4 жніўня мінае год зь дня арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Сёньня мы пачынаем друкаваць кнігу «Справа Бяляцкага», якую напісаў журналіст «Свабоды» Валер Каліноўскі.
Гэтая кніга ня столькі пра крымінальную справу № 11081100188, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы, колькі пра справу ягонага жыцьця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.
Цягам жніўня і верасьня штодня на нашым сайце публікуюцца разьдзелы новай кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».
Прадмову да кнігі «Справа Бяляцкага» напісаў Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), ЗША.
Уступ
У траўні 2006 году славацкая газэта «Sme» надрукавала малюнак вядомага карыкатурыста Марціна Шутаўца Аляксандар Лукашэнка адной рукой трымае клетку для птушак, унутры якой — абрыс Беларусі, а другой пасыпае зернейкі. Подпіс: «Так ён корміць краіну».
Карыкатура мела вялікі посьпех, яе заўважылі і перадрукавалі шмат якія СМІ.
Праз 5 гадоў, 9 кастрычніка 2011 году, беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, адказваючы на віншаваньне з нагоды дня нараджэньня, які ён сустрэў у менскім сьледчым ізалятары нумар 1, у лісьце гомельскаму актывісту Васілю Палякову напісаў:
«Я таксама перакананы, што праўда возьме верх. У мяне ўсё добра. Зараз акурат знаходжуся там, дзе і павінен быць праваабаронца пры такой сытуацыі ў краіне. Як пісаў Ул. Караткевіч у „Хрысьце...“, якога зараз перачытваю, — уся Беларусь — гэта клетка. І па той бок мура, па ўсім відаць, не нашмат лепей. А тут пабываўшы, пачынаеш болей цаніць жыцьцё».
Герой рамана Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Фларыян Басяцкі прамаўляе крылатую фразу:
«Увесь сьвет — клетка. А ўжо такой клеткі, як княства Беларуска-Літоўскае, — пашукаць, дык ня знойдзеш...»
Дзеяньне раману адбываецца ў 16-м стагодзьдзі, калі Беларусь была часткаю Вялікага Княства Літоўскага. У стагодзьдзі 20-м яна апынулася ў складзе СССР — агульнай клеткі, што займала ўжо шостую частку сушы. У 1991-м «імпэрыя зла» развалілася, і птушкі выпырхнулі на волю. Але пачынаючы з 1994-га, з абраньня першага прэзыдэнта, у Беларусі будуюць сваю асобную клетку.
Алесь Бяляцкі ўсё жыцьцё разгойдвае пруты клетак, у якія трапляла яго краіна, пачынаючы з савецкіх часоў. У яго за плячыма — першыя нефармальныя суполкі, першыя нелегальныя выданьні, першыя мітынгі і шэсьці — усё тое, з чаго пачаўся рух Беларусі да свабоды і разбурэньня савецкай клеткі.
Але клеткі існуюць найперш у сьвядомасьці, і таму на месцы разбураных паўстаюць новыя. Узьдзейнічаць на сьвядомасьць людзей можна праз культуру (Бяляцкі піша кнігі і стварае музэі), празь веру (Бяляцкі ўваходзіць у каталіцкую грамаду і выдае рэлігійны часопіс), праз будаваньне грамадзянскай супольнасьці (Бяляцкі арганізуе па ўсёй Беларусі праваабарончы рух).
Дыктатура жорстка распраўляецца з усім, што яе разбурае. У выніку Бяляцкі апынаецца ў клетцы, але ўжо не мэтафізычнай, а самай што ні ёсьць рэальнай.
* * *
2 лістапада 2011 году Бяляцкі трапіў у судовую клетку ў залі пасяджэньняў на першым паверсе будынка суду Маскоўскага раёну Менску. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў з грошай, якія ён зьбіраў за мяжой для дапамогі беларускім палітвязьням і для праваабарончай дзейнасьці. Высьвятляючы ягоную асобу паводле судовага трафарэту (прозьвішча, імя, дзе нарадзіўся, ці меў судзімасьці...), судзьдзя не згадаў ні пра ранейшыя здабыткі Бяляцкага для Беларусі, калі Алесь быў арганізатарам першых масавых менскіх «Дзядоў» у 1988-м, стваральнікам таварыстваў «Тутэйшыя», «Мартыралёг Беларусі», Беларускага Народнага Фронту, дырэктарам музэю Максіма Багдановіча, дэпутатам Менскага гарадзкога савету; ні пра яго цяперашнюю дзейнасьць як старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека...
