Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ спадзяецца на справядлівыя выбары ў Грузіі, але згадвае і «беларускі сцэнар»


Амбасадар ЭЗ у Грузіі Павал Герчынскі
Амбасадар ЭЗ у Грузіі Павал Герчынскі

«Эўразьвяз можа разгледзець магчымасьць часовага прыпыненьня бязьвізавага рэжыму з Грузіяй, калі парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка ў краіне, якая зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ, ня будуць свабоднымі, справядлівымі і мірнымі», — заявіў у пятніцу амбасадар ЭЗ у Тбілісі Павал Герчынскі.

Яго словы прыводзіць «Голас Амэрыкі».

Адносіны паміж Грузіяй і Захадам у апошнія месяцы пагоршыліся. ЗША і краіны ЭЗ абвінавачваюць грузінскі ўрад у аўтарытарных тэндэнцыях і правядзеньні прарасейскага курсу.

«Разглядаюцца ўсе варыянты, уключаючы часовае прыпыненьне бязьвізавага рэжыму з Грузіяй», — сказаў Герчынскі сёньня.

З 2017 года грамадзяне Грузіі могуць наведваць краіны Шэнгенскай зоны ЭЗ без візы і знаходзіцца там да 90 дзён.

«Калі выбары ў Грузіі не будуць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі, то ЭЗ можа прыняць меры, аналягічныя тым, што былі прынятыя ў дачыненьні да Беларусі, аўтарытарнага саюзьніка Расеі, які знаходзіцца пад санкцыямі пасьля выбараў 2020 года, якія, паводле ацэнак заходніх краін і беларускіх апазыцыянэраў, былі фальсыфікаваныя», — растлумачыў амбасадар ЭЗ.

Кіруючая ў Грузіі партыя «Грузінская мара» заяўляе, што хацела б, каб краіна ўступіла і ў ЭЗ, і ў NATO, аднак за апошнія два гады яна зрабіла крокі па ўмацаваньні адносінаў з Масквой.

Мільярдэр Бідзіна Іванішвілі, былы прэм’ер-міністар Грузіі, якога многія лічаць самым уплывовым чалавекам у краіне, абвінаваціў Захад у спробах уцягнуць Грузію ў вайну з Расеяй.

На мінулым тыдні Іванішвілі прапанаваў прынесьці прабачэньні за расейска-грузінскую вайну 2008 года, падчас якой Масква прызнала незалежнасьць двух рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

У сьнежні мінулага году ЭЗ надаў Грузіі статус кандыдата, аднак яе заяўка на сяброўства была фактычна замарожаная пасьля таго, як у чэрвені Тбілісі ўхваліў Закон аб замежных агентах, які, як падкрэсьліваюць заходнія краіны, мае аўтарытарны характар і інсьпіраваны Расеяй.

Акрамя таго, на Захадзе крытыкуюць законапраект аб «сямейных каштоўнасьцях», які абмяжоўвае правы ЛГБТ+. Гэты законапраект быў ухвалены грузінскімі заканадаўцамі на гэтым тыдні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG