Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Дымавая заслона


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Тры тыдні з моманту арышту гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра Лукашэнка не камэнтаваў гэты скандал. Для чалавека, якога хлебам не кармі, але дай апынуцца ў цэнтры замежных інфармацыйных нагодаў, гэта, відаць, было цяжкае выпрабаваньне. Справа ж аказалася рэзананснай, вартай увагі ўсясьветных мэдыяў. А Лукашэнка ўпарта маўчаў.

І вось нарэшце загаварыў. Як заўсёды, калі чалавек доўга трымае ў сабе патрэбу выказацца, эмоцыі вырваліся інфармацыйным выбухам. Лукашэнка выйшаў на трыбуну тады, калі стала відавочна, што ён атрымлівае палітычную, псыхалягічную перавагу, а Пуцін ня хоча ўвязвацца ў гэтую калійную вайну. Цяпер можна прыняць акт аб капітуляцыі і кіраваць парадам перамогі. І адначасова паўстаць перад электаратам як лідэр, які пасьпяхова абараніў краіну ад расейскай алігархічнай навалы («Выціраць ногі аб нас нікому не дазволена!»). Названы і вораг, які вінаваты ў відавочных эканамічных цяжкасьцях Беларусі.

Шмат увагі ў сваім выступе Лукашэнка надаў дыскрэдытацыі «Ўралкалія» і яго цяперашніх гаспадароў. Маўляў, расейская кампанія банкрут, уся ў пазыках, яна займаецца «ліпавай справаздачнасьцю». «Ёсьць інфармацыя пра тое, што ў іх у мінусе 12 млрд даляраў, а ў плюсе ўсяго два», — сказаў беларускі кіраўнік. Складаецца поўнае ўражаньне, што гэтыя лічбы ён прывёў экспромтам, дзеля прыгажосьці думкі і з-за любові да палітычнага мастацтва. Лукашэнка так робіць часта. Бо ён адзіны чалавек у краіне, які не адказвае за свае словы.

Каб ужо напэўна апынуцца ў цэнтры ўвагі замежных мэдыяў, трэба было сказаць нешта такое, што выходзіць па-за межы беларуска-расейскага калійнага канфлікту. І ён прыдумаў: «Я даручыў адпаведным органам зьвязацца зь Лёнданскай і Маскоўскай біржамі, каб папярэдзіць пра тое, што адбываецца (з „Уралкаліем“. — Аўт.)… Будуць яны правяраць ці ня будуць — гэта ўжо іх справа, але мне здаецца, што Лёнданская біржа, атрымаўшы падобную інфармацыю, наагул ахне». (Аўдытарскія кампаніі, якія правяралі «Ўралкалій», тут жа абверглі гэтыя заявы Лукашэнкі).

Затым кіраўнік Беларусі, выкрываючы падступныя задуіы Керымава і кампаніі, паведаміў: «Гаспадарам „Уралкалія“ хаваць свае праблемы станавілася ўсё цяжэй. І, падобна, гэтыя біржавыя махінатары хацелі разьвязаць іх за кошт „Беларуськалія“. Прыхапіць беларускае прадпрыемства, павысіць капіталізацыю сваіх актываў і разам разьвязаць усе праблемы».
Калі «Ўралкалій» банкрут, то дзе ж яго гаспадары возьмуць грошы, каб купіць «Беларуськалій»?

І тут выходзіць першая няўвязка. Калі «Ўралкалій» банкрут, то дзе ж яго гаспадары возьмуць грошы, каб купіць «Беларуськалій»? Сума трэба вялікая. Лукашэнка просіць за «Беларуськалій» 30–32 млрд даляраў. Паводле ягонай інфармацыі, Керымаў гатовы быў купіць за палову гэтай сумы. Калі кампанія «ў мінусе 12 млрд даляраў», то які ж банк дасьць такому безнадзейнаму банкруту 15 млрд даляраў крэдыту?

Яшчэ адно супярэчлівае цьверджаньне: «Гэтая дымавая заслона (выхад „Уралкалія“ з БКК. — Аўт.) патрэбная была для абвалу рынку, каб схаваць свае праблемы, якія на самой справе паўсталі задоўга да таго. Можа, у гэтым і была галоўная задума афёры».

Але якім чынам, абваліўшы ўласную капіталізацыю, можна схаваць праблемы закрэдытаванасьці? Здаецца, наадварот: калі кампанія перажывае фінансавыя цяжкасьці, то любое скарачэньне даходаў і кошту акцыяў толькі абвастрае ўсе праблемы.

Лукашэнка не шкадуе колераў, каб паказаць усю адыёзную сутнасьць «жулікаў і прайдзісьветаў», то бок гаспадароў «Уралкалія». Ён сьцьвярджае, што яны нанесьлі вялізарную шкоду, гаворка ідзе пра «шматмільярдную суму грошай, страчаных Беларусьсю і Расеяй». Прычым, на ягоную думку, «Расеі нанесены значна большыя страты, чым Беларусі».
Вось глядзіце, у Беларусі змагаюцца з алігархамі-злодзеямі, а ў Расеі ім патураюць

Але малаверагодна, што РФ пачне крымінальны перасьлед Керымава, Баўмгертнэра і іншых. Бо відавочных юрыдычных падстаў для гэтага няма. І калі Баўмгертнэр будзе перададзены расейскаму правасудзьдзю, яго хутка вызваляць. Лукашэнка гэта разумее. І загадзя рыхтуецца паставіць расейскае кіраўніцтва ў няёмкае становішча. Маўляў, вось глядзіце, у Беларусі змагаюцца з алігархамі-злодзеямі, а ў Расеі ім патураюць. Такім чынам, Лукашэнка ставіць Пуціна ў сытуацыю, кажучы шахматнай мовай, цугцвангу. То бок для яго любы ход дрэнны. Знаходжаньне Баўмгертнэра ў беларускай турме — дрэнна, бо зьневажае Расею, якая павінна бараніць сваіх бізнэсоўцаў. Вызваленьне гендырэктара «Ўралкалія» з расейскай турмы — таксама дрэнна, бо малюе Пуціна абаронцам алігархаў-злодзеяў.

Лукашэнка заканчвае свой сьпіч спадзяваньнем на аднаўленьне супрацоўніцтва з «Уралкаліем», калі там зьявіцца новы гаспадар. І адначасова заяўляе: «Нанесеная Беларусі шкода павінна быць пакрыта цалкам: усё, што было скрадзена ў нас, павінна быць вернута да капейкі». І тут узьнікае пытаньне: хто павінен кампэнсаваць шкоду? Старыя гаспадары ці новыя? Ні тыя, ні другія не прызнаюць, што нешта вінны Беларусі. Якім чынам, выстаўляючы такое патрабаваньне, Менск разьлічвае на аднаўленьне супрацоўніцтва з «Уралкаліем»?

Падаецца, што ўся прамова Лукашэнкі — гэта суцэльная прапагандысцкая дымавая заслона, якая павінна заблытаць сапраўдны зьмест гэтага калійнага канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG