Урад спадзяецца, што з дапамогай зьнешніх пазыкаў можна перажыць праблемы, якія ўзьніклі перад эканомікай, нічога не мяняючы па сутнасьці, не пераходзячы ад адміністрацыйнай да больш эфэктыўнай рынкавай мадэлі разьвіцьця. Гэта глыбінныя памылкі ўраду. І, відавочна, трэба мяняць склад гэтага ўраду.
Пастанова закранула інтарэсы ў тым ліку і прыватнага «паддашнага» бізнэсу, у якім зацікаўленыя вельмі многія чыноўнікі вышэйшага рангу. Паколькі гэта закранула інтарэсы і іх, а ня толькі малых і сярэдніх прадпрымальнікаў, гэта так імгненна было скасавана. Я б не назваў гэтую сытуацыю хаосам. Але ўрад і кіраўніцтва краіны ў гэтых няпростых эканамічных умовах з усё большай цяжкасьцю прымаюць рашэньні.
Тыя лабісты, якія хацелі рэалізаваць такую пастанову, рыхтавалі вельмі цяжкую сытуацыю для ўсёй эканомікі Беларусі. Мы не змаглі б з дапамогай такіх дзіўных дзеяньняў рэалізаваць таварныя запасы, павялічыць эфэктыўнасьць зьнешняга і ўнутранага гандлю.Таму тыя, хто лабіраваў гэтую пастанову, прайгралі. І Лукашэнка даволі хутка зразумеў, што трэба рэзка мяняць сытуацыю, то бок вярнуцца да існай сыстэмы.
Самы просты адказ ляжыць на паверхні, бо гэтая пастанова была цалкам абсурдная. Яна пагражала паралізаваць эканоміку, і з гледзішча здаровага сэнсу яе трэба было элемэнтарна адразу адмяняць, калі ўжо такая памылка зроблена. Тут, на мой погляд, іншае пытаньне — чаму яна ўвогуле зьявілася?
Цяпер узьнікаюць і нарастаюць супярэчнасьці ва ўзаемаадносінах і ў бачаньнях пэрспэктываў разьвіцьця эканомікі з боку адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду. Мне здаецца, што ў гэтай сытуацыі наогул ніхто зь іх ня ведае, як і што трэба рабіць, і таму ўрад мае нейкія свае візіі, прэзыдэнт — свае. І ў дадзеным выпадку проста візія прэзыдэнта была ў тым, каб як мага хутчэй скасаваць пастанову ўраду.
Пакуль што наш “доўгайграюшчы” прэм’ер хутчэй за ўсё застанецца на пасадзе і хутчэй за ўсё застанецца нават да часу прэзыдэнцкіх выбараў. Не такая вялікая вага такога папулісцкага жэсту, як адстаўка ўраду, цяпер, у пэрыяд крызісу. Значна больш ачкоў надасьць дзейнаму рэжыму дэманстрацыя таго, што ў нас ўсё ж такі стабільнасьць, і ўрад трымаецца — гэта было б больш карысным.
"ПРА БЕДНЫ ЎРАД ЗАМОЎЦЕ СЛОВА"