Справа Бяляцкага. ІІ. Суд на Дзяды

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
2 лістапада 2011 году. Суд на Дзяды. Дзень першы

Першы дзень судовага працэсу для вязьняў асаблівы. Ня толькі таму, што мае вырашыцца іх далейшы лёс, але й таму што пасьля доўгага расстаньня можна пабачыць родных і сяброў. Алесь Бяляцкі ў лістах прасіў жонку Натальлю і сына Адама, каб на суд не прыходзілі, бо гэта занадта цяжкое выпрабаваньне і для яго, і для іх — пабачыць мужа і бацьку ў кайданках на лаве падсудных.

Як пачуваўся Алесь у ноч перад пачаткам суду, невядома. Іншы палітвязень Алесь Кіркевіч, выйшаўшы на волю, распавёў пра сябе, што ў ноч перад судом «пачытаў Дастаеўскага, памаліўся і лёг». Спаў нармальна. Раніцай яго абудзілі а шостай, вывелі ў прыбіральню, потым далі сьняданак з аўсянкі і хлеба. Усё як звычайна ў турме. Толькі што ў гэты дзень без чаргі далі пагаліцца, бо звычайна станкі для галеньня выдаюць толькі два разы на тыдзень. Пасьля турэмшчык папярэдзіў: рыхтуйся на выезд. Быў час пераапрануцца, сабраць у торбачку сшытак для запісаў, газэту, каб пачытаць у перапынку, шакалядку, каб зьесьці ў абед, бо карміць да канца дня ня будуць. На першым паверсе сьледчага ізалятара турэмшчыкі перадалі вязьня канваірам, якія пасадзілі яго ў «газэль» і павезьлі ў суд. Праз вароты з тыльнага боку суду машына заехала ў агароджаны дворык. Там вязьня абшукалі і да пачатку працэсу пакінулі ў малюсенькім, паўтара на паўтара мэтры, бэтонным пакойчыку бяз вокнаў, які на турэмным слэнгу называюць «стаканам». Тут даводзіцца каля гадзіны чакаць пачатку працэсу, тутсама сядзяць і ў перапынку.

Будынак суду Маскоўскага раёну Менску, дзе судзілі Алеся



Пакуль Алеся Бяляцкага ў канвойнай «газэлі» пад эскортам машыны ДАІ везьлі зь менскай турмы на вуліцы Валадарскага, на ганку суду на праспэкце газэты «Правда», 27 зьбіраліся праваабаронцы, палітыкі, журналісты, пазьней пад’ехалі замежныя дыпляматы. Прыпаркавацца каля будынка было немагчыма, стаянку з раніцы перакрыла ДАІ, туды падагналі два аўтобусы са спэцназам. У самім судзе ўсталявалі два пункты дагляду наведнікаў: на ўваходзе ў будынак і на ўваходзе ў залю пасяджэньняў. У будынак ахова пачала прапускаць а дзявятай, у судовую залю — хвілін за 15 да адкрыцьця працэсу, які пачаўся ў дзесяць.



Калі, адстаяўшы ў дзьвюх чэргах да мэталашукальнікаў, я трапіў у залю, Алесь ужо сядзеў на лаве ў клетцы, праглядаў нейкія матэрыялы і вітаў знаёмых.

Your browser doesn’t support HTML5

Суд над Алесем Бяляцкім. Пачатак працэсу



У гэтай самай залі за ўдзел у мітынгу апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году судзілі расейскіх грамадзян Арцёма Брэўса і Івана Гапонава, а таксама лідэраў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, арыштаваных 18 сьнежня, напярэдадні Плошчы, нібыта за хуліганства. Заля даволі прасторная. Паміж судзьдзём і клеткай падсуднага на памосьце — чырвона-зялёны сьцяг, на сьцяне, над самай галавой судзьдзі — керамічная выява дзяржаўнага герба.

Драўляныя лавы для наведнікаў адгароджаныя бар’ерам, на іх можа зьмясьціцца каля 80 чалавек. Ва ўсе дні суду над Бяляцкім заля была поўная. Шмат каму месца не хапала — стаялі ў калідоры.

У першым шэрагу ў судовай залі — дыпляматы, далей Валянцін Стэфановіч, які вітае Бяляцкага знакам вікторыі



Здаецца, што першы дзень працэсу цягнецца надзвычай доўга, бо ён нагружаны рознымі фармальнасьцямі: высьвятляюць асобу падсуднага, выслухоўваюць адводы і хадайніцтвы бакоў, зачытваюць абвінавачаньне, пытаюцца, ці прызнае падсудны віну, ці не, дапытваюць яго... Праз усё гэта Алесю, як і іншым беларускім палітвязьням, трэба было прайсьці. Без асаблівай надзеі на апраўданьне. Паводле падлікаў праваабаронцаў зь «Вясны», за апошнія гады колькасьць апраўдальных судовых выракаў у Беларусі складае 0,3%, а ў палітычных справах — каля 0%.

Валянцін Стэфановіч прыгадаў толькі адзін выпадак апраўданьня ў палітычна матываванай крымінальнай справе, калі Менскі гарадзкі суд цалкам апраўдаў прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку, і то гэта здарылася пасьля таго, як той адбыў два гады ў турме.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.