Кнігу ў PDF-фармаце можна спампаваць тут
20:00 Імпрэза падышла да канца. Валер Каліноўскі пералічвае імёны тых, хто прымаў удзел у працы над кнігай «Справа Бяляцкага».
19:52 «Ці ня марная ахвяра Алеся Бяляцкага?» — пытаецца Валер Каліноўскі ў філёзафа Валянціна Акудовіча. «Мне карціць патасна сказаць, што неўзабаве гэтыя дрэнныя часы прамінуць, і ў блізкім будучым белаурская грамадзкасьць аддзячыць Алесю Бяляцкаму за ўсе ягоныя пакуты і мужнасьць. Але я не пайду гэтым шляхам. Я ясна ўсьведамляю, што будучыня вельмі рэдка бывае справядлівай. Адзіны справядлівы судьдзя — сучаснасьць. І гэты судьдзя сёньня тут, з намі, у гэтай залі. І судзіць ён не Бяляцкага, а таго, хто ў сьценах палацу правасудьдзя засудзіў Алеся Бяляцкага. Вельмі важна, каб у тваёй сучаснасьці быў нехта больш мужны за цябе, разумнейшы за цябе. Мне вельмі істотна, што ў маёй сучаснасьці ёсьць Алесь. Дзякуй, Алесь!»
19:47 Валер Каліноўскі пытаецца ў праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, ці сапраўды Алесь Бяляцкі прыкрыў сабой іншых праваабаронцаў? Лабковіч адказвае, што шмат разоў абмяркоўвалі зь Бяляцкім магчымасьць ягонага ад’езду, але той не пагаджаўся: «Алесь сядзіць за кожнага з нас. У кожным лісьце адчуваецца моцная падтрымка. Ён гэтымі лістамі мацуе нас значна больш, чым мы яго. Мне нават сорамна за гэта. Парады, падтрымка, якую ён нам дае ў лістах, моцна нам дапамагаюць. Я спадзяюся, што вельмі хутка мы зможам сказаць яму „дзякуй“».
19:45 Адвакат Гары Паганяйла. Валер Каліноўскі выказаў яму падзяку за тое, што падчас працы над кнігай,ён дапамог разабрацца ў юрыдычных тонкасьцях. «Ці ўдалося растаптаць праваабарончы рух?» — пытаецца Каліноўскі. «Чым больш нас ціснуць, тым мы мацней, — адказвае Паганяйла. — Ані турмы, ані зьдзекі нас не палохаюць. Мы сюды ехалі, нас паўгадзіны міліцыянт трымаў, хацеў нашаму кіроўцу «прыпісаць» парушэньне правілаў руху. Увесь час улады спрабуюць нас прынізіць. Але тое, што адбываецца з такімі людзьмі, як Бяляцкі, у такой краіне, як наша, гэта нават звычайна. Мы нават звыкліся з гэтым. Як дасьведчаны праваабаронца я разумею, што тое, што здарылася зь Бяляцкім, здарыцца рана ці позна. Прайсьці паўз такога разумнага праваабаронцу ўлада проста не магла. Таму, як мужна сустрэў гэтую ліхую часіну Алесь, можна толькі пазайздросьціць. Мы разумеем, што сёньня Алесь у турме, але ўся праваабарончая супольнасьць адчувае сябе больш кансалідаванай, чым яшчэ паўтара гады таму. Улада памыляецца, калі думае, што такім чынам яна можа парушыць нашую еднасьць.
19:40 Паўліна Сьцепаненка, укладальніца кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»: «Алесь хацеў такую кнігу выдаць, пачаў зьбіраць свае артыкулы з 1986 году. Працягнуць працу даверылі мне. Фактычна мы зь Бяляцкім разам працавалі. Ён частку тэкстаў дапісаў за кратамі — пра Сыса, пра Някляева, пра Фядуту, беларускую турэмную літаратуру. Атрымалася 468 старонак. Назву для кнігі прыдумаў сам Алесь». Сьцепаненка кажа, што яшчэ на 500 старонак ёсьць тэкстаў публіцыстыкі і мэмуараў Алеся.
19:35 Аляксандр Казулін: «Мне часта задаюць пытаньне, чым палітычны адрозьніваецца ад звычйанага зэка. Усё залежыць ад чалавека. Уся сутнасьць турмы — гэта зламаць чалавека. Але ёсьць людзі, якія не ламаюцца. Гэта людзі, у якіх ёсьць стрыжань. У Бяляцкага гэты стрыжань ёсьць. Нам пашанцавала, што ў гэты цяжкі час мы бачым сьвятло і бачым надзею. Калі нашая моладзь, як Аліневіч, піша з турмы: „тут прасьвятленьне“. А Мікіта Ліхавід правёў 90 дзён у ШЫЗА, але сказаў, што не прызнае ані гэтую ўладу, ані прысуд. Кожны можа задумацца: можна змагацца асабіста. Алесь — нашае сьвятло, якое дапамагае марыць пра будучыню краіны. І я ўпэўнены, што гэтая будучыня будзе вельмі хутка».
19:25 Выступае Андрэй Завадзкі, які быў разам зь Бяляцкім дэпутатам Менгарсавету. Ён згадаў ролю Бяляцкага ў перайменьні вуліцаў.
19:15 Слова бярэ праваабаронца Тацяна Равяка. Сёньня ў яе дзень народзінаў. Да віншаваньняў Тацяне далучаецца ўся заля. Равяка згадвае, як прынесла ў боце плякат у падтрымку Бяляцкага ў залю суду. «Найперш мы адчуваем павагу да Алеся за тое, што ён сабраў нас. Ня ведаю, як мы зможам яму аддзячыць, узнавіць вось гэтыя гады, якія ён знаходзіцца за кратамі. „Вясна“ працуе. „Вясна“ была, ёсьць і будзе». Тацяна зачытвае апошні ліст, які атрымала ад Алеся Бяляцкага. Кажа, што знайшла яго ў паштовай скрыні, калі ішла на прэзэнтацыю. Гэта віншавальная паштоўка з днём народзінаў. «Шкадую, што не магу павіншаваць цябе ўжывую, але ад гэтага маё віншаваньне ня менш цёплае» — піша Бяляцкі. «Для ўсіх нас, вясноўцаў, самы чаканы сюрпрыз — вызваленьне Алеся», — кажа Тацяна Равяка
19:10 Паплечнік Алеся Бяляцкага праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Калі ты займаешся такой дзейнасьцю, ты разумееш, якія могуць быць вынікі. Падрыхтавацца да гэтага немагчыма. Гэта заўжды моцны стрэс. Таму я вельмі раузмею стан Алеся і тое, што ён зрабіў такі выбар: паміж эміграцыяй і турмой. Гэта быў мужны ўчынак. Я ня думаю, што шмат хто яшчэ можа такое зрабіць».
19:05 Слова бярэ бард Эдуард Акулін, стары сябра Алеся Бяляцкага. «На маім нядаўнім юбілеі выступаў Уладзімер Някляеў. Ён згадаў гісторыю нашага даўняга знаёмства. Тады я, Анатоль Сыс і Алесь Бяляцкі былі яшчэ вельмі маладыя. Някляеў сказаў: «Аднаго зь іх — таленавітага паэта — забрала сьмерць; другога — таленавітага праваабаронцу — забрала турма, а трэці сьвяткуе сёньня свой юбілей». Калі скончылася мая вечарына, я падышоў да Някляева і сказаў, што мне вельмі сорамна, што я вось юбілей сьвяткую, а хто ня з намі, а хто й у турме. «Не расстройвайся, сказаў мне Някляеў, у цябе яшчэ ўсё наперадзе (заля засьмяялася). І сапраўды, у наш час ад турмы да ад сумы ніхто не застрахаваны, нават той, хто езьдзіць на майбаху». Эдуард Акулін сьпяваю песьню «Ўзыду», якую прысьвячае Алесю Бяляцкаму.
18:50 Сяргей Дубавец: «Мы ўсе, хто тут сабраўся, ведаем Алеся і верым, што ён невінаваты. Але калі б мы так напісалі гэтую кнігу, то гэта была б кніга толькі для нас саміх. А нашая задача была — напісаць дакумэнтальную кнігу, праўдзівую, аб’ектыўную з усіх бакоў. Прапаганда кажа, што Бяляцкі „купаецца ў раскошы“, скраў грошы ў дзяржавы, таму сядзіць у турме — ідзі яго адмый пасьля такога. А нашая задача была — сабраць факты, паказаць, што не купаўся ён у раскошы, ня езьздіў на шыкоўных машынах, як казалі па дзяржаўнай тэлевізыі. Валера паказаў Бяляцкага такім, якім яго ведаем мы, для тых людзей, якія яго ня ведаюць.Мы пісалі кнігу так, каб яна была даступная і на іншых мовах. Я хачу пажадаць гэтай кнізе як мага шырэйшага жыцьця».
