На колішняй ускраіне гораду хаваць парафіянаў каталіцкіх і ўніяцкіх прыходаў пачалі яшчэ пры канцы XVIII стагодзьдзя. Больш за 100 гадоў нішто не парушала тут спакою, пакуль не распачалася савецкая індустрыялізацыя: нешта пайшло пад бульдозэр падчас пракладаньня новых вуліц, нейкую тэрыторыю занялі Палац мастацтва і жылыя пабудовы. Закансэрваваны застаўся хіба пляц, вылучаны пад ідэалягічныя мэты — там стаялі вежы-глушылкі для нэўтралізацыі варожых радыёгаласоў. Але патрэба ў іх адпала, а вызвалены ласы кавалак у цэнтры сталіцы не дае спакою інвэстарам.
Жылыя дамы на «халерных могілках»
Гісторык, сябра прэзыдыюму Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Дзянісаў ведае пра лёс могілак як прафэсіянал. Пачынае ён з экскурсу ў мінулае.
Залатагорскія могілкі вядомыя ад 1796 году. Менавіта тады гарадзкія ўлады прынялі рашэньне вынесьці ўсе пахаваньні, якія месьціліся побач з асноўнымі сьвятынямі, па-за гарадзкія межы. Найперш зьявіліся каталіцкія Кальварыйскія могілкі — найстарэйшыя з тых, якія захаваліся і цяпер маюць статус помніка гісторыі і культуры І катэгорыі. Затым на гары Пярэсьпе зрабілі праваслаўныя могілкі, потым яны пачалі звацца Старажоўскімі. Наступнымі хрысьціянскімі могілкамі сталі акурат Залатагорскія.
Паводле суразмоўцы, яны пачалі фармавацца найдалей ад тагачаснай гарадзкой мяжы, якая праходзіла па Сьвіслачы. Адрозна ад двух першых, гэтыя могілкі мелі статус «сумесных»: тут у першую чаргу хавалі парафіянаў менскага Траецкага касьцёлу, але таксама і ўніяцкіх цэркваў. Неўзабаве тут збудавалі драўляны касьцёл, а на пачатку ХІХ стагодзьдзя — капліцу Сьвятога Роха.
З канца XVIII стагодзьдзя на ўсіх гарадзкіх плянах гэтыя могілкі пазначаліся як «менскія каталіцкія». А вось у першай палове ХІХ стагодзьдзя зьявілася назва Залатая Горка.
«Існуюць розныя паданьні пра паходжаньне назвы, — кажа спадар Дзянісаў. — Найбольш трапную вэрсію, на мой погляд, дае наш зямляк Павал Шпілеўскі, які ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя рыхтаваў гістарычны нарыс, прысьвечаны Менску. Піша, што калісьці менчукі любілі адпачываць на лясістай ускраіне гораду, землі якой належалі абшарніку Ваньковічу. Усё ўзвышша займалі бярозы. І калі ўвосень падарожнікі ўяжджалі ў Менск — тут праходзіла галоўная траса, якая зьвязвала горад з Лагойскам, Барысавам, Смаленскам, — яны бачылі фантастычную карціну, „залатую горку“. Усе бярозы ўбіраліся ў жоўтае лісьце. Адсюль і пайшла назва. Дарэчы, пасьля 1839 году, у выніку ліквідацыі Уніі, могілкі сталі цалкам каталіцкімі. То бок ад XVIII стагодзьдзя і фактычна да 1920 году гэтая тэрыторыя належала менскай каталіцкай парафіі».
У 40-х гадах ХІХ стагодзьдзя тэрыторыя могілак была істотна пашыраная. Як кажа Ўладзімер Дзянісаў, у той час у Менску адна за адной — у 1848-м і 1853-м — здарыліся сурʼёзныя эпідэміі халеры. Менчукоў-каталікоў, якія паміралі ад невылечнай на той час хваробы, хавалі на так званых «халерных могілках». Дзеля гэтага адвялі побач з ранейшымі могілкамі адмысловы пляц, прычым ад асноўных пахаваньняў ён быў аддзелены агароджай і санітарнай зонай. Пасьля Другой усясьветнай вайны паўзьверх «халернага» сэктару без асаблівага страху паставілі некалькі жылых дамоў.
Палац мастацтва на парэштках менчукоў
У 1861 годзе прымаецца рашэньне будаваць новую мураваную сьвятыню ў нэагатычным стылі, і ўжо ў 1864-м прымагільны касьцёл Сьвятога Роха быў асьвячоны. Тым часам горад пачаў імкліва разбудоўвацца, і былая ўскраіна апынулася ў зоне людзкой актыўнасьці. Зважаючы на санітарныя нормы, у 1893 годзе прымаецца рашэньне закрыць могілкі для наступных пахаваньняў, нават падзахоўваць нябожчыкаў да блізкіх сваякоў дазвалялася ў выключных выпадках.
Такая сытуацыя заставалася нязьменнай да пачатку ХХ стагодзьдзя. Але, як вынікае з архіўных дакумэнтаў, у часе Першай усясьветнай вайны тут хавалі ахвяраў германскіх бамбаваньняў Менску ў 1915–16 гадах, а таксама вайскоўцаў родам зь Менску, якія паміралі ад ранаў у тылавых шпіталях. Тычылася гэта, як выглядае, выключна афіцэрскага складу.
«У Гістарычным архіве захаваліся мэтрычныя кнігі аб памерлых менскай Траецкай парафіі. Гэта прыкладна канец XVIII — сярэдзіна ХІХ стагодзьдзя, — удакладняе Ўладзімер Дзянісаў. — Так што ведаем прозьвішчы тых, чые парэшткі ляжаць у гэтай зямлі. За прамінулы час тут пахаваныя тысячы чалавек. Зразумела, сьвятары, прадстаўнікі каталіцкага духавенства; таксама хавалі манахаў менскіх кляштараў. Шмат выдатных дзеячаў, зьвязаных з гісторыяй гораду. Напрыклад, Дамінік Манюшка, дзядзька славутага кампазытара Станіслава Манюшкі. Памёр якраз у эпідэмію халеры. Калі падняць гэтыя кнігі, можна проста на тэрыторыі касьцёлу выставіць шыльды ў памяць людзей, якія ўслаўлялі родны горад. На жаль, мэтрычныя кнігі другой паловы ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзя не захаваліся, загінулі ў 1944 годзе падчас бамбаваньняў».
Цалкам і без аніякіх выняткаў Залатагорскія могілкі былі зачыненыя пасьля 1920 году, ужо за савецкім часам. Хоць старажылы і згадваюць, што ў Другую ўсясьветную вайну там яшчэ хавалі тых, хто гінуў ад абстрэлаў і авіябомбаў.
Тым ня меней, як кажа спадар Дзянісаў, замахвацца на «бескантрольную» тэрыторыю, атрыманую ў бескампрамісным змаганьні з рэлігійным культам, бальшавікі пачалі яшчэ ў 1930-я. Было распрацавана некалькі варыянтаў генэральных плянаў забудовы гораду. Згодна зь імі пашыралася тэрыторыя вуліцы Даўгабродзкай (сучасная Казлова), і частка могілак трапляла пад новую «трасіроўку». Праўда, рэалізаваць задуму тады перашкодзіла вайна. Але пасьля яе да навязьлівай ідэі «шырокіх праспэктаў» зноў вярнуліся — у першыя гады паваеннага аднаўленьня Даўгабродзкая-Казлова накрыла сабой частку каталіцкіх могілак.
«У 1973 годзе паводле праекту архітэктараў Мусінскага і Краўковай быў збудаваны Палац мастацтва, — кажа Ўладзімер Дзянісаў. — Пабудова зьнішчыла значную частку пахаваньняў, якія былі на гэтай тэрыторыі. Разам з тым дзякуючы іншаму „стратэгічнаму абʼекту“ кавалак могілак аказаўся прынамсі „замарожаны“. Рэч у тым, што ў паваенны час пасярэдзіне гэтага кварталу былі ўсталяваныя так званыя „глушылкі“, яны не давалі жыхарам Менску і рэгіёнаў слухаць „варожыя“ радыёперадачы. Хоць у такім выглядзе, але, дзякуй Богу, могілкі захаваліся — акрамя працы нейкіх дапаможных тэхнічных службаў, да канца ХХ стагодзьдзя там нічога не рабілася. Тэрыторыя, на якой месьціцца адна з вышак (другую пасьпелі зьнесьці), ня мае ніякіх апазнавальных знакаў, там па-ранейшаму некалькі дамкоў, яна агароджаная магутным плотам у дзьве столкі».
Пакуль будаўнічай актыўнасьці на пляцы не назіраецца. У гэтым удалося пераканацца, узьняўшыся на касьцельную вежу, бо за шчыльны плот не прабрацца.
«Глушылкі» як гарант магільнага спакою
Як кажа Ўладзімер Дзянісаў, на гэты прывабны для кожнага забудоўніка кавалак тэрыторыі раз-пораз прэтэндуюць інвэстары, набліжаныя да ўладаў розных узроўняў. Спробы распачаць праектаваньне пайшлі адразу ж пасьля таго, як актуальнасьць «глушылак» адпала пры канцы 1990-х. Адзінае — самадзейнасьці замінала заканадаўчая база. Яшчэ пры канцы 1970-х паводле пастановы Савету міністраў БССР была распрацаваная ахоўная зона шэрагу помнікаў архітэктуры гораду Менску — у тым ліку касьцёлу Сьвятога Роха (альбо Сьвятой Тройцы). Яе наяўнасьць на некаторы час спыніла імпэт ахвотных узьвесьці тут жылы ці забаўляльны комплекс, хоць «прапановы, ад якіх нельга адмовіцца», гарадзкім уладам падкідваліся пастаянна.
