Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцім будзеш?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс падчас візыту ў Маскву заявіў, што Вэнэсуэла ў хуткім часе прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Яшчэ заўчора Чавэс наведваў Беларусь.

Ці не азначае гэта, што ў хуткім часе ўсьлед за Нікарагуа і Вэнэсуэлай бунтоўныя грузінскія аўтаноміі прызнае і Беларусь?

Зусім не азначае. Тое, што Расея зацікаўленая ў такім прызнаньні з боку Беларусі – відавочная ісьціна. Апошні раз пра гэта казаў у жніўні расейскі прэм’ер Уладзімір Пуцін: маўляў, паколькі Беларусь і Расея ў саюзнай дзяржаве, то прызнаньне Цхінвалу і Сухумі з боку Менску было б натуральным. Таксама зразумела, што некаторыя праблемы ў двухбаковых адносінах былі б імгненна вырашаныя, калі б Беларусь апынулася ў цёплай кампаніі Расеі, Нікарагуа, а цяпер вось ужо і Вэнэсуэлы.

Аднак пасьля леташняга жніўня шмат разоў гучалі прагнозы, што Лукашэнка прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю вось-вось, ня сёньня, дык заўтра. Але гэтае заўтра ўсё ніяк не надыходзіла. І гэта прымушае ставіцца да такога тыпу прагнозаў з асьцярожнасьцю.

Варыянту прызнаньня ня варта скідаць з рахункаў, але чаму менавіта зараз, усьлед за Чавэсам? Вось гэта наўрад ці. Можна нават пэўна сказаць, што менавіта цяпер – не. Паводле прымаўкі, талакой лягчэй і бацьку біць. А вось рабіць важныя і пры гэтым вельмі контравэрсійныя крокі, спадзеючыся атрымаць за іх нешта важкае і істотнае, лепш рабіць падкрэсьлена асобна. Трываць больш за год, каб цяпер пабегчы за “сябрам Уга” – гэта неяк згубіць гонар, паставіць сябе ў стасунках з Масквой на прыступку ніжэй за Чавэса. Усё ж адносіны Расеі з вэнэсуэльскім правадыром хаця й цёплыя, але параўнальна далёкія. І ад прызнаньня ня стануць братэрскімі. Ну прададуць дадаткова зброі на мільярдзік-другі, гэтак жа, як узнагародзілі за прызнаньне Нікарагуа, – гэтым усё і абмяжуецца.

Ну а калі Лукашэнка зробіць тое самае адразу пасьля Чавэса, то гэта не павысіць, а панізіць цану і гэтага кроку, і самога беларуска-расейскага “братэрства”, якое шмат гадоў было ці не галоўным палітычным капіталам беларускага кіраўніка.

Такое прызнаньне магло б здарыцца, прычым незалежна ад рашэньняў усіх Чавэсаў і Артэгаў, калі б сытуацыя ў беларускай эканоміцы была літаральна на мяжы краху. Але мы так прызвычаіліся да пэсымістычных прагнозаў і ацэнак, што часам страчваем здольнасьць успрымаць ступені кепскага.

Сытуацыя ў беларускай эканоміцы кепская. Хто б спрачаўся? Але не настолькі, каб... Ну няма эканамічнай катастрофы, калі казаць без мэтафараў. Так, з сустрэчы Лукашэнкі зь Мядзьведзевым у Сочы пачаўся, здаецца, пэрыяд пэўнага пацяпленьня пасьля летніх “замаразкаў”. Але Лукашэнка пакуль нават не падпісаў пагадненьне аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ, што паабяцаў у Сочы. І здаваць галоўную пазыцыю – неяк ні з чым ня вяжацца.

Да таго ж відавочна, што прызнаньне Менскам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі калі не закрые, то вельмі ўскладніць для Беларусі супрацоўніцтва з Эўропай у рамках “Усходняга партнэрства” і па-за гэтымі рамкамі. Так, Эўропа наўпрост грошай не дае, але грошы МВФ, дзе вырашальны голас належыць краінам Захаду, нічым ня горшыя за расейскія. І вось у кампаніі з Нікарагуа і Вэнэсуэлай грошай фонду можна больш і ня ўбачыць.

Наколькі супрацоўніцтва Беларусі з аб’яднанай Эўропай плённае, сказаць цяжка, бо значная частка гэтага ўзаемадзеяньня адбываецца празь “ціхую дыпляматыю”. Яе праявамі зьяўляюцца і нядаўняе гасьцяваньне кіраўніка літоўскага МЗС Вігаўдаса Ушацкаса, і загадкавы візыт у Менск патрыярха нямецкай дыпляматыі, былога міністра замежных справаў Нямеччыны Ганса-Дытрыха Геншэра. Гэтая паездка ахутаная шчыльнай заслонай сакрэтнасьці, ад якіх бы там ні было камэнтароў па сутнасьці справы адмаўляюцца ўсе зацікаўленыя бакі. Некалькі гадоў таму мне давялося размаўляць зь нямецкімі дыпляматамі аб магчымасьцях дыялёгу паміж Менскам і аб’яднанай Эўропай. І ў размове ўсплыў варыянт, каб да працэсу далучыўся менавіта Геншэр. “Не, – сказаў адзін з маіх суразмоўцаў, – Геншэр надта даражыць сваёй рэпутацыяй і аўтарытэтам, ён будзе гуляць толькі ў бяспройгрышную гульню з гарантаваным вынікам”.

Тады гульня такой не выглядала. Якой яна стала цяпер, мяркуйце самі. Геншэр у Менску. І цяпер Лукашэнка прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Мяркую, што для камбінацыі “на трох” ён аддасьць перавагу іншым партнэрам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG