Іна Студзінская, Менск Упершыню беларускія заўзятары футболу пачулі камэнтары па-беларуску ў 1982 годзе. Першым беларускамоўным камэнтатарам быў супрацоўнік рэдакцыі вяшчаньня для дзяцей Беларускага тэлебачаньня, аматар футболу Алесь Камароўскі. Потым яго падтрымалі Ўладзімер Навіцкі, Сяргей Новікаў... Цяпер, на жаль, вельмі рэдка можна пачуць камэнтары па-беларуску, і тое толькі па тэлеканале "Лад". Маладыя камэнтатары скардзяцца, што няма, маўляў, слоўніку, тэрміны незразумелыя. І нават тыя дасьведчаныя, хто раней нядрэнна камэнтаваў па-беларуску, перайшлі на расейскую мову. Вялікі аматар футболу, выпускнік Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Багдан Арлоў вырашыў дапамагчы камэнтатарам і спартовым журналістам – узяўся за стварэньне расейска-беларускага слоўніку футбольных тэрмінаў.