Алесь Бяляцкі выглядаў спакойна, усьміхаўся, вітаў з-за кратаў сваіх знаёмцаў. А ягоныя сваякі ды сябры, калегі-праваабаронцы, якія прыехалі на гэты працэс з розных краін сьвету, казалі, што шакаваныя відовішчам.
На словы судовай сакратаркі «Ўстаць, суд ідзе!» Алесь узьняўся з дубовай лавы. Клетка была вялікая, паўтара мэтры на тры, высокая, каля двух мэтраў, да залі пастаўленая бокам. Яе жалезныя палосы і пруты былі сьвежа пафарбаваныя ў белы колер. З тыльнага боку да клеткі мацаваліся кратаваныя дзьверы з замком, каля якіх стаяў канваір. Яшчэ адзін міліцыянт-канваір зь пісталетам і дубінкай ахоўваў клетку з боку залі, сьпінай ён затуляў аб’ектывы журналісцкіх фотакамэр. У такую клетку на судах за Плошчу, якія масава адбываліся ў Менску на працягу мінулых вясны і лета, зьмяшчалі да 5 падсудных. Яшчэ адна лаўка ў гэтай клетцы, за сьпінай Алеся, была вольная...
У перапынку расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр, які прыехаў падтрымаць Бяляцкага, сказаў мне:
«У клетцы ніякага чалавека ня хочацца бачыць, ні калегу, ні нават ворагу не пажадаў бы гэтага. Як бы ні ставіцца да абвінавачаньняў па сутнасьці, чалавек не павінен сядзець да вынясеньня прысуду ці ўступленьня прысуду ў законную сілу ў клетцы. Нават ва ўмовах таго, што адбываецца ў Беларусі, дзеля чаго было неабходна так разьдзімаць статус ахвяры рэжыму?»
Сябры Бяляцкага зь «Вясны» ў шматлікіх хадайніцтвах і паручальніцтвах за Алеся даводзілі, што няма ніякай патрэбы трымаць яго пад вартай, бо яго не абвінавачвалі ў нейкім гвалтоўным злачынстве і не было ніякіх довадаў, што ён можа ўцячы ад суду. Алеся маглі трымаць пад падпіскай аб нявыезьдзе, як звычайна робяць зь іншымі, хто абвінавачаны паводле эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Намесьнік старшыні «Вясны» юрыст Валянцін Стэфановіч прызнае, што дзейныя законы гэтай клеткай не парушаныя. Але клетка дае выразны сыгнал, што чалавек ужо прызнаны вінаватым і пакараны, яшчэ да абвяшчэньня выраку. У Беларусі на гэты конт нават зьявілася прыкмета: калі ты сваімі нагамі прыйшоў у суд, то, хутчэй за ўсё, сам зь яго і пойдзеш. А калі ты быў пад вартай да суду і ў клетцы ў часе працэсу — то разьлічваць на больш мяккае пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, складана.
У Беларусі стала нормай судзіць асоб, у адносінах да якіх абраная мера стрыманьня ў выглядзе знаходжаньня пад вартай, менавіта ў «клетках падсудных». Палітычныя працэсы тут не выключэньне. Калі ў 1998 годзе за надпісы «Жыве Беларусь!» на будынку райвыканкаму ў Стоўбцах і «Кат» на помніку Дзяржынскаму судзілі 19-гадовага Аляксея Шыдлоўскага і 16-гадовага Вадзіма Лабковіча, дык мала таго, што падсудных трымалі ў такой самай клетцы, іх яшчэ вартаваў канвойны нарад з сабакамі, чаго не было нават падчас суду над выканаўцамі менскага тэракту 11 красавіка 2011 году...
Тады ж, у 1998-м, калі судзілі двойчы героя працы 74-гадовага Васіля Старавойтава, кіраўніка ЗАТ «Расьсьвет», які крытыкаваў Лукашэнку, выявілася, што ў Кіраўскім раённым судзе Магілёўскай вобласьці няма жалезнай клеткі для падсудных. І яе адмыслова зварылі перад судом. У новай мэталічнай клетцы стары аграрнік праседзеў увесь працэс і нават не ўставаў, калі яму зачытвалі вырак. Старавойтава таксама судзілі паводле эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
«Гэта рабілася, каб прынізіць, растаптаць чалавечую годнасьць, прымусіць адчуваць сябе няўтульна ў працэсе, глядзець на сьвет праз гэтыя жалезныя пруты: на суд, на жонку, на адваката, на аднавяскоўцаў... Усё гэта адмыслова робіцца, бо нашая ўлада дэспатычная ў сваім стаўленьні да людзей», — гэтак ацэньвае той эпізод юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла, які быў адвакатам Старавойтава.
* * *
У лютым 2011 году Алесь Бяляцкі наведаў Туніс, першую краіну рэвалюцыйнай «арабскай вясны». Разам са сваімі калегамі-праваабаронцамі і палітыкамі з Тунісу і ўсяго сьвету Алесь абмяркоўваў шляхі дэмакратычнай трансфармацыі гэтай краіны. Былы прэзыдэнт Тунісу Бэн Алі, які нязьменна правіў з 1987 году і на выбарах у 2010-м зноў стаў «усенароднаабраным», у студзені 2011 году разам зь сям’ёю ўцёк з краіны.
У той час, калі Бяляцкі ўжо быў за кратамі ў сябе на радзіме, у Тунісе абралі новага прэзыдэнта. Ім стаў былы апазыцыянэр, праваабаронца Мансэф Марзукі. Раней у сваіх краінах прэзыдэнтамі рабіліся былыя палітвязьні Вацлаў Гавэл, Нэльсан Мандэла, Лех Валэнса...
У адрозьненьне ад іх, Бяляцкі ня зможа стаць прэзыдэнтам сваёй краіны, кажа ягоная паплечніца зь «Вясны» Тацяна Равяка:
«Справа ў тым, што паводле Канстытуцыі прэзыдэнтам Беларусі можа быць толькі грамадзянін краіны ад нараджэньня, а Алесь нарадзіўся ў Расеі. Але ён абавязкова зойме годнае месца ў вольнай Беларусі».
Пакуль жа ў біяграфіі Алеся Бяляцкага пачаўся новы этап. Ён стаў зьняволеным, зэкам, палітвязьнем. Суд пастанавіў, што ў такім статусе ён мае адбыць чатыры з паловай гады. Ня выключана, што тым часам Алесь стане ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, на якую яго вылучылі пасьля зьняволеньня. Гэтаксама, як у 1935 годзе ляўрэатам Нобэля стаў нямецкі антыфашыст Карл фон Асецкі, які быў вязьнем канцлягера. Альбо як бірманская апазыцыянэрка Аун Сан Су Чжы, што атрымала прэмію ў 1991-м, седзячы пад хатнім арыштам...
* * *
Гучны крымінальны працэс над Алесем Бяляцкім цягнуўся 7 дзён зь перапынкамі, з 2 да 24 лістапада 2011 году. Я прыходзіў у суд як журналіст Радыё Свабода, з ноўтбукам і дыктафонам, адсюль перадаваў інфармацыю на сайт і ў эфір радыё. І былі ночы на роздум.
Кожны дзень працэсу, дачакаўшыся сваёй чаргі, пасьля прыдзірлівых праверак міліцыянтаў у форме і ў цывільным, з параскрыванымі імі торбамі ў абедзьвюх руках я заходзіў у залю і вітаўся з Алесем. Ён адказваў мне ўсьмешкай і ўзмахам рукі. З клеткі.
«Справа Бяляцкага» — як Мэтрыка ВКЛ

Мужнасьць Алеся Бяляцкага
Прадмову да кнігі «Справа Бяляцкага» напісаў Карл Гершман, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), ЗША.
КЛЕТКА