На экране паказваюць фота зь сямейнага архіву Алеся Бяляцкага. Алесь — піянэрважаты ў летніку. Алесь у войску. Алесь бярэ шлюб з Натальляй. Першае шэсьце ў Курапаты. Фота з музэя Багдановіча, дырэктарам якога Алесь быў шмат гадоў. Шмат фота зь мітынгаў апазыцыі. Фотагалерэя сканчаецца фотаздымкамі акцый у падтрымку Алеся Бяляцкага.
18:40 Праваабаронца Алена Лапцёнак чытае ўрывак з кнігі «Справа Бяляцкага».
Да выступу запрашаюць Натальлю, жонку Алеся Бяляцкага Натальлю Пінчук. Яна выказвае ўдзячнасьць аўтару кнігі Валеру Каліноўскаму: «Алесь кнігу атрымаў, будзе чытаць».
Натальля зачытвае ліст, датаваны 8 жніўня 2011 году, гэта першы ягоны ліст пасьля арышту: «Жыцьцё працягваецца, я паступова асвойваюся. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага з часоў войска распарадку. Пакуль я ўспрымаю ўсё як штосьці нерэальнае. Паглядзім, што будзе адбывацца пазьней».
Віншавальная паштоўка, якую Бяляцкі даслаў жонцы на гэты Новы год: «Мне падаецца, што мінулы год быў нейкім перавалам выпрабаваньняў і цяжкасьцяў, і што далей нам усім будзе лягчэй».
«Я спадзяюся, — кажа Натальля, — што гэта зьдзейсьніцца».
18:35 Дэманструюць відэа выступу Алеся Бяляцкага падчас уручэньня яму прэміі імя Андрэя Сахарава: «Я веру, што мы ў стане зьмяніць гэтую сыстэму, але неабходная маральная і матэрыяльная падтрымка. Нам неабходна, каб рэжым ясна ўсьведамляў, што бязь зьменаў унутранай сытуацыі ня будзе зьменаў эканамічнай сытуацыі. Калі ў мяне пытаюцца, ці хацеў бы я зьехаць зь Беларусі, я адказваю „не“. Мы не для таго пачыналі дэмакратычны рух, каб спыніцца на паўшляху». Заля вітае выступ Бяляцкага воплескам
Your browser doesn’t support HTML5
18:20 Сабраліся дзясятякі людзей. Адкрыў прэзэнтацыю дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук: «38-е выданьне сэрыі „Бібліятэка Свабода“ мае два адрасаты. Упершыню мы выпускаем кнігу пра нашага сучасьніка, калегу. Адныя параўноўваюць яго з Вацлавам Гаўлам. Другія лічаць, што ён мусіць сядзець у турме. А трэція ня бачаць супярэчнасьці паміж першым і другім. Другі адрасат нашай прэзэнтацыі — наш таленавіты аўтар Валер Каліноўскі». Пасьля зімы будзе вясна — сканчае свой выступ Аляксандар Лукашук.
Наступным выступае аўтар кнігі Валер Каліноўскі.
«Я прапаную гэтую імпрэзу лічыць сходам за вызваленьне Алеся Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязьняў.
Я ставіў перад сабою некалькі мэтаў: паказаць палітычны характар працэсу над Бяляцкім, апавесьці пра асобу Алеся, апісаць праваабарончы рух, а таксама паказаць нашую Беларусь у наш час. Адзін з разьдзелаў кнігі я назваў «Каго пасадзілі». Я ведаў Алеся як актыўнага палітыка, літаратара, але заглыбіўшыся ў ягонае жыцьцё , я яшчэ больш стаў яго шанаваць. Спадзяюся, што калі ён выйдзе з турмы, мы станем сябрамі.
Я пісаў кнігу „калектыўна“. Браў дзясяткі інтэрвію, сустракаўся зь людзьмі. І прэзэнтацыю гэтую я буду праводзіць „калектыўна“. Вось я даю „слова“ Алесю». (Валер Каліноўскі зачытвае ліст Алеся Бяляцкага, у якім ён апісвае свае ўражаньні пасьля прачытаньня кнігі «Справа Бяляцкага».)
Адметнасьць прэзэнтацыі — вялікая колькасьць мультымэдыя-матэрыялаў. Цяпер у залі паказваюць фотагалерэю з турмаў, у якіх сядзеў Алесь Бяляцкі.
17:55 Засталіся апошнія хвіліны да пачатку прэзэнтацыі кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага». Заля галерэі «Ў» напаўняецца людзьмі.
Прыйшлі жонка Алеся Бяляцкага Натальля, прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі Вясна: Валянцін Стэфановіч, Тацяна Равяка, Уладзімер Лабковіч — дыплямат і мовазнаўца Пятро Садоўскі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, шматлікія журналісты.
