Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская павіншавала суграмадзян з Новым годам: «Мы ўсёй сям’ёй будуем наш агульны дом, дзе беларус беларусу беларус». ВІДЭА


Сьвятлана Ціханоўская ў навагоднім звароце
Сьвятлана Ціханоўская ў навагоднім звароце

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская перад наступленьнем Новага 2025 году зьвярнулася да беларусаў у відэафармаце.

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская ўдзяліла найбольшую ўвагу сямейным традыцыям і доўгаму чаканьню беларусамі таго дня, калі ўсе зьбяруцца разам.

Яна заклікала не адварочвацца ад беларушчыны, любіць адно аднаго і разам працаваць на стварэньне будучыні.

«Новы год звычайна быў для беларусаў сямейным сьвятам. У гэты дзень сваякі з усіх куткоў краіны зьбіраліся разам. Вярталіся з камандзіровак, адкладалі падрыхтоўку да сэсіі, адмянялі працоўныя сустрэчы. Усё для таго, каб сустрэць Новы год у коле самых блізкіх, у цяпле сям’і. Зімовыя сьвяты — час упрыгожваньня ялінкі, гатаваньня страваў, выбару падарункаў, загадваньня жаданьняў. Год за годам, забыўшыся пра сваркі і разыходжаньні, мы сустракалі Новы год за адным сталом. Але цяпер гэта часта немагчыма».

Паводле Ціханоўскай, апошнія чатыры гады сталі для многіх беларусаў сапраўдным выпрабаваньнем: спачатку цяжкасьці гуртавалі людзей, але паступова камунікаваць адно з адным станавілася ўсе складаней. Адны працягваюць крытыкаваць рэжым, іншыя пазьбягаюць размоваў пра палітыку. А хтосьці вымушана зьехаў, бо адкрыта выказваў сваё меркаваньне.

«Блізкія людзі сумуюць адно па адным — і з надзеяй чакаюць часу, калі іх ня будуць разьдзяляць сотні кілямэтраў. Мы тэлефануем бацькам кожны тыдзень, дасылаем дзецям фатаздымкі хатніх жывёл, плянуем сустрэчы раз на год, просім знаёмых перадаць закаткі. Але гэтыя маленькія жэсты клопату не заменяць сапраўдную сям’ю. Сям’ю, якой сёньня дзяржава перашкаджае быць разам».

Паводле Ціханоўскай, 30 гадоў дыктатуры прымусілі людзей сумнявацца і спрачацца адно з адным. Людзі адчуваюць страх застацца незразумелымі, боль і стомленасьць.

Але беларусаў аб’ядноўваюць смак бабуліных дранікаў зранку, глязураваных сыркоў і марозіва «Каштан», грукат колаў электравіка па дарозе на дачу, мяркуе Ціханоўская:

«Мы зьвязаныя паездкамі ў Белавескую пушчу, сьвяткаваньнем Купальля, паходамі ў лес у грыбы. Нас яднаюць матуліны калыханкі і песьня Дзеда-Барадзеда, журавіны ў цукры, спрэчкі пра лепшую згушчонку і школьныя экскурсіі ў Мірскі замак. Нас аб’ядноўваюць наш край і наш нораў. Наш агульны дом, імя якому Беларусь.

Наша сям’я — гэта ня толькі людзі, родныя нам па крыві. Гэта нашыя сваякі, сябры, нашыя калегі і суседзі. Гэта і ёсьць сапраўдная сутнасьць нашага народу — бачыць блізкіх ва ўсіх беларусах навокал. Бачыць чужое гора як сваё і імкнуцца дапамагаць адно аднаму. Выручаць суседзяў падчас ліпеньскай паводкі. Даглядаць дзяцей палітвязьняў. А тых, хто выйшаў, падтрымліваць пасьля гадоў калёніі. Зьбіраць на лекі цяжкахворым. Дапамагаць сем’ям, якія зьехалі, інтэгравацца ў новае асяродзьдзе. Яднацца супраць беззаконьня і гвалту».

Ціханоўская заявіла, што ўсе беларусы хочуць аднаго: быць разам, побач са сваімі блізкімі:

«Жыць бяз страху за свабоду. Мы ўсе хочам будучыні бяз гвалту, ціску і перасьледу. Будучыні, дзе дзяцей вучаць гуманнасьці, а не рыхтуюць да вайны. Будучыні, дзе мы самі выбіраем і будуем сваё жыцьцё.

Наш шлях цярністы і заблытаны, але мы, як сапраўдная сям’я, яго пераадолеем. Падтрымлівайце адно аднаго, нягледзячы на ўсе перашкоды. І вы ніколі не застаняцеся адны. Мы ўсёй сям’ёй будуем наш агульны дом. Дом, дзе беларус беларусу беларус!»

Карыстальнікі зь Беларусі паведамлялі Свабодзе і іншым СМІ, што падчас навагодняга звароту Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі зноў былі праблемы з працай YouTube, а таксама агульныя праблемы з доступам да інтэрнэту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG