Справа Бяляцкага. XXXІI. Пракурорская лёгіка

Пракурор Сайкоўскі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
10 лістапада 2011 году пракурор Валеры Сайкоўскі далучаў да справы новыя матэрыялы і працягваў допыт Алеся Бяляцкага.

На запыт суду былі дасланыя матэрыялы з падатковай інспэкцыі Першамайскага раёну. Інспэкцыя накіравала ў суд копіі дэклярацыяў Бяляцкага аб даходах і маёмасьці, а таксама акты праверкі ягоных даходаў і расходаў. Праверка паказала, што парушэньняў з боку Бяляцкага не было. Аднак было выяўлена, што расходы Бяляцкага ў нязначнай ступені перавышалі даходы. Ён гэта патлумачыў беспрацэнтнымі пазыкамі, што было пацьверджана дакумэнтамі. З таго перавышэньня Бяляцкі заплаціў падатак у суме 281 тысяча рублёў — гэта 33 даляры паводле курсу на лістапад 2011 году.

У інфармацыі з Мытнага камітэту былі прадстаўленыя дэклярацыі, акты на Бяляцкага з Гарадзенскай, Ашмянскай і Берасьцейскай мытняў. Выснова мытнікаў — парушэньняў выяўлена не было. Як зазначае Валянцін Стэфановіч, у 2008–2009 гадах кожнае перасячэньне мяжы Бяляцкім фіксавалася мытняй, ад яго патрабавалі дэклярацыяў, аглядалі рэчы, спраўджвалі, ці не вязе ён грошы.

Пракурор зноў зачытаў дакумэнты наконт грантаў на дзейнасьць «Вясны», якія, як заявіў адвакат, былі здабытыя «непрацэсуальным шляхам». Аднак Алесь адмовіўся іх камэнтаваць, назваўшы іх «незаконнымі».

На чацьвёрты дзень працэсу судзьдзя паведаміў, што на даручэньне суду нарэшце перакладзеныя матэрыялы справы, аформленыя на замежных мовах. У графе «мэта пераводу грошай» — ад замежнай праваабарончай арганізацыі на літоўскі рахунак Бяляцкага — было пазначана: «для арганізацыі працы грамадзкіх прыёмных „Вясны“». Прычым адвакат адразу знайшоў у перакладзе памылку: «грамадзкія прыёмныя» «Вясны» пераклалі адзіночным лікам — «грамадзкая прыёмная».

Пракурор Сайкоўскі зачытаў зварот Нарвэскага Хэльсынскага камітэту з патрабаваньнем вызваліць Алеся Бяляцкага, аднак акцэнтаваў увагу на іншым. У гэтым звароце сьцьвярджалася, што Алесь Бяляцкі — ляўрэат Прэміі свабоды імя Андрэя Сахарава (Sakharov Freedom Award) Нарвэскага Хэльсынскага камітэту за 2006 год. Пракурор зацікавіўся прэміяй і запытаўся ў Бяляцкага, у якім памеры ён атрымаў гэтую прэмію, спадзеючыся выявіць факт прыхоўваньня даходу. Бяляцкі вымушаны быў расчараваць пракурора, патлумачыўшы, што атрымаў гэтую прэмію «ў памеры граматы».

Адвакат Лаеўскі прадставіў суду выдадзеную «Вясною» праваабарончую літаратуру і папрасіў далучыць яе да справы. Бяляцкі патлумачыў суду, што кожны год «Вясна» выдае да 10 друкаваных выданьняў. Кніжная тэма разьвілася ў дыялёг:

Пракурор: «Ці вы аплачвалі друк кніг тымі грашыма, якія атрымлівалі ад міжнародных арганізацый?»

Бяляцкі: «Так».

Пракурор: «Якую працу вы праводзілі пры гэтым?»

Бяляцкі: «Большую частку кніг рыхтаваў ня я».

Пракурор: «А хто яшчэ?»

Бяляцкі: «Не магу сказаць, хто яшчэ, бо яны могуць пацярпець за праваабарончую дзейнасьць».

