Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская зброя трапіла ў Лібію: да эмбарга ці пасьля?


Муамар Кадафі зь візытам у Менску, лістапад 2008-га.
Муамар Кадафі зь візытам у Менску, лістапад 2008-га.
Лібійскія паўстанцы знайшлі ў будынку былых спэцслужбаў каталёг беларускай фірмы-гандляра зброяй «Белтэхэкспарт». Знаходка дала падставу зноў загаварыць пра тое, што Беларусь можа гандляваць зброяй у абыход рэзалюцыі ААН.

Зэнітны проціракетны комплекс «Тунгуска» — гэта яшчэ савецкая зброя, комплекс мадэрнізуецца ў Беларусі і карыстаецца вялікім попытам, асабліва ў гарачых кропках Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Лібійскія паўстанцы знайшлі ў быдынку сваёй выведкі шмат сакрэтных дакумэнтаў, і сярод іх — рэклямныя буклеты зброі, якую прапануе «Белтэхэкспарт».

Для беларускага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна ня ёсьць сакрэтам тое, што такі гандаль вёўся і даволі актыўна:

«Нічога сэнсацыйнага тут няма. Наш Менскі трактарны завод вырабляў гэтыя „Тунгускі“, дакладней шасі для іх. І нашы адмыслоўцы абслугоўвалі гэтыя сыстэмы. Гэтаксама як і расейцы. А сродкі супрацьпаветранай абароны лібійцы куплялі ў французаў, італьянцаў, швайцарцаў і швэдаў. Ды і былой савецкай зброі там на мільярды даляраў. Мяркую, проста францускую дакумэнтацыю, як і іншых краінаў, яны не агалосілі».

Першыя мірныя акцыі пратэсту супраць Муамара Кадафі, які правіў Лібіяй 42 гады, пачаліся яшчэ ў лютым і сустрэлі жорсткі адказ уладаў. Прыкладам, вядома пра сотні загінулых жыхароў мяцежнага гораду Місурата ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў і снайпэрскага агню. Калі паўстаньне перарасло фактычна ў грамадзянскую вайну, ААН увяло эмбарга на пастаўкі ў Лібію зброі, матывуючы гэта тым, што яе могуць выкарыстаць супраць мірных жыхароў. Цяпер у мэдыях і інтэрнэце шмат хто задае пытаньне, ці не пастаўляла Беларусь зброю ў Лібію ўжо пасьля ўвядзеньня эмбарга? Аляксандар Алесін канчатковага адказу пакуль ня бачыць:
Мяркую, проста францускую дакумэнтацыю, як і іншых краінаў, яны не агалосілі.

«Мяркую, раней усе пастаўлялі туды зброю. І Францыя, і Італія. Пытаньне ў тым, да ўвядзеньня санкцыяй ці пасьля. Вядома, што апошнія адмыслоўцы з Расеі адтуль зьяжджалі ў красавіку. Мяркую, што прыкладна ў такі ж час і нашы адтуль зьяжджалі».

Ці шмат было адмыслоўцаў зь Беларусі ў Лібіі? Гэтыя дадзеныя засакрэчаныя, і таму дакладнай лічбы ніхто не назаве. Паводле суразмоўцы, які адзін час працаваў у Лібіі, у іхнай беларуска-лібійскай фірме было менш як дзесяць супрацоўнікаў зь Беларусі. Фірма месьцілася ў сталіцы, Трыпалі, і займалася пастаўкамі рознай беларускай тэхнікі, але сярод пазыцыяў былі й засакрэчаныя. Такім чынам шарагоўцы маглі толькі здагадвацца, што гаворка магла ісьці пра зброю альбо камплектуючыя для вайсковай тэхнікі. Яшчэ беларусы працавалі ў горадзе Сэпха на поўдні краіны, дзе месьцілася вайсковая авіябаза. Там па кантрактах працавалі таксама расейцы, украінцы — рамантавалі тэхніку, абслугоўвалі, аказвалі іншыя паслугі. Варта адзначыць, што Сэпха знаходзіцца на шляху зь Лібіі ў Чад і Судан, дзе ідуць працяглыя вайсковыя канфлікты. А яшчэ горад дагэтуль фігуруе ў зводках навінаў як апорны пункт, які ня здаўся паўстанцам.

Паводле майго суразмоўцы, ягоныя былыя калегі-беларусы былі эвакуяваныя зь Лібіі яшчэ ў сакавіку, калі там пачаліся сапраўды драматычныя падзеі. Але што да людзей, занятых на сакрэтных заданьнях, тут суразмоўца нічога сказаць ня змог. Ён толькі згадаў, што працаваў у Лібіі тры гады таму, і за той час адбылося некалькі важных падзеяў, якія ўмацавалі лібійска-беларускія дачыненьні. У тым ліку — візыт Муамара Кадафі ў Менск.

Дык ці спынілі пастаўшчыкі беларускай зброі ў Лібію сваю дзейнасьць пасьля таго, як ААН увяла эмбарга на такія пастаўкі? Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных даў Свабодзе такі камэнтар:

«Той факт, што Рэспубліка Беларусь супрацоўнічае зь іншымі краінамі ў гэтай галіне і дзейнічае строга і выключна ў адпаведнасьці з санкцыямі Рады бясьпекі ААН, ні ў каго ў сьвеце не выклікае па вялікім рахунку сумневу. Пад сумнеў гэты бясспрэчны факт спрабуюць паставіць толькі асобныя журналісты, якія спрабуюць сабраць нэгатыўны матэрыял на Беларусь».

Падазрэньні пра пастаўкі беларускай зброі ў гарачыя кропкі сьвету сапраўды ўзьнікаюць не ўпершыню. Падобныя падазрэньні гучалі адносна Іраку, Югаславіі, Судана, Калюмбіі ды іншых месцаў, дзе лілася кроў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG