Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Актывіст прайграў чарговы суд супраць КДБ


Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў
26 жніўня Магілёўскі абласны суд не знайшоў падставаў, каб скасаваць афіцыйнае папярэджаньне, вынесенае Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі сябру аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алегу Аксёнаву. Калегія абласнога суду, такім чынам, пакінула ў сіле вырак Ленінскага раённага суду Магілёва.

Актывіст зьбіраецца абскарджваць і пастанову абласнога суду. Ён лічыць, што судовыя рашэньні і вынесенае яму папярэджаньне супярэчаць канстытуцыі Беларусі.

Алег Аксёнаў: «У абласным судзе мне далі зразумець, што вынесенае папярэджаньне не абмяжоўвае маіх правоў і свабодаў. Я ж даводзіў, што папярэджаньне лічу пакараньнем і яно абмяжоўвае мае правы. У КДБ ж мне ня проста так вынесьлі папярэджаньне. Яны вінавацяць мяне ў тым, што я выступаю нібыта ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Хоць арганізацыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“ такой няма, а ёсьць толькі аргкамітэт, але КДБ гэта не цікавіць. Мне такім чынам абмяжоўваюць права ўдзельнічаць у грамадзка-палітычным жыцьці краіны».

Паводле актывіста, калегія абласнога суду пры разглядзе скаргі не адрэагавала на адно з патрабаваньняў, якое тычылася артыкула ў Крымінальным кодэксе «Аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Аксёнаў зьвяртаўся да суду, каб той вызначыў, ці адпавядае гэты артыкул канстытуцыйным нормам.

19 красавіка абласная ўправа КДБ вынесла Алегу Аксёнаву папярэджаньне на падставе знойдзеных у інтэрнэце публікацыяў пра мерапрыемствы, у якіх удзельнічаў ад імя БХД актывіст. Вынесенае папярэджаньне тлумачылася як прэвэнтыўная мера, каб прадухіліць магчымую крымінальную адказнасьць актывіста за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG