У гісторыі:
1919 — былі апублікаваныя маніфэст аб стварэньні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) і асноўныя палажэньні яе дзяржаўнага статусу. Аднак неўзабаве гэтая бальшавіцкай квазідзяржава, створаная ў адказ на існаваньне БНР, была ператвораная ў Літоўска-Беларускую ССР (Літбел), якая перастала існаваць у сувязі наступам польскіх войскаў і акупацыяй тэрыторыі Беларусі летам 1919 году. Паўторна гэтая беларуская савецкая рэспубліка ўжо пад назвай БССР была абвешчана 31 ліпеня 1920 году пасьля сыходу палякаў зь Менску.
1919 — у Вільні адчынілася беларуская гімназія (працавала да 1944 году).
1927 — савецкія карныя органы арыштавалі беларускага драматурга Францішка Аляхновіча і на 10 гадоў выслалі яго на Салаўкі. Але ў 1933-м Аляхновіча абмянялі на вязьня польскай турмы, палітыка і мовазнаўцу Браніслава Тарашкевіча. Пра сваё знаходжаньне ў ГУЛАГу Аляхновіч напіша кнігу «Ў капцюрох ГПУ», якая адразу будзе перакладзеная на эўрапейскія мовы і стане першым публічным сьведчаньнем сталінскага палітвязьня.
1929 — у Менску адкрылі Акадэмію навук БССР. Яе стварылі на базе Інстытуту беларускае культуры, заснаванага ў 1922 годзе.
1933 — у Вільні пачала выходзіць газэта «Родны край».
1956 – адбылася першая перадача тэлевізійнага цэнтру ў Менску.
1967 – заснавана галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.
1990 — створаны Слонімскі драматычны тэатар.
1999 — запушчаны ў абарот эўра.
У гэты дзень нарадзіліся:
1467 — Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.
1746 — Францішак Богуш, філёзаф і пісьменьнік.
1861 – Яўхім Карскі, беларускі філёляг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.
1904 — Мечыслаў Багаткевіч, сьвятар-пакутнік, блаславёны.
1909 — Сьцяпан Андруховіч, мастак, партрэтыст Янкі Купалы.
1909 – Сьцяпан Бандэра, украінскі палітычны дзеяч, лідэр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.
1920 – Барыс Рагуля, дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў 1940-я, адзін з кіраўнікоў Зьвязу Беларускай Моладзі, пасьля вайны на эміграцыі (Бэльгія, Канада), з 1971 году намесьнік старшыні Рады БНР.
1923 — Віктар Грамыка, жывапісец, народны мастак Беларусі.
1927 — Кастусь Рамановіч, дзяяч беларускага супраціву, вязень ГУЛАГу.
1928 — Алесь Юршэвіч, дзяяч беларускага супраціву, вязень ГУЛАГу.
1936 — Анатоль Кудравец, пісьменьнік.
1937 – Станіслаў Багданкевіч, эканаміст і палітык, старшыня Нацыянальнага банку Беларусі ў 1991-1995 гадах, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў 1995-2000 гадах.
1938 – Данута Бічэль-Загнетава, беларуская паэтка.
1945 – Вольга Іпатава, беларуская пісьменьніца, аўтарка гістарычных раманаў.
1948 — Уладзімер Дарохін, кампазытар.
1952 – Юры Захаранка, беларускі палітык, зьніклы ў 1999 годзе.
1958 — Рыгор Сітніца, мастак.
1959 — Ніна Здановіч, археоляг і гісторык,
1960 — Антоні Дзям’янка, каталіцкі дзяяч.
1960 — Тацяна Шаметавец, балерына.
1961 – Ігар Гермянчук, беларускі журналіст, выдавец, грамадзкі дзяяч, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня, рэдактар газэты «Свабода».
1968 – Ігар Карней, журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Ад ліпеня 2023 знаходзіцца за кратамі.