Справа Бяляцкага. XVIІ. Сьведкі. Казус Звоскава

Алесь Бяляцкі рыхтуецца да працягу працэсу

SWIFT-падтрымка падсуднаму


Наступная сьведка, якую на другі дзень суду 3 лістапада 2011 года на добры толк, павінны былі б запрасіць на працэс Алеся Бяляцкага ў статусе спэцыяліста, бо яна ня ведала ні Алеся, ні ягонай справы, — Натальля Пашкоўская, кіраўніца ўправы інспэкцыі сыстэмы міжнародных банкаўскіх разьлікаў SWIFT Нацбанку Беларусі.

Яе, сапраўды як спэцыяліста, у судзе папрасілі вывучыць прысланыя зь Літвы і Польшчы банкаўскія раздрукоўкі. Пачытаўшы іх, Пашкоўская вымушаная была расчараваць пракурора. Яна заявіла, што выпіскі аб руху сродкаў на рахунку Бяляцкага ў літоўскім банку па форме не адпавядаюць міжнародным стандартам, яны складзеныя паводле ўнутраных стандартаў канкрэтнага банку. Каб іх ацаніць, трэба ведаць гэтыя стандарты. Бяз гэтага высокакваліфікаваная спэцыялістка з Нацбанку нават не змагла вызначыць, каму пераводзіліся грошы: «Дакладных паказаньняў даць не магу, я магу камэнтаваць SWIFT-паведамленьні».

Пашкоўская ня здолела сказаць, ці пералічваў Бяляцкі грошы праваабаронцы Тацяне Равяцы і іншым асобам, бо выпіскі на гэты конт былі аформленыя не паводле міжнароднай сыстэмы: «Цяжка меркаваць, якім чынам яны былі атрыманыя», — прызналася Натальля Пашкоўская.

Пачуўшы гэта, пракурор Сайкоўскі спытаўся ў яе: «А хто б мог гэта патлумачыць?» Пашкоўскай было цяжка адказаць і на гэтае пытаньне.

Гул ухваленьня ў залі выклікалі тлумачэньні Пашкоўскай адносна таго, ці правільна аформленыя дасланыя зь Літвы і Польшчы банкаўскія дакумэнты.

Яна заявіла, што паводле дзейных нормаў выпіскі на паперы з банкаўскіх рахункаў павінны быць афіцыйна завераныя. «Калі яны не завераныя пячаткай, то, на маю думку, такія дакумэнты ня могуць лічыцца сапраўднымі. Малаверагодна, што банкаўская ўстанова ня мае ўласнай пячаткі», — заявіла Пашкоўская.
Сьведка абвінавачаньня фактычна стала на бок абароны

Такім чынам, сьведка абвінавачаньня фактычна стала на бок абароны. Яна ўзмацніла пазыцыі Алеся і ягонага адваката, якія настойвалі, што такія дакумэнты — бяз подпісаў, пячатак і выкананьня іншых умоў згодна зь міжнароднымі пагадненьнямі, а таксама безь перакладу — ня могуць прымацца судом як законныя доказы. На думку Валянціна Стэфановіча, сьведка Пашкоўская паказала, як слаба падрыхтаванае было абвінавачаньне паводле фінансавых і дакумэнтальных крытэраў:

«Яго пісалі, не абцяжарваючы сябе пытаньнем, ці можна прызнаваць дакумэнтамі нікім не завераныя паперы, аформленыя паводле невядомых сьледзтву стандартаў».

Сама Пашкоўская заявіла суду, што як банкаўскі працаўнік яна такія дакумэнты не палічыла б за легальныя.

Тым ня менш судзьдзя Бандарэнка, выносячы вэрдыкт, праігнараваў высновы Пашкоўскай і не зрабіў на адрас сьледчых прыватнага вызначэньня, якое б засьведчыла неадэкватны ўзровень іх працы з атрыманымі зь Літвы і Польшчы дакумэнтамі. Валянцін Стэфановіч упэўнены, што судзьдзя не павінен быў прызнаваць гэтыя дакумэнты доказамі віны Бяляцкага, а мусіў зьвярнуцца ў Літву і Польшчу па належна аформленыя дакумэнты. Праўда, з улікам заявы Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі пра ануляваньне гэтых зьвестак і немагчымасьць іх выкарыстаньня ў якасьці юрыдычнага доказу ў судзе, трэба было ўвогуле закрыць гэтую справу, — мяркуе Валянцін Стэфановіч:

«Але калі ў сьледзтва ёсьць прыкрыцьцё на працэсе ня толькі ў выглядзе пракурора, дзяржаўнага абвінаваўцы, але і судзьдзі, то яно можа спадзявацца, што на ўсе яго працэсуальныя парушэньні і памылкі заплюшчаць вочы. Асабліва калі ёсьць палітычная замова».

Казус Звоскава


Барыс Звоскаў


Праваабаронца Барыс Звоскаў, які быў выкліканы на працэс у якасьці сьведкі, прыйшоў у суд добра падрыхтаваным, з цэлай тэчкай дакумэнтаў. Перад працэсам бачна было, што ён хваляваўся, але настроены быў рашуча, называў усё правакацыяй — і гэты суд супраць Бяляцкага, і допыты, якія зь ім самім праводзіла ў гэтай справе сьледзтва.

Барыс Звоскаў даўно ведаў Бяляцкага, раней яны шчыльна супрацоўнічалі, але на час працэсу ён быў на пэнсіі і шмат хварэў, таму часткова адышоў ад праваабарончых спраў.

Звоскаў заявіў суду, што раней таксама меў рахунак за мяжой, у Літве, але гадоў 7 таму закрыў яго.

На пытаньне пракурора, ці атрымліваў ён ад Бяляцкага грошы, Звоскаў даў адмоўны адказ. Пракурор ажывіўся і зазначыў на гэта, што ў матэрыялах справы ёсьць дакумэнт, які сьведчыць пра адваротнае.

Пракурор хацеў неадкладна прадэманстраваць гэты дакумэнт, але хвілін пяць ня мог яго знайсьці ў матэрыялах справы. Ён нечакана нават папрасіў дапамогі ў Бяляцкага, каб той падказаў, дзе гэтая старонка. Калі ж папера знайшлася, Сайкоўскі заявіў: «Гэты дакумэнт прыйшоў да нас па міжнародных каналах».

Гаворка ішла пра 8 тысяч эўра, нібыта пералічаных Бяляцкім Звоскаву на рахунак у польскім банку PKO. Але сьведка аказаўся падрыхтаваны: пра гэты рахунак і перавод яму казалі яшчэ на папярэднім допыце ў ДФР. Тады ён абверг гэта вусна, а ў судзе прадставіў дакумэнт. Пасьля допыту ў ДФР Звоскаў зьезьдзіў у Польшчу, дзе яму выдалі даведку: ніякіх рахункаў у банку PKO ў яго няма і не было. Суд вымушаны быў далучыць гэтую даведку да матэрыялаў справы.

Пракурор Сайкоўскі пры гэтым прызнаў, што ў крымінальнай справе Бяляцкага ў дакумэнтах адносна Звоскава ёсьць недакладнасьці і несупадзеньні. А Звоскаў, перад тым як сысьці з трыбуны, гучна абурыўся:

«Я перакананы, што якасьць такіх доказаў не вытрымлівае ніякай крытыкі, гэта не адпавядае крытэрам сапраўднасьці і дапушчальнасьці. Гэты так званы доказ калі не сфальшаваны, дык цалкам прыдуманы... І ўвогуле, што гэта за доказы ў вас? Ці і астатнія доказы такія самыя?»

Барыс Звоскаў памёр 17 чэрвеня 2012 году, не дачакаўшыся выхаду Алеся Бяляцкага на волю.


Артыкул 27 Канстытуцыі


3 лістапада 2011 года ў якасьці сьведак выступілі іншыя праваабаронцы, калегі Бяляцкага, якія, у адрозьненьне ад спадара Звоскава, атрымлівалі ад Алеся грашовыя пераводы на праекты, зьвязаныя зь дзейнасьцю «Вясны». Усе яны прызнавалі гэтыя факты, добра разумеючы, што тым самым падстаўляюць сябе пад пагрозу аналягічнага перасьледу з боку праваахоўных органаў — або паводле артыкула аб незадэкляраваных даходах, або паводле артыкула аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Гэта была сьвядомая рызыка і адмыслова абраная стратэгія, накіраваная на тое, каб зьменшыць агульную суму грошай, якія сьледзтва палічыла схаванымі даходамі Бяляцкага, адцягнуць адказнасьць на сябе, сьведчыць паплечніца Алеся ў «Вясьне» Тацяна Равяка. На рызыку не зьвярталі ўвагі, кажа яна, пагатоў рахункі выкліканых у суд праваабаронцаў і так былі «засьвечаныя» ў матэрыялах з Польшчы і Літвы.

Тацяна Равяка

На працэсе Равяка заявіла, што сапраўды атрымлівала асабіста ад Бяляцкага грошы «на праваабарончую дзейнасьць». Сумы назваць адмовілася. Пра свае замежныя банкаўскія рахункі гаварыць таксама адмовілася, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе грамадзянам ня сьведчыць супраць сябе.

Такія ж паказаньні далі Віктар Сазонаў з Горадні, Алена Лапцёнак зь Менску, якія атрымлівалі ад Бяляцкага грошы на праваабарончую дзейнасьць, ніякіх прыбыткаў зь іх ня мелі і дасылалі справаздачы пра выдаткі. Тое самае казалі і іншыя праваабаронцы, выкліканыя ў суд з той прычыны, што іх прозьвішчы знайшліся ў банкаўскіх раздрукоўках. На больш падрабязныя пытаньні пра рахункі і грошы ўсе адказвалі аднолькава: «Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі я маю права ня сьведчыць супраць сябе».

«Хочаце нешта даведацца — папрацуйце, хлопцы, ня толькі дубінкамі, выкарыстайце інтэлект, зрабіце яшчэ запыты, падумайце. Мы ня будзем укладаць ім у рукі матэрыялы супраць сябе», — так пазьней апісала гэтую супольную стратэгію Тацяна Равяка.

Улады хацелі атрымаць з банкаў Літвы і Польшчы зьвесткі на многіх вясноўцаў. Вядома, што зь Менску ў Вільню падалі запыты на шэсьць актывістаў арганізацыі. У Літве згадзіліся выдаць інфармацыю толькі на двух: Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.

Жонка Алеся Натальля чакае выкліку на працэс у якасьці сьведкі


Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук паводле Канстытуцыі мела права ня сьведчыць ні супраць сябе, ні супраць мужа, чым і скарысталася. У той дзень Натальля ўпершыню зьявілася на працэсе. Яе допыт як сьведкі быў вельмі кароткі, пасьля чаго яна села на лаву ў залі. Натальля распавядала мне пра свае адчуваньні:

«Я пабыла ў судзе некалькі хвілін да перапынку, калі паказаньні давала Алена Лапцёнак. Хвілін дзесяць, але ў мяне сем патоў са сьпіны сышло. Я зразумела, што ня буду там сядзець, нават і бяз просьбы Алеся, які не хацеў, каб я хадзіла на працэс... Бо перажываецца кожны момант. Калі за чужой справай назіраеш — гэта адно, а калі сваё, і стаўка вялікая, на гады зьняволеньня, — гэта адчуваецца вельмі моцна. Таму Алесь, відаць, і прасіў мяне на суд не хадзіць».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.