Эмігранты ня могуць прыехаць дадому зь меркаваньняў бясьпекі, а любыя ўгоды з жыльлём з 2023 году па беларускім законе можна ажыцьцяўляць толькі ўнутры краіны. Як вынік, кватэры арыштоўваюць і прадаюць, зь іх высяляюць кватарантаў і апячатваюць.
Пра гэта шмат перадавалі мэдыя, у тым ліку і Радыё Свабода, аднак ВВС паведамляе некалькі дадатковых аспэктаў гэтай палітыкі.
Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.
Накладзены арышт. Уваход забаронены
Сьвятлана (яна просіць ня ўказваць свайго поўнага імя, баючыся за сваю бясьпеку), лекарка зь Беларусі, цяпер жыве ў Польшчы. Гэтым летам яна некалькі тыдняў шукала чалавека, які адважыўся б схадзіць у пад’езд яе дома, зрабіць і даслаць ёй фота — яе знаёмыя, якія засталіся ў Менску, баяліся нават гэтага. Адзін чалавек усё ж знайшоўся. На фатаграфіі відаць, што дзьверы кватэры Сьвятланы ў Менску заварылі мэталічнай плянкай — цяпер адчыніць яе немагчыма. На дзьвярах павесілі аб’яву — на маёмасьць накладзены арышт.
Сьвятлана доўга жыла ў Расеі. Езьдзіла ў Менск на адну з самых вялікіх акцый супраць Аляксандра Лукашэнкі 16 жніўня 2020 году, у наступныя гады праводзіла пікеты ля будынка амбасады Беларусі ў РФ. У 2022 годзе Сьвятлана і яе сям’я зьехалі ў Польшчу, там яна працягнула выходзіць на акцыі беларускай апазыцыі.
Сьвятлана здавала кватэру свайму знаёмаму за сымбалічную, кажа яна, плату. Кватарант аплочваў камунальныя паслугі і пераводзіў невялікую суму яе маці.
Яго выселілі сілавікі і нават далі час сабраць рэчы. «Гэта ўжо рэдкасьць, проста пашанцавала, — камэнтуе Сьвятлана. — Мне вядомыя выпадкі, калі дзьверы заварвалі проста з рэчамі і дакумэнтамі тых, хто там жыў». Даведацца ў кватаранта нейкія дадатковыя падрабязнасьці немагчыма — ён даў сілавікам падпіску аб неразгалошваньні.
Прадам кватэру. Ляяльны
У эмігрантаў няма спосабаў абараніць сваю нерухомасьць, якая засталася ў Беларусі. Юрыст Міхаіл Кірылюк расказвае, што яму вядомыя выпадкі, калі людзі на свой страх і рызыку езьдзілі на радзіму праз Расею — так больш шанцаў, што пры праходжаньні памежнага кантролю іх імя ня будзе ў сьпісах перасьледаваных. Пры гэтым жытло яны прадавалі ў тэрміновым рэжыме — гэта значыць, як правіла, са зьніжкай.
Кірылюк кажа, што калі такія ўгоды прызнаюць несапраўднымі, то пацярпяць ня столькі эмігранты, колькі пакупнікі жытла, якія застаюцца ў Беларусі і, прынамсі публічна, ня супраць Лукашэнкі.
Людзі, якія эмігравалі, думаюць, што калі яны атрымалі пашпарты іншых краін, гэта можа абараніць іх ад перасьледу. Але гэта ня так. Сакратар асацыяцыі беларусаў у аўстралійскім Пэрце Арцём Лядоўскі сказаў ВВС, што аўстралйскія ўлады наўпрост папрасілі людзей з двума грамадзянствамі не наведваць Беларусь — ужыць дыпляматыю ў выпадку іх арышту будзе амаль немагчыма.
«У нас там бацькі, маёмасьць, нехта здае яе ў арэнду, нехта атрымлівае спадчыну. І дзеля таго каб правесьці звычайную ўгоду, трэба яшчэ і паказаць сваю ляяльнасьць. Трызьненьне нейкае», — кажа Лядоўскі.
Ён расказвае, што на традыцыйнай сустрэчы эмігрантаў высьветлілася, што аднаму з чальцоў супольнасьці трэба зьезьдзіць у Беларусь дзеля ўгоды зь нерухомасьцю. Гэта стала галоўнай тэмай сустрэчы. «А ты свае сацсеткі чытаў, а раптам лейтэнант ужо даўно скрыншоты зрабіў?» — казалі яму эмігранты.
Форум