У залі гучаць аўдыёзапісы разьдзелаў кнігі з архіву Радыё Свабода.
Your browser doesn’t support HTML5
Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра новае выданьне дзеліцца палітычны і грамадзкі дзеяч і сябра героя кнігі Вінцук Вячорка.
Вінцук Вячорка: «Шкада, што нагоду для стварэньня кнігі пра Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго»
«Шкада, што нагоду для стварэньня кнігі пра Алеся Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго, тое, што ён стаў палітычным вязьнем. Таму што гэты чалавек заслугоўвае на кнігу як постаць, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю тварэньня незалежнай Беларусі, беларускай сьведамасьці, беларускай культуры. На шчасьце, у кнізе таксама прасочваецца, адлюстроўваецца той папярэдні пэрыяд ягонага жыцьця, які яго і зрабіў цяперашнім Алесем Бяляцкім — постацьцю ў першых шэрагах беларусаў, якія змагаюцца за Беларусь, за беларушчыну і за свабоду».
Новая кніга Бібліятэкі Свабоды «Справа Бяляцкага», якую напісаў наш калега Валер Каліноўскі будзе прэзэнтавацца 17 студзеня.
Юры Чавусаў: «Сутнасьць кнігі — у падрабязным аналізе перасьледу Бяляцкага»
«Самае першае ўражаньне, якое ёсьць ад кніжкі, — гэта наяўнасьць вялікай колькасьці ілюстрацыяў, якія ахопліваюць самыя розныя аспэкты гэтай справы. Гэта і сама постаць Бяляцкага, і гісторыя ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьці, і сям’я. Але ж, канечне, сутнасьць гэтай кнігі — у падрабязным аналізе той палітычнай справы, палітычна матываванага крымінальнага перасьледу, які адбыўся ў 2011 годзе. Тое, што частка матэрыялаў публікавалася на сайце Радыё Свабода, дазволіла зрабіць гэтае выданьне амаль усёахопным у дачыненьні да ўсёй гэтай справы. Былі самыя розныя камэнтары пра яе і з боку саміх „вясноўцаў“, і з боку іншых назіральнікаў за працэсам — яны ствараюць агульную панараму гэтай палітычна матываванай крымінальнай справы».
Кнігу «Справа Бяляцкага» прачытаў за кратамі і галоўны яе герой. Пра свае ўражаньні ад прачытанага Алесь Бяляцкі напісаў сваёй калезе праваабаронцы Тацяне Равяцы.
Тацяна Равяка: «Аўтар здолеў паказаць усю тонкасьць і шырыню ахопу як асобы Бяляцкага, так і ягонай крымінальнай справы»
«Яшчэ ў сьнежні Алесь Бяляцкі, знаходзячыся ў Бабруйску ў калёніі, атрымаў кнігу „Справа Бяляцкага“. І ён, канечне, вельмі ўсьцешаны быў, што гэтую кніжку яму прапусьцілі, бо ня ўсе выданьні да яго даходзяць. І вось Алесь піша мне:
„Зрабіў Валера ўсё грунтоўна і скрупулёзна. Ёсьць невялікія „блошкі“, якія я паправіў бы, але агульнае ўражаньне вельмі добрае. Ён зрабіў вялікую працу, а ўлічваючы, што там багата напісана асабістага пра бацькоў, сяброў, то чытаць гэта мне вельмі хвалююча“.
Што датычыць майго ўражаньня, то я хацела б таксама падзяліцца ім. Мяне вельмі ўразіла і парадавала вось гэтая ўніклівасьць журналісцкая, якую праявіў у падрыхтоўцы гэтай кнігі Валер Каліноўскі. Для яго не было няважных рэчаў. Для яго кожны напісаны сказ быў вельмі важны, і ён вельмі імкнуўся да таго, каб ён быў яшчэ і дакладным, каб ён адпавядаў рэчаіснасьці, адпавядаў таму, што на самой справе адбывалася з Алесем ня толькі падчас крымінальнай справы, але і да таго — і падчас ягонай працы ў музэі, і ў далейшай праваабарончай, грамадзкай дзейнасьці. Атрымаўся яшчэ і партрэт асобы, якая ў гэтай справе апынулася. Гэта вельмі важна, таму што палітычныя справы не ўзьнікаюць на голым месцы. І, канечне, вельмі добра, што аўтар кнігі змог паказаць усю тонкасьць і такую шырыню ахопу як асобы Алеся, так і ягонай справы».
Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Справа Бяляцкага
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.