У навейшыя часы сытуацыя кардынальна зьмянілася — «ахоўнай граматы» для гэтай тэрыторыі ўжо няма. Згодна з новай рэдакцыяй заканадаўства ў сфэры гісторыка-культурнай спадчыны ахоўныя зоны цяпер зацьвярджаюцца іншым парадкам — на меркаваньне кампэтэнтнага органу. У выніку праўны статус можна трактаваць у залежнасьці нават ад індывідуальнай патрэбы. А паколькі ранейшыя патрабаваньні ігнаруюцца, забудова «пустога» кварталу — справа жаданьня і часу. Але, кажа спадар Дзянісаў, у такім разе ёсьць сэнс апэляваць да іншага дакумэнту:
«Прыняты цікавы і карысны для гэтай справы закон „Аб пахаваньні і пахавальнай справе“, апошняя рэдакцыя датаваная 2015 годам. Дык вось згодна з гэтым законам, нягледзячы на тэрмін пахаваньняў на тэрыторыі былых могілак, там забаронена ўсякае капітальнае будаўніцтва, пракладаньне новых камунікацыяў і сетак. Тэрмін гэтай забароны — бясконцы. Нават каб гэтыя могілкі ўзьніклі 1000 год таму, на іх тэрыторыі нічога будаваць нельга. У выключным выпадку можна толькі рабіць зялёную зону, то бок высаджваць дрэвы, кусты, газоны. Дзеля справядлівасьці, усё ж ёсьць пункт, які дазваляе будаваць, але — выключна культавыя і мэмарыяльныя абʼекты. Больш за тое, вакол старых могілак, на якіх нельга нічога будаваць, павінна быць адзначаная 50-мэтровая ахоўная зона. Яна таксама замацаваная ў гэтым законе».
І на старых плянах ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў, і на савецкіх 1920–30-х гадоў, а потым і паваенных, тэрыторыя Залатагорскіх могілак абазначаная дакладна: гэта самыя могілкі, а таксама іх ахоўная зона. Яны займаюць пэрымэтар сучаснага кварталу, абмежаванага вуліцамі Казлова, Залатая Горка, Чырваназорная і праспэкт Незалежнасьці.
«Нягледзячы на тое, што будаваць нельга, час ад часу ўзьнікаюць спробы штосьці на гэтым месцы спраектаваць, — кажа Ўладзімер Дзянісаў. — Сытуацыя небясьпечная, бо маем апошні прыклад, калі ў парушэньне ўсіх заканадаўчых актаў пракладзеная новая траса па гэтаксама старажытных менскіх лютэранскіх могілках. І ніхто з тых, хто праектаваў тую магістраль, хто яе ўзгадняў з парушэньнем дзейнага заканадаўства, аніяк не пакараны. Зьнішчана пахаваньне падчас рэканструкцыі тэатру на тэрыторыі Старажоўскіх могілак. Такія прыклады патрабуюць самай пільнай увагі і найхутчэйшага прыняцьця новага праекту ахоўнай зоны: як самога помніка архітэктуры — касьцёлу Сьвятога Роха, так і тэрыторыі старажытных могілак. На жаль, гэтыя рэчы робяцца вельмі непублічна. Шмат хто кажа, што нешта ўжо рэальна праектуецца. Але як даходзіць да таго, каб рэальна атрымаць адказ — хто і што — у ведамствах робяць выгляд, што нічога не адбываецца».
Апроч дарогі, жылых дамоў і Палацу мастацтва, вялікую частку могілак акупавалі прыватныя гаражы. Пераважна гэта мэталічныя ці цагляныя канструкцыі, якія не заходзяць глыбока ў зямлю, таму нябожчыкаў не патрывожылі. Тым ня меней падчас іх усталяваньня пад знос пайшлі надмагільлі, некаторыя зь якіх касьцельныя службы сабралі і прытулілі на сваім двары. Тое самае было і тады, калі тэрыторыю асвойвала спэцчастка «глушэньня галасоў» — камунікацыі зраўнялі ўвесь верхні пласт. Толькі ў кароткі пэрыяд безгаспадарнасьці, калі вышка амаль не ахоўвалася, можна было наткнуцца на старыя надмагільныя камяні, якія хаатычна тырчэлі зь зямлі.