Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кудасава і Шакель сталі ляўрэаткамі прэміі Натальлі Арсеньневай


Журы прэміі сёньня вызначылася з найлепшымі кнігамі паэзіі за 2022 і 2023 гады.

Пра гэта паведамляе «Беларускі ПЭН».

Пераможцай за 2022 год стала Наста Кудасава з кнігай «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»).

За 2023 год ляўрэаткай стала Ганна Шакель з кнігай «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»).

Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 20 верасьня ў варшаўскім Моладзевым хабе.

Наста Кудасава, беларуская паэтка. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Адтрымала адукацыю на філфаку БДУ, скончыла магістратуру БДУ па спэцыяльнасьці «Літаратуразнаўства». Займаецца выхаваннем дваіх дзяцей: сына Ягора і дачкі Марыі. У пэрыядычных выданьнях вершы друкуюе з 1999 году («Наша Ніва», «Літаратурная Беларусь», «Дзеяслоў», «Маладосьць», «Верасень» і інш.). Аўтарка кнігаў паэзіі «Лісьце маіх рук» (Логвінаў, 2006), «Рыбы» (2013), «Маё невымаўля» (2016), «Вясна. Вуснам цесна» (2021). Асобныя творы перакладзены на ангельскую, украінскую, расейскую, польскую, чэскую і баўгарскую мовы.

Ганна Шакель — беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў 1998 годзе ў Маладзечне. Атрымала адукацыю ў МДЛУ. Навучалася ў Беларускім Калегіюме і Школе маладога літаратара «W/Rights». Публікавалася ў выданьнях «Маладосьць» і «Дзеяслоў». У 2022 годзе творы Ганны Шакель увайшлі ў «Анталёгію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». Асобныя творы перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, украінскую, нарвэскую мовы.

Як нагадваеБеларускі ПЭН, паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Натальлі Арсеньневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасьць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і літаратуры.

Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў, якія выступаюць за падтрымку і разьвіцьцё беларускай літаратурнай традыцыі. Партнэрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст. Моладзевы хаб падтрымаў правядзеньне цырымоніі і стаў яе партнэрам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG