Антысавецкая фармацэўтыка

  • Аляксандар Лукашук

Марына, Джун і Лі

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


23 лютага, калі Освальд упершыню пабачыў дачку, быў мужчынскі дзень – дзень савецкай арміі адзначалі ўсе, хто насіў пагоны, ваяваў, служыў. Прафэсійным сьвятам у доме дзядзькі Марыны цяпер лічыўся і дзень міліцыі, але ён ня мог параўнацца з размахам сьвяткаваньня мужчынскага сьвята. Тым больш, што яно супадала з днём народзінаў цёткі Валі.

У гэты свой першы дзень дома Марына засталася адна і толькі з дапамогай суседкі здолела даць рады дзіцяці – Освальда яна паслала віншаваць цётку. Ён абяцаў хутка вярнуцца, але прыйшоў вельмі позна і на добрым падпітку – Марына ніколі ня бачыла яго ў такім стане. Пілі за цётку, за дачку, за бацьку, за маці, сказаў ён жонцы і заваліўся ў ложак. Як патлумачыць Марына Мэйлеру – не прывык да гарэлкі.

Дзядзьку Марыны, баявому афіцэру падчас вайны і супрацоўніку МУС пасьля яе, Ільлю Прусакову гэты дзень, напэўна, запомніўся зь іншай прычыны.

Рапарт КДБ
23.02.62.

Сустракаўся з агентам МУС “П” 23.02.62. Сказаў, што ён нядаўна двойчы размаўляў з пляменьніцай Марынай у сувязі з маючым адбыцца ад’ездам з Савецкага Саюзу ў ЗША. “П” растлумачыў Марыне неабходнасьць паводзіцца годна і ня браць удзелу ў антысавецкай прапагандзе ці іншых варожых акцыях, скіраваных супраць Савецкага Саюзу, каб не ствараць праблемы для “П” і іншых сваякоў, якія жывуць у СССР. Марына паабяцала “П”, што ня будзе рабіць ніякіх дзеяньняў у ЗША, якія скампрамэтавалі б “П” ці іншых сваякоў.

“П” працягне выхаваўчыя гутаркі і таксама пагаворыць з “Налімам”, каб пасьля прыезду ў ЗША ён устрымаўся ад паклёпніцкіх выказваньняў пра СССР.

“П” патлумачыў, што падчас гутаркі з Марынай, выказваючы клопат пра яе, ён пацікавіўся, ці яна заўважала нешта падазронае ў паводзінах Л.Г. Освальда ці ўчынках, што магло б сьведчыць пра яго падвойную асобу. Марына заявіла “П”, што нічога падобнага ў паводзінах Освальда яна не заўважала.

Падчас сустрэчаў “П” таксама спытаў у Марыны, ці яна не баіцца, што Освальд будзе пакараны амэрыканскімі ўладамі за тое, што ўцёк з ЗША. Марына ведае са словаў Освальда, што ў ЗША гэта ня лічыцца злачынствам, якое пагражала б яму арыштам, і што, быццам, паводле амэрыканскіх законаў, няма падставаў, каб прыцягнуць Освальда да адказнасьці за гэта, калі ён вернецца ў ЗША.


Марына ў Штатах не займалася антысавецкай дзейнасьцю, але яе адказы на пытаньні Камісіі Ўорэна можна было ўключаць у любы падручнік пра савецкае жыцьцё.

– Колькі вы зараблялі ў Менску?
– Сорак пяць, як усюды.
– За тыдзень?
– Не, за месяц. Гэта не Амэрыка.
– 45 рублёў?
– Так.
– За месяц?
– Так.
– Старымі ці новымі?
– Новымі.
– І колькі гадзін вы працавалі?
– Ад 10:00 да 16:30.
– Калі вы сказалі “як усюды”, вы мелі на ўвазе, што аднолькава плацілі і ў вялікіх і ў малых гарадах?
– Так фармацэўтам плацяць усюды.
– Вы ашчаджалі грошы?
– Не. Я атрымаю палучку і патрачу за адзін дзень. Максымум за тры.


Марына жыла ў дзядзькі і не плаціла за кватэру, за бялізну, за ежу. Як у Менску жылі астатнія 27 дзён у месяцы, ні сябры Камісіі, ні пазьней Мэйлер не ўдакладнялі. Дый што там удакладняць.

Да камунізму заставалася толькі дваццаць гадоў.

І толькі раз на чатыры гады надараўся высакосны год зь лішнім днём.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс