З вынікаў 2024 году ён адзначыў правядзеньне адзінага дня галасаваньня — выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы, фармаваньне новага складу Ўсебеларускага народнага сходу, а таксама палёт беларускай касмантаўткі — «першага касманаўта сувэрэннай Беларусі».
Лейтматывам выступу Лукашэнкі быў мір. Да гэтай тэмы на працягу кароткай прамовы ён вяртаўся некалькі разоў:
- «Нам патрэбны мір, нам больш нічога ня трэба. Нам трэба выдужаць, каб чарговы раз наша Беларусь ня стала полем бітвы моцных сьвету гэтага».
- «Мы ўпэўнена ішлі да сваіх мараў і мэтаў, але галоўнае — пад чыстым небам».
- «У год васьмідзесяцігодзьдзя вялікай перамогі для нас, нашчадкаў пераможцаў — справа гонару захаваць запаведаны нам мір».
Выбары 2025 году Лукашэнка таксама закрануў, сказаўшы: «Зусім хутка нам трэба будзе выбіраць будучыню дзяржавы. Мы ўсе жадаем, каб яна была пасьпяховай і шчасьлівай. І абавязкова мірнай».
У выніках выбараў Лукашэнка сумневу ня мае і таму агучыў пэрспэктыву на бліжэйшыя 5 гадоў. Паводле яго «наступная пяцігодка ў нашай краіне будзе пяцігодкай якасьці. Кожны яе год мы прысьвяцім аднаму найважнейшаму напрамку. Пачнём з году добраўпарадкаваньня краіны».
2025 год мог быць «Годам беларускай мовы» — пра гэта летась казаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты. «Канчатковае рашэньне не прынятае, але прынамсі ўжо прэзыдэнт пра гэта сказаў, што ў нас будзе пяцігодка якасьці, але адным з варыянтаў шматлікіх, чаму прысьвяціць 2025 год, быў Год беларускай мовы», — казаў чыноўнік. Выглядае, Лукашэнка вырашыў інакш — 2025-ы год ён назваў «годам добраўпарадкаваньня».
Форум