліжэйшымі днямі. Калі Баўмгертнэра вызваляць, то, значыць, дамова адбылася, а калі не, то бакі не паразумеліся.

Лукашэнка ў гэтай справе паставіў Пуціна ў нязручнае становішча. З аднаго боку, прэзыдэнту Расеі не выпадае абараняць прыватную кампанію, інтарэсы алігарха. А зь іншага боку, калі топ-мэнэджэр адной з найбуйнейшых расейскіх кампаній апынуўся ў замежнай турме, то яго трэба бараніць. Гэтым тлумачыцца тое, што з расейскага боку чуваць рэзкія заявы афіцыйных асобаў. І адначасова Пуцін адзначыў, што ня трэба выпінаць гэтую праблему».


На якіх умовах будзе вызвалены Баўмгертнэр?


Карбалевіч: «У мінулы чацьвер Лукашэнка заявіў, што Баўмгертнэр можа быць вызвалены, для гэтага няма ніякіх перашкодаў. Але сёньня ўжо аўторак, але гендырэктар „Уралкалія“ застаецца ў менскай турме. Цяпер дзеля яго вызваленьня ў Менск прыехаў нават генэральны пракурор Расеі Чайка. Чаму не вызваляюць Баўмгертнэра? Чаго дамагаецца Менск?»
Менск хацеў бы аднавіць існаваньне збытавога картэля паміж „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“, можа пад новай назвай. Думаю, Расея тут пойдзе насустрач

Жарыхін: «Думаю, увесь канфлікт ляжыць у плашчыні эканамічных інтарэсаў. Беларускі бок бачыць, што самастойна вярнуць ранейшыя высокія цэны на калій на ўсясьветным рынку ня можа. Таму Менск хацеў бы аднавіць існаваньне збытавога картэля паміж „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“, можа пад новай назвай. Думаю, Расея тут пойдзе насустрач. Гульні Керымава па, скажам шчыра, несяброўскім паглынаньні „Беларуськалія“ з дапамогай абвалу ўсясьветных цэнаў на калій скончыліся. І калі такі картэль будзе адноўлены, то і Баўмгертнэр апынецца на волі ў сябе на радзіме».

Елісееў: «Сумняюся, што можа быць адноўлена паўнавартаснае супрацоўніцтва паміж „Уралкаліем“ і „Беларуськаліем“, нават калі ў расейскай кампаніі зьменіцца галоўны акцыянэр. Бо давер паміж былымі саюзьнікамі вельмі падарваны. Беларусь цяпер шчырымі і няшчырымі мэтадамі гуляе супраць „Уралкалія“. Выказваньні Лукашэнкі, што расейская кампанія — банкрут, гэта спроба падарваць становішча „Ўралкалія“ на ўсясьветным рынку калію.

Умова беларускага боку для вызваленьня Баўмгертнэра — кампэнсацыя „Ўралкаліем“ стратаў, якія нанесены „Беларуськалію“. Альбо крымінальны перасьлед Баўмгертнэра ў Расеі. Ці выдзяленьне Беларусі новага крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС».


Ці прыедзе Пуцін на вайсковыя вучэньні?


Карбалевіч: «26 верасьня ў Беларусі заканчваюцца сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні, на якія мае прыехаць Пуцін. Ці можа чыньнік Баўмгертнэра перашкодзіць гэтаму візыту?»

Жарыхін: «Вядома, Баўмгертнэр займае высокую пасаду. Але ён не настолькі важная асоба, каб сур’ёзным чынам паўплываць на міждзяржаўныя беларуска-расейскія адносіны.

Але ўрок з гэтага канфлікту павінна атрымаць і Беларусь. Чым далей будзе разьвівацца працэс эканамічнай інтэграцыі ў межах Эўразійскага зьвязу, тым цяжэй будзе Беларусі адстойваць сваю мадэль дзяржавы-карпарацыі. І невыпадкова Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС выстаўляе ўмовай выдзяленьня крэдыту масавую прыватызацыю. Бо па меры інтэграцыі будуць усё больш узьнікаць супярэчнасьці паміж эканамічнымі мадэлямі».

Елісееў: «Канчатковай дамоўленасьці наконт такога візыту Пуціна не было. Расейскі бок два тыдні таму толькі паведамляў, што такі візыт прэзыдэнта Расеі можа адбыцца. Вучэньні скончацца праз два дні. І па ўсім відаць, што гэтым разам Пуцін не прыедзе. Цяжка сказаць, ці зьвязана гэта з «справай Баўмгертнэра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG