Людзі займаюцца пераліваньнем крыві ад маладых людзей, чысьцяць кроў, робяць ўколы камлёвых клетак, сьпяць у баракамэры, экспэрымэнтуюць з крыятэрапіяй, апраменьваюцца інфрачырвоным сьвятлом, катуюць сябе холадам, галадаюць.
Тым часам большасьць экспэртаў у галіне старэньня скептычна ставяцца да думкі, што названыя спосабы сур’ёзна павялічаць працягласьць жыцьця. Экспэрты лічаць, што практыкуючы некалькі простых правіл паводзінаў, многія людзі могуць жыць здаравей і даўжэй, дасягаючы 80, 90 і нават 100 гадоў у добрай фізычнай і псыхічнай форме.
Газэта The New York Times сабрала сем парад ад герыятраў.
1. Больш рухайцеся
Трэба падтрымліваць фізычную актыўнасьць. Дасьледаваньне за дасьледаваньнем паказваюць, што фізычныя практыкаваньні зьмяншаюць рызыку заўчаснай сьмерці.
Фізычная актыўнасьць падтрымлівае здароўе сэрца і сыстэмы кровазвароту, а таксама забясьпечвае абарону ад шматлікіх хранічных захворваньняў, у тым ліку псыхічных. Гэта таксама ўмацоўвае мышцы, што зьніжае рызыку падзеньня у пажылых людзей.
«Калі мы патрацім частку свайго дарослага жыцьця на нарошчваньне мышачнай масы, сілы, балянсу і цягавітасьці сардэчна-сасудзістай сыстэмы, то старэньне мы пачынаем з больш моцнай пазыцыі для ўсяго, што павінна адбыцца», — кажа доктарка Ганна Чанг, прафэсар мэдыцыны Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска.
Найлепшае практыкаваньне — любы занятак, які вам падабаецца і да якога вы будзеце рэгулярна вяртацца, прычым бязь лішняй нагрузкі. Амэрыканская кардыялягічная асацыяцыя рэкамэндуе 150 хвілін практыкаваньняў сярэдняй інтэнсіўнасьці ў тыдзень, а гэта азначае, што шпацыр крыху больш за 20 хвілін у дзень будзе вельмі карысным і дастатковым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы пацьвердзілі: 2-хвілінныя актыўныя трэнаваньні могуць мець вялікую карысьць для здароўя2. Ежце больш садавіны і гародніны
Экспэрты не рэкамэндуюць адну канкрэтную дыету, але раяць есьці памяркоўна, імкнуцца да большай колькасьці садавіны і гародніны і меншай колькасьці апрацаваных харчовых прадуктаў.
Міжземнаморская дыета, у якой перавага аддаецца сьвежым і цельназерневым прадуктам, бабовым, арэхам, рыбе і аліўкаваму алею, лічыцца добрай мадэльлю здаровага харчаваньня. Даўно даказана, што яна зьніжае рызыку сардэчных захворваньняў, раку, дыябэту і дэмэнцыі.
Некаторыя экспэрты кажуць, што падтрыманьне здаровай вагі важнае для даўгалецьця, але, напрыклад, прафэсар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Джон Роў сьцьвярджае, што лішняя вага не выклікае ў яго занепакоенасьці, асабліва калі людзі ўступаюць у пажылы ўзрост.
«Я заўсёды больш турбуюся аб сваіх пацыентах, якія схуднелі, чым аб пацыентах, якія набралі вагу», — кажа прафэсар Роў.
3. Высыпайцеся
Сон мы часта выпускаем з-пад увагі, але ён адыгрывае важную ролю ў здаровым старэньні. Дасьледаваньні паказалі, што сярэдняя працягласьць сну, якую чалавек мае кожную ноч, карэлюецца з рызыкай сьмерці ад любой прычыны, і што пастаянны якасны сон можа падоўжыць жыцьцё чалавека на некалькі гадоў.
Сон, відаць, асабліва важны для здароўя мозгу: дасьледаваньне 2021 году паказала, што людзі, якія спалі менш за пяць гадзін у суткі, мелі падвойную рызыку разьвіцьця дэмэнцыі.
«Па меры таго, як людзі старэюць, ім трэба больш сну, а ня менш», — кажа прафэсар Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега Элісан Мур.
Звычайна рэкамэндуецца спаць ад сямі да дзевяці гадзін.
4. Не паліце і ня піце занадта шмат
Гэта само сабой зразумела, але курэньне павялічвае рызыку ўзьнікненьня ўсіх тыпаў сьмяротных хваробаў. «Не існуе такой дозы цыгарэтнага дыму, якая была б карысная для вас», — кажа прафэсар Роў.
Цяпер чалавецтва пачынае разумець, наколькі шкоднае празьмернае ўжываньне алькаголю. Больш за адзін келіх віна ў дзень для жанчын і два для мужчын (а можа, і менш) павышаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў, фібрыляцыі перадсэрдзяў, хваробаў печані і сямі тыпаў раку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае дасьледаваньне: любая доза алькаголю не прыносіць карысьці для здароўя5. Кантралюйце хранічныя хваробы
Амаль палова дарослых людзей ў разьвітых краінах пакутуюць на гіпэртанію, 40 працэнтаў маюць высокі ўзровень халестэрыну і больш за траціну маюць пераддыябэт. Усе згаданыя вышэй здаровыя звычкі дапамогуць даць рады гэтым праблемам і прадухіліць іх перарастаньне ў яшчэ больш сур’ёзныя хваробы.
Але бывае так, што зьмены ладу жыцьця недастаткова. Таму экспэрты кажуць, што вельмі важна прытрымлівацца парадаў лекара, каб трымаць сытуацыю пад кантролем. Калі лекары рэкамэндуюць браць лекі, рэгулярна правяраць крывяны ціск і ўзровень цукру ў крыві, то так і трэба рабіць, каб пражыць даўжэй, здаравей і лепш, кажа прафэсар Чанг.
6. Расстаўляйце прыярытэты ў адносінах
Псыхалягічнае здароўе часта адыходзіць на другі плян у параўнаньні зь фізычным здароўем, але доктар Чанг кажа, што яно ня менш важнае.
«Ізаляцыя і адзінота наносяць такую ж вялікую шкоду здароўю, як і курэньне», — кажа яна і дадае, што гэта падвяргае нас «больш высокай рызыцы разьвіцьця дэмэнцыі, хвароб сэрца, інсульту».
Адносіны зьяўляюцца ключом да таго, каб жыць ня толькі здаравей, але і шчасьлівей. Згодна з Гарвардзкім дасьледаваньнем, моцныя адносіны зьяўляюцца самым важным паказьнікам дабрабыту.
Доктар Роў вучыць студэнтаў-мэдыкаў, што адзін з найлепшых сымптомаў таго, наколькі добра пажылы пацыент будзе пачувацца праз шэсьць месяцаў, — гэта спытаць у яго, «колькі сяброў або сваякоў ён бачыў за апошні тыдзень».
7. Падтрымлівайце пазытыўны настрой
Нават пазытыўнае мысьленьне можа дапамагчы жыць даўжэй. Некалькі дасьледаваньняў паказалі, што аптымізм зьвязаны з больш нізкай рызыкай сардэчна-сасудзістых хваробаў.
Людзі, якія атрымалі высокія балы падчас тэстаў на аптымізм, жывуць на 5-15 працэнтаў даўжэй, чым людзі, якія больш пэсымістычныя. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што аптымісты, як правіла, маюць больш здаровыя звычкі і маюць ніжэйшы ўзровень хранічных захворваньняў, але нават з улікам гэтых фактараў дасьледаваньні паказваюць, што людзі, якія думаюць пазытыўна, усё роўна жывуць даўжэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Навукоўцы не знаходзяць карысьці ў інтэрвальным галаданьні