Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна пратэставаць падчас пандэміі COVID-19?


Наколькі ўдзел у вулічных пратэстах і масавых акцыях у цяперашні час пабольшвае рызыку заражэньня каранавірусам?

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі​

На гэтае пытаньне, зададзенае брытанскім выданьнем The Guardian у сувязі з масавымі пратэстамі ў ЗША пасьля сьмерці афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй, адказваюць тры амэрыканскія мэдычныя экспэрты: Джорджэс Бэнджамін (дырэктар Амэрыканскай асацыяцыі аховы здароўя), Лорэн Паўэл (кіраўніца арганізацыі Time’s Up Healthcare), Кімбэрлі Сью (мэдычны дырэктар арганізацыі Harm Reduction Coalition).

Усе тры экспэрты пагаджаюцца, што ўдзел у вулічных пратэстах і магчымыя сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй павышаюць рызыку распаўсюду інфэкцыі COVID-19. Тым ня менш, яны не заклікаюць людзей не выходзіць на пратэсты ў час пандэміі, знаходзячы для іх апраўданьне, і адначасова даюць парады, як мінімізаваць рызыку заражэньня.

Джорджэс Бэнджамін:

  • «Я афраамэрыканец, і таму для мяне рызыка быць расстраляным супрацоўнікам паліцыі можа быць у некаторых кварталах значна вышэйшая, чым рызыка падхапіць COVID-19 і памерці».
  • Выходзьце на пратэсты ў меншым натоўпе.
  • Надзеньце маску.
  • Бярыце з сабою дэзынфэкцыйны сродак.
  • Пазьбягайце пацісканьня рук.
  • Абмяжуйце час удзелу ў пратэсьце.

Лорэн Паўэл:

  • «Я пратэставала па-іншаму. Я стаяла салідарна ўбаку і скандавала разам з мітынгоўцамі, калі яны праходзілі міма. Я была ў падвойнай масцы і ў мяне былі пальчаткі — менавіта так я адчувала сябе найбольш камфортна».
  • Не здымайце маскі падчас пратэсту, асабліва калі паліцыя ўжывае сьлезацечны газ, які выклікае кашаль.

Кімбэрлі Сью.:

  • «Я б не рэкамэндавала людзям быць на пратэстах кожны дзень. З гледзішча небясьпекі перадачы хваробы я б рэкамэндавала хадзіць раз на тыдзень і рабіць нейкую іншую форму пратэсту ў Інтэрнэце».

На гэтым тыдні на пытаньні Свабоды пра небясьпеку заразіцца каранавірусам у чэргах на перадвыбарчых пікетах у Менску і іншых гарадах адказала Іна Германенка, былая загадчыца катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Сьцісла:

  • На сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.
  • Аднак рызыка існуе: людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.
  • Калі зьбіральнік подпісаў у пальчатках і масцы, то небясьпека вельмі малая.
  • Аднак трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG