Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь гандлявала зброяй


Паводле дадзеных швэдзкага дасьледчага цэнтру Sipri ў 1997-2001 гадах Беларусь ўваходзіла ў дзесятку найбуйнейшых у сьвеце экспартэраў зброі.

Паводле ацэнак цэнтру, даходы Беларусі ад гэтага гандлю складалі за 2001 год прыкладна 1.5 мільярда даляраў. Паводле экспэртаў, значная частка беларускага збройнага экспарту прыпадала на краіны, дзе парушаюцца правы чалавека: Емэн, Уганда, Пэру, Ангола. Акрамя таго, Беларусь абвінавачвалася ў пастаўках зброі ў краіны, якія знаходзіліся пад санкцыямі ААН – Ірак, Іран, Самалі.

Паводле зьвестак амэрыканскага ўраду, увосень 2001 году ў Беларусі прайшлі падрыхтоўку афіцэры з Іраку, якія праходзілі навучаньне для працы на зэнітна-ракетным комплексе С-300.

У 2003 годзе, пасьля апэрацыі кааліцыі на чале з ЗША ў Іраку, былі абнародаваныя дакумэнты пра вайсковае супрацоўніцтва Беларусі з рэжымам Садама Хусэйна. У 2004 годзе была апублікаваная справаздача ЦРУ ЗША, у якой апісвалася гэтае нелегальнае супрацоўніцтва, “беларуская дапамога з радарамі, лязэрнай тэхналёгіяй, мэталюргіяй і электроннымі спосабамі вядзеньня вайны былі ключавымі пунктамі супрацоўніцтва”, – адзначалася ў справаздачы. У ёй пералічаліся ключавыя асобы зь беларускага боку, адказныя за гэты гандаль.

У прэамбуле закону, прынятага ў 2009 годзе кангрэсам ЗША – "Акт аб уліку беларускіх паставак узбраеньняў 2009" (The Belarus Arms Transfers Accountability Act of 2009) – сьцьвярджалася, што ў пэрыяд 1999-2006 гг. Беларусь зарабіла на экспарце ўзбраеньняў як мінімум 1 мільярд даляраў, і што Беларусь зьяўляецца буйным пастаўніком ракетаў, мінамётаў, супрацьтанкавай зброі і мінаў экстрэмісцкім групоўкам і дзяржавам, якія падтрымліваюць тэрарызм, такім як Іран і Судан. а таксама верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сыстэмаў і бронетэхнікі расейскай прадукцыі ўраду Судану, танкаў камуністычнаму рэжыму ў Паўночнай Карэі, вайсковых самалётаў і авіяцыйных рухавікоў у Іран. Дакумэнт таксама згадваў супрацоўніцтва Беларусі ў сфэры паставак зброі з Вэнэсуэлай ды Іранам і дапускаў магчымасьць, што Беларусь можа прадаваць Ірану расейскія ракетныя комплексы С-300.

У міжнародным друку часта зьяўлялася інфармацыя пра пастаўкі беларускай зброі ў “гарачыя кропкі” канфліктаў, у краіны, гандаль зброяй зь якімі забаронены рашэньнямі ААН, а таксама тэрарыстычным групоўкам.

У прыватнасьці, зьяўляліся паведамленьні пра беларускія пастаўкі зброі палестынскім тэрарыстычным групоўкам, а таксама калюмбійскім тэрарыстам з групоўкі FARC.

У 2006 годзе ў гэзэце International Herald Tribune паведамлялася
са спасылкай на дадзеныя брытанскага выданьня Jane’s Defence International пра пастаўкі зброі зь Беларусі палестынскім групоўкам, а таксама Сірыі ды Ірану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG