Складанасьці зь перасячэньнем мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу ўзьніклі пасьля таго, як адносіны паміж краінамі рэзка пагоршыліся, а ўрады Польшчы, Латвіі і Літвы закрылі большасьць памежных пераходаў. Прычынай гэтага сталі пасьлявыбарныя рэпрэсіі, мігранцкі крызіс, а таксама саўдзел афіцыйнага Менску ў вайне Расеі супраць Украіны.
Па стане на раніцу 19 верасьня ў пункце пропуску «Берасьце» на выезд зь Беларусі стаялі 130 легкавых аўтамабіляў і 21 аўтобус. У выходныя дні гэтая колькасьць значна павялічваецца. У канцы жніўня на гэтым жа пункце пропуску фіксавалі да 108 аўтобусаў і 480 аўтамабіляў у чарзе на выезд зь Беларусі.
Беларуская мытня тлумачыць прычыны ўтварэньня вялікіх чэргаў маруднай працай польскіх памежнікаў і мытнікаў. Паводле беларускага ведамства, «польскі бок ігнаруе нормы пропуску, тысячы турыстаў мусяць знаходзіцца ў аўтобусах у чаканьні выезду».
Чыгуначны пасажырскі рух паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу спыніўся з пачаткам пандэміі каранавірусу ў 2020 годзе. На гэты момант ён так і не аднавіўся. Ня дзейнічае таксама паветраны шлях, гэта стала наступствам прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у траўні 2021 году ў Менску.
Дабрацца ад Менску да Варшавы ці Вільні, акрамя прыватнага аўтамабіля, можна аўтобусам. Цэны на квіткі — ад 110 да 170 рублёў. Перавозчыкі абяцаюць каля 11-12 гадзін у дарозе да Варшавы і прыкладна 6-8 да Вільні. Аднак праз чэргі час у дарозе можа значна павялічыцца.
Пераплаты за «падсадку»
Беларуска Натальля (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя па іх просьбе дзеля бясьпекі. — РС) тры гады жыве ў Польшчы. Увесь гэты час яна не бачыла сваёй маці-пэнсіянэркі, бо ня можа вярнуцца ў Беларусь праз вялікую верагоднасьць перасьледу. Маці Натальлі доўгі час не магла зрабіць візу праз праблемы з запісам на падачу дакумэнтаў. Па словах Натальлі, гэта ўдалося вырашыць толькі з дапамогай пасярэднікаў, чые паслугі каштавалі пэнсіянэрцы 800 рублёў.
На беларуска-польскай мяжы маці Натальлі трапіла ў вялізную, каля 60 аўтобусаў, чаргу.
«Сьпёка, доўгае чаканьне. Маці 70 гадоў, у яе куча захворваньняў. Яна даведалася, што можна перасесьці ў першы ад шлягбаўма аўтобус, але гэта каштуе 100 рублёў. Я кажу: «Плаці, здароўе даражэйшае», — расказвае Натальля.
Міжнародны аўтадарожны пункт пропуску «Берасьце» і польскі «Тарэспаль» на гэты момант зьяўляюцца адзіным памежным пераходам для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на польска-беларускай мяжы. Паводле сьведчаньняў тых, хто празь яго езьдзіць, тут утварылася так званая «бытавая карупцыя», калі людзі вымушаныя плаціць за месца для аўтамабіля ў чарзе ці за перасадку ў аўтобус, які знаходзіцца бліжэй да пункту пропуску.
Беларус Максім расказаў Свабодзе, што днямі ехаў маршрутам Менск — Варшава. Даехаўшы да мяжы, ён перасеў у першы ў чарзе аўтобус, заплаціўшы кіроўцу, як ён сказаў, 40 эўра гатоўкай. Максім кажа, што калі б застаўся ў сваім аўтобусе, які быў недзе трыццатым у чарзе, то яшчэ дзень стаяў бы на мяжы.
«Там цяпер такая своеасаблівая карусэль. Людзі з апошніх аўтобусаў ідуць у першыя, плацяць грошы, перасаджваюцца. Адпаведна, калі „апошнія“ аўтобусы прасоўваюцца бліжэй да мяжы, то яны становяцца пустымі. І так яно цяпер дзейнічае», — патлумачыў Максім.
Беларуска Марыя падзялілася іншым папулярным спосабам падарожнічаць зь Беларусі ў Польшчу. Яна не плаціла двойчы за аўтобус, а прыехала на цягніку да Берасьця, дзе ўзяла таксоўку да мяжы і адразу пайшла ў першы аўтобус.
«Так, заплаціла за падсадку, але не двойчы, а адзін раз», — расказвае яна. Марыя дадала, што яна плаціла 50 эўра.
Новы спосаб праверкі тэлефонаў
Натальля часам езьдзіць зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу. Яе прозьвішча ёсьць у так званых «сьпісах нядобранадзейных» — людзей, якія пасьля выбараў 2020 году затрымліваліся за ўдзел у пратэстах. Часта фігурантаў такіх спісаў на мяжы адводзяць у асобнае памяшканьне для гутаркі, падчас якой задаюць пытаньні, просяць разблякаваць тэлефон, праглядаюць яго зьмест. Людзей у цывільным, якія не заўсёды прадстаўляюцца, цікавяць сацыяльныя сеткі чалавека, фота і відэа, а таксама пошукавыя запыты.
«Усе, і я таксама, даўно прызвычаіліся да такіх гутарак і агляду тэлефона. Таму „крамолы“ ў маім апараце няма, я старанна ўсё правяраю і чышчу. Гэтым разам мяне завялі на гутарку, задавалі пытаньні кшталту „Як вы ставіцеся да дзейнай улады“ і іншыя. Але тэлефон, на дзіва, не праглядалі. Не гарталі, як раней, сацыяльных сетак», — падзялілася Натальля.
Паводле яе, пакуль адзін з супрацоўнікаў размаўляў зь ёй, тэлефон проста паклалі на стале побач з кампутарам, за якім сядзеў іншы чалавек.
«Склалася ўражаньне, што з тэлефона счытвалі інфармацыю іншай прыладай. Я дакладна не магу сказаць, ці падключалі яго да кампутара праз провад», — кажа суразмоўца.
Па словах Натальлі, яе знаёмыя, якія таксама езьдзяць празь мяжу і праходзяць працэдуру «гутарак», расказалі, што таксама зьдзівіліся новаўвядзеньням. Іх тэлефоны, як і ў выпадку Натальлі, не праглядалі, а клалі побач зь нейкім прыборам. Інфармацыю аб тым, што мабільныя прылады беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну з Эўразьвязу, правяраюць з дапамогай невядомага абсталяваньня, Свабодзе падцьвердзілі і ў суполцы «Кібэрпартызанаў». Там пакуль не гатовыя падрабязна пракамэнтаваць новаўвядзеньне і яго прычыны.
Супрацоўнік IT-сфэры Павал расказаў у камэнтары Свабодзе, што тэарэтычна такім чынам можна пабачыць зьмесьціва тэлефона, але не з дапамогай бесправадных тэхналёгіяў, а праз USB-кабель.
«Такім чынам робяць адбітак, вобраз сыстэмы тэлефона для далейшага падрабязнага аналізу. У тым ліку — выдаленых файлаў. Абавязкова запісваюць IMEI (унікальны нумар. — РС) апарата, а гэта ўжо прывязка па нумару і білінгу. Тэлефон могуць праглядзець з дапамогай адмысловага праграмнага забесьпячэньня, яго называюць праграмна-апаратным комплексам», — патлумачыў Павал.
Суразмоўца мяркуе, што такія новаўвядзеньні могуць рабіцца дзеля аптымізацыі часу. Інфармацыю з тэлефона спампуюць, а пасьля прагледзяць усё яго зьмесьціва асобна.
Форум