Справа Бяляцкага V. Дзіўны зварот пракурора

Пракурор Валеры Сайкоўскі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
Падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне на судзе над Алесем Бяляцкім начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем падатковага і мытнага заканадаўства пракуратуры гораду Менску Валеры Сайкоўскі. На працэс ён прыходзіў у сіняй форме з пагонамі «дзьве зоркі, два прасьветы». Гэта азначае ранг дарадцы юстыцыі, што адпавядае вайсковаму званьню падпалкоўніка.

Прадстаўляючы яго як яшчэ аднаго ўдзельніка суду, трэба разьвязаць блытаніну зь ягоным імем, якая ўзьнікла ў СМІ пры асьвятленьні гэтага працэсу. Звычайна судзьдзя, прадстаўляючы ўдзельнікаў слуханьняў, скорагаворкай агучвае толькі іх прозьвішчы, і журналістам высьветліць імя кагосьці зь дзяржаўных абвінаваўцаў бывае складана. Тым больш што і самі яны не зацікаўленыя афішавацца. У выніку адны газэты і інтэрнэт-сайты называлі пракурора Сайкоўскага Валерыем, іншыя — Уладзімерам. Гэта прывяло да таго, што 16 сьнежня 2011 году Рада Эўразьвязу, уносячы ягонае прозьвішча ў «сьпіс неўязных», зрабіла гэта з памылкай, назваўшы Ўладзімерам, а не Валерыем, як ёсьць насамрэч.

Карыстаючыся гэтай памылкай, нейкі час пракурор Сайкоўскі мог яшчэ езьдзіць у Вільню ці Беласток. Але, магчыма, яму было і не да паездак у Эўропу. Празь месяц пасьля прысуду Бяляцкаму, 29 сьнежня 2011 году, пракурор Валеры Сайкоўскі пайшоў на падвышэньне, стаў намесьнікам начальніка Сьледчага камітэту па горадзе Менску. На разглядзе касацыйнай скаргі Бяляцкага 24 студзеня 2012 году ў Менскім гарадзкім судзе яго замяніў пракурор Кірыл Чубкавец.

Паплечнік Бяляцкага юрыст Валянцін Стэфановіч кар’ерны рост пракурора Сайкоўскага ацаніў гэтак:

Валянцін Стэфановіч

«Відаць, такім чынам улады аддзячылі яму за зробленую працу. Што дадаткова пацьвярджае, што гэта была не звычайная справа, як кажуць улады, а палітычна матываваная».

Стэфановіч невысокай думкі наконт прафэсійных якасьцяў пракурора Сайкоўскага, бо аргумэнты пракурора на судзе былі непераканаўчымі. Напрыклад, ён задаў Бяляцкаму дзіўнае пытаньне: чаму той не зарэгістраваўся «індывідуальным праваабаронцам», калі ўлады пазбавілі афіцыйнай рэгістрацыі цэнтар «Вясна»? Пракурор зь дзьвюма зоркамі на пагонах зблытаў праваабаронцаў з «іпэшнікамі», індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія сапраўды могуць легальна дзейнічаць без рэгістрацыі ў якасьці юрыдычнай асобы.

Яшчэ больш дзіўным выглядаў зварот пракурора да Бяляцкага ў першы дзень працэсу перад пачаткам судовага допыту падсуднага. Перад гэтым, калі разглядаліся хадайніцтвы аб зьмене Алесю меры стрыманьня з арышту на падпіску пра нявыезд, пракурор быў адназначна супраць. А тут ён даў зразумець, што можа і памяняць сваю пазыцыю:

Пракурор Валеры Сайкоўскі



«Прапаную вам адказваць шчыра. У выпадку атрыманьня зьвестак, што вы ня будзеце перашкаджаць працэсу і што вы ня будзеце ўхіляцца ад суду, магчымая зьмена меры стрыманьня — вызваленьне пад заклад ці паручальніцтва... У выпадку сплаты шкоды магчымы перагляд хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня».

Адвакат Лаеўскі адразу выказаў пратэст, бо ў прапанове пракурора быў схаваны ціск на падсуднага, якога абяцанкай вызваленьня з-пад арышту схілялі прызнаць віну. Крымінальна-працэсуальны кодэкс не прадугледжвае нейкай сувязі меры стрыманьня з адказамі абвінавачанага ў часе судовага допыту. Няма ў беларускім заканадаўстве і такога паняцьця, як «зьдзелка з правасудзьдзем».

Толькі ў 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка надаў сабе паўнамоцтвы вызваляць ад крымінальнай адказнасьці за эканамічныя злачынствы ў выпадку раскаяньня і сплаты абвінавачанымі матэрыяльнай шкоды. У пракурора Сайкоўскага такіх паўнамоцтваў няма. Прадстаўніца Хэльсынскага фонду правоў чалавека (Варшава) Вольга Саламатава расцаніла гэтую заяву пракурора як «непавагу да суду, дэманстрацыю ягонай залежнасьці ад пракуратуры і ціск на абвінавачанага».*

*Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Кароткі агляд першага дня судовага пасяджэньня па справе Алеся Бяляцкага.

Сам Бяляцкі адмовіўся ад такой «зьдзелкі», бо не лічыў сябе вінаватым. Варта супаставіць прапанову пракурора з тым, што сказаў Аляксандар Лукашэнка 23 сьнежня 2011 году на прэсавай канфэрэнцыі:

«Трапіце, як гэты, як ягонае прозьвішча, што мільярд не заплаціў унёскі... Бяляцкі. І потым будзеце зноў казаць, што Лукашэнка вінаваты. А калі б у Амэрыцы не заплаціў такі падаходны падатак? Ня вылез бы з турмы. А вы нас папракаеце разам з амэрыканцамі. Дык заплаці, дык, можа, яшчэ з турмы выпусьцяць!»

http://www.youtube.com/embed/je9hCOn_T4E


Паплечнік Бяляцкага Ўладзімер Лабковіч, рэагуючы на гэтую заяву, нагадаў пра Дэклярацыю ААН аб праваабаронцах, у якой сказана, што кожны мае права асабіста або ў складзе групы «запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спэцыяльна для мэтаў заахвочваньня і абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў мірнымі сродкамі».

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч: «І не было ніводнага прыкладу ў ЗША ці іншых краінах Захаду, каб падатковыя службы адносілі сабраныя для праваабарончых і гуманітарных мэтаў ахвяраваньні да даходаў ды падавалі за нясплату зь іх падаткаў у суд».

З 15 сьнежня 2011 году да 18 студзеня 2012-га на заклік Алесевых калегаў прайшоў збор ахвяраваньняў для сплаты сумы, якую, паводле суду, завінаваціўся дзяржаве Бяляцкі. 765 чалавек заплацілі фактычна за тое, каб Алеся выпусьцілі з турмы. Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук, на якую быў аформлены дабрачынны рахунак, пералічыла 757 526 717 беларускіх рублёў (каля 70 тысяч эўра) на дэпазыт суду Першамайскага раёну.

Your browser doesn’t support HTML5

757.526.717 рублёў за Алеся Бяляцкага



Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук пералічыла ахвяраваньні на дэпазыт Першамайскага суду Менску.

Гэта было зроблена за тыдзень да разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага ў Менскім гарадзкім судзе. Людзі пералічвалі, колькі маглі: па 50, па 200 тысяч, па мільёну... Родныя і калегі Бяляцкага пры гэтым падкрэсьлівалі, што збор грошай не азначае прызнаньня віны ні імі, ні самім Алесем. «Калі суд ня ўлічыць аплаты, то гэта пакажа цану заявы Лукашэнкі. Гэта выключна дэманстрацыя таго, што ў сытуацыі адсутнасьці правасудзьдзя ў прынцыпе мы ствараем такую сытуацыю, каб улады былі вымушаныя пайсьці хаця б на нейкае зьмякчэньне ў дачыненьні да палітвязьня», — сказаў з гэтай нагоды юрыст Уладзімер Лабковіч.

24 студзеня 2012 году Менскі гарадзкі суд вырак Алесю Бяляцкаму пакінуў бязь зьмены, а касацыйную скаргу — без задавальненьня.

«Дакумэнты, прадстаўленыя ў суд, павінны былі хоць бы мінімальна, але паўплываць на зьмену выраку. Адвакат будзе абскарджваць гэты прысуд у наглядным парадку выключна для таго, каб мець магчымасьці і пэрспэктывы міжнароднай юрыдычнай рэакцыі, не шукаючы больш праўды ў тым абрадзе, які ў Беларусі чамусьці завецца судом. Гэта чыста палітычная расправа над вядомым беларускім праваабаронцам», — так ацаніў рашэньне Менскага гарадзкога суду Лабковіч.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.