Выпадкі заражэньня прышчэпленых людзей, хоць яны і рэдкія, нагадваюць пра тое, што такія людзі павінны насіць маскі і што вірус усё яшчэ шырока цыркулюе. Пра гэта піша The New York Times.
Адзін лекар у Нью-Ёрку, больш чым праз два месяцы пасьля таго, як ён быў прышчэплены ад COVID-19, прачнуўся з галаўным болем і цяжкім пачуцьцём стомленасьці. Неўзабаве зьявіліся ліхаманка і дрыжыкі, а пачуцьці паху і смаку сталі зьнікаць.
Гэтага, падумаў ён, ня можа быць, але аналіз на каранавірус здаў — і ён аказаўся станоўчы. «Гэта быў велізарны шок», — кажа лекар. Ён быў двойчы прышчэплены вакцынай Pfizer-Biontech, эфэктыўнасьць якой складае 95 адсоткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусуУ ЗША амаль 83 мільёны жыхароў атрымалі хаця б адну дозу вакцыны, і незразумела, колькі зь іх будзе мець такую ж «прарыўную» (праз імунітэт) інфэкцыю. Аўтары двух новых дасьледаваньняў мяркуюць, што колькасьць такіх выпадкаў будзе вельмі малая.
Адно дасьледаваньне паказала, што ўсяго чатыры з 8121 цалкам прышчэпленых супрацоўнікаў ва Ўнівэрсытэце Даласу заразіліся. Іншае дасьледаваньне выявіла, што толькі сямёра з 14 990 мэдыкаў у Лос-Анджэлесе (Каліфорнія) далі станоўчы вынік тэсту на каранавірус пасьля атрыманьня другой дозы вакцын Pfizer-Biontech або Moderna.
Вынікі абодвух дасьледаваньняў, апублікаваныя ў аўторак у New England Journal of Medicine, паказваюць, наколькі добра працуюць вакцыны ў рэальным сьвеце ў пэрыяд інтэнсіўнай перадачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму жанчыны цяжэй пераносяць вакцыну ад каранавірусуАле выпадкі прарыву імуннай абароны, хоць і даволі рэдкія, — сур’ёзны напамін, што прышчэпленыя людзі не абароненыя на 100%, асабліва калі вірус працягвае шырока распаўсюджвацца.
Разам з тым навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе, хто захварэў пасьля вакцынацыі, мелі лёгкія сымптомы COVID-19 або ня мелі іх наогул — вірус у іх быў знойдзены шляхам тэставаньня.
Паводле доктара Дэвіда Ўола з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, гэта сьведчыць, што вакцыны робяць менавіта тое, што і павінны рабіць — прадухіляюць захворваньне людзей або яго цяжкія формы, нават калі яны ня цалкам блякуюць вірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе спадзяваліся на вакцыну ад каранавірусу. Чаму вакцынацыя ідзе так павольнаАмэрыканскія Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) маюць невялікую каманду, якая вывучае такія выпадкі прарыву імунітэту, паведаміла прэс-сакратарка CDC Крыстэн Нордлунд. Адно з пытаньняў, ці адказваюць за заражэньні пасьля вакцынацыі новыя варыянты каранавірусу.
«Пакуль няма доказаў, што каранавірусам пасьля вакцынацыі людзі заражаюцца з прычыны наяўнасьці новых штамаў», — сказала Крыстэн Нордлунд.
Чакаецца, што ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў Pfizer і Moderna апублікуюць дадзеныя пра тое, як часта прышчэпленыя людзі заражаюцца вірусам, нават калі ў іх няма сымптомаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзям, якія перанесьлі COVID-19, дастаткова адной дозы вакцыны, каб атрымаць імунітэт ад розных каранавірусаўЯшчэ адно пытаньне ў тым, наколькі эфэктыўныя вакцыны для людзей, чые імунныя сыстэмы моцна аслабленыя хваробай ці лекамі. Паводле доктара Ўільяма Шафнэра з Унівэрсытэту Вандэрбільта, выпадкі заражэньняў пасьля вакцынацыі могуць азначаць, што арганізм людзей з аслабленым імунітэтам ня можа даць надзейную рэакцыю на вакцыну.
А той лекар, які захварэў у Нью-Ёрку, нягледзячы на поўную вакцынацыю, заставаўся дома ў ізаляцыі амаль два тыдні. Ён апісаў сваю хваробу як адносна мяккую: «Калі цяжкі грып — 10, то гэта было 4», — сказаў ён.