Нібыта ў адказ на гэта пракурор пацікавіўся ў Алеся, ці была выдадзеная кніга, якую Бяляцкі перакладаў з польскай мовы некалькі гадоў таму. Алесь адказаў, што праца над кнігай ня скончаная: «Гэты працэс займае больш часу, чым фабрыкацыя крымінальных спраў супраць праваабаронцаў».

Алесь меў дамову з польскім выдаўцом на падрыхтоўку перакладаў з польскай на беларускую.

На просьбу адваката судзьдзя далучыў да справы копіі ліста зь Мін’юсту Літвы ў беларускі Мін’юст аб тым, што інфармацыя пра рух сродкаў на рахунках Бяляцкага і Стэфановіча несапраўдная. Суд далучыў да справы і ліст арганізацыі Civil Rights Defenders, якая давала «Вясьне» гранты на праваабарончую дзейнасьць, пра тое, што яна ня мае ніякіх маёмасных прэтэнзіяў да спадара Бяляцкага. Праўда, у выраку судзьдзя Бандарэнка пра гэтыя дакумэнты не згадаў.

У пракурора свая лёгіка: ён зачытвае літоўскі пратэст супраць выкарыстаньня дамовы аб прававой дапамозе ў мэтах палітычнага перасьледу Бяляцкага і заяву аб прыпыненьні выкананьня гэтай дамовы Літвой, але выснову робіць нечаканую і парадаксальную: гэта, на думку пракурора, даказвае, што дакумэнты, перададзеныя на Бяляцкага Літвою, якраз сапраўдныя. Адвакат выказаў недаўменьне ў сувязі з такімі высновамі пракурора.

Калі ж улічыць, што пракурор цалкам усьвядомлена і адкрыта ажыцьцяўляе гэты самы палітычны перасьлед, яго выснова ня будзе выглядаць нечаканай або парадаксальнай. Інакш кажучы, суд разглядае перасьлед палітычнага апанэнта ўладаў як свой непасрэдны абавязак і кіруецца ня правам, а практыкай, якая склалася ў краіне. Гэта значыць, судзьдзя адкрыта парушае прынцыпы юрыспрудэнцыі, ведаючы, што ня будзе за гэта пакараны, і галоўнае заданьне судзьдзі і пракурора — падагнаць палітычную падаплёку працэсу пад юрыдычныя працэдуры. Яны ахвотна выконваюць загады «зьверху», бо разумеюць, што на лаве падсудных — «чужы», апанэнт той улады, якую яны прадстаўляюць.

На чацьвёрты дзень працэсу, як прызнаў пракурор, «сьледзтва атрымала матэрыялы з сайту „Вясны“». Пракурор зачытаў некаторыя зь іх: «Праваабарончы цэнтар „Вясна“ — няўрадавая праваабарончая арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, якая пасьля арыштаў удзельнікаў дэманстрацыяў займалася дапамогай арыштаваным і іх сем’ям…»

«Ці адпавядае гэта сапраўднасьці?» — спытаўся Сайкоўскі ў Бяляцкага. Алесь адказаў: «У агульных рысах — так».

Гэта сапраўды была інфармацыя, узятая з сайту «Вясны», але, седзячы ў судовай клетцы, Алесь ня мог яе спраўдзіць. Пракурор просіць суд далучыць да справы новыя і новыя матэрыялы з сайту «Вясны», у тым ліку паведамленьні пра паручальніцтвы за Бяляцкага. Пры гэтым Сайкоўскі робіць выснову: паколькі гэтыя хадайніцтвы, разьмешчаныя на сайце «Вясны», адпавядаюць сапраўднасьці, то і іншая інфармацыя зьяўляецца праўдзівай. У гэты момант чакалася, што пракурор зачытае нешта сэнсацыйнае, але Сайкоўскі захаваў інтрыгу. Прысутныя ў залі вясноўцы ўспрынялі гэтыя дзеяньні пракурора як пачатак дасьледаваньня дзейнасьці «Вясны» ў якасьці незарэгістраванай арганізацыі, за што ў Беларусі існуе крымінальная адказнасьць.

Пракурор Сайкоўскі нават спытаўся ў Алеся, што з мэтаў ягонай арганізацыі немагчыма было выконваць з улікам патрабаваньняў дэкрэту Лукашэнкі пра гуманітарную дапамогу? Бяляцкі нічога не адказаў. Пазбаўленая рэгістрацыі арганізацыя ня можа ў прынцыпе зьвяртацца ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці, як таго патрабуе дэкрэт, а нават калі б магла, то гэтая ўстанова, якая дзейнічае ў складзе кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, ніколі б не зарэгістравала, напрыклад, дапамогу сем’ям палітвязьняў. Каб адпавядаць дэкрэтам Лукашэнкі, «Вясна» проста мусіла б спыніць працу.

На пытаньне Сайкоўскага «Чаму вы не спынілі праваабарончую дзейнасьць пасьля закрыцьця „Вясны“ ў 2003 годзе?» Бяляцкі адказаў:

Алесь Бяляцкі за кратамі

«Таму што закрыцьцё „Вясны“ было незаконным, што прызнаў у 2007 годзе Камітэт ААН у правах чалавека, які абавязаў улады Беларусі зарэгістраваць „Вясну“ цягам 90 дзён. На жаль, гэта не было выканана. Мы лічым, што парушаюцца нашыя правы, і таму не зьбіраемся спыняць праваабарончую дзейнасьць».

Зацікаўленьне «Вясною» скончылася нечаканай заявай Сайкоўскага: ён папрасіў зрабіць перапынак да 16 лістапада, каб прад’явіць Бяляцкаму новае абвінавачаньне «ў сувязі з новаадкрытымі фактамі». Пракурор нічога не патлумачыў, адно папярэдзіў, што новае абвінавачаньне будзе «істотна адрозьнівацца ад папярэдняга».

Заставалася толькі гадаць, што ён мае на ўвазе.

Паколькі напярэдадні Сайкоўскі здабыў матэрыялы з сайту «Вясны» і ў судзе сканцэнтраваў увагу на дзейнасьці праваабарончага цэнтру, шмат хто выказваў меркаваньне, што новае абвінавачаньне можа быць зьвязанае з артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, тэрмін пакараньня — да двух гадоў пазбаўленьня волі). Тым больш што ў судзе Бяляцкі не хаваў, што праца «Вясны» працягваецца і пасьля таго, як яе пазбавілі рэгістрацыі. У такім выпадку вясноўцы, якія выступалі на працэсе сьведкамі, маглі б аўтаматычна ператварыцца ў абвінавачаных.

Гары Паганяйла быў на ўсіх пасяджэньнях працэсу Бяляцкага

Адразу пасьля абвяшчэньня перапынку ў працэсе былы адвакат Гары Паганяйла патлумачыў мне заяву пракурора тым, што, на ягоную думку, папярэдняе абвінавачаньне не знайшло ў судзе свайго пацьверджаньня, факты незаконнага ўтойваньня Бяляцкім прыбыткаў на тэрыторыі Беларусі не былі даведзеныя. І справа можа быць «перафарматаваная» на мякчэйшы артыкул — за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Павал Сапелка — адзін з адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі за абарону палітвязьняў

Іншы былы адвакат, Павал Сапелка, засумняваўся: звычайна, калі пракурор хоча зьмякчыць пакараньне, ён адмаўляецца ад нейкіх пунктаў абвінавачаньня ў часе працэсу і ня просіць перапынку. Сапелка ня выключыў, што Бяляцкаму дадаткова да ранейшых выставяць новыя абвінавачаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Абодва дасьведчаныя юрысты казалі мне, што, хутчэй за ўсё, чакаецца артыкул аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Але ў пракурора Сайкоўскага была іншая мэта.

Пракурор Сайкоўскі сыходзіць з працэсу Бяляцкага



Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.