Сяргей Падсасонны быў зьвязаны зь «Белсатам» з сакавіка 2007 году. Сам журналіст гэтак апісаў свой досьвед:
«Былі тысячы інтэрвію, сотні рэпартажаў, спэцвыданьні, Украіна, Ірак, Палестына, ЗША, Канада… Гэта тут я выпусьціў 8 гадзінаў жывога этэру зь Вільні, калі мы хавалі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў; рабіў спэцэтэры з Ватыкану і Бэтлеему на Раство; правёў тысячы гадзінаў жывых этэраў пра пратэсты, вайну, гарачыя падзеі.
Спачатку вучыўся сам, бо на старце нават ня ўмеў уключыць камэры, а потым вучыў іншых. Папрацаваў у кожнай інфармацыйная праграме, якія і ствараў ад пачатку. Тут рабіў сябе і здабываў сяброў. Проста любіў рабіць тое, што раблю».
Таксама ў сваім допісе Сяргей Падсасонны спыніўся на інтэрвію з Алінай Коўшык, якое адбылося 17 лістапада 2024 году. Тады Падсасонны задаваў пытаньні новай кіраўніцы тэлеканалу, якая прыйшла на зьмену выканаўцу абавязкаў дырэктара Аляксею Дзікавіцкаму, які аддаў каналу 18 гадоў. Сама Коўшык раней працавала на «Белсаце», а затым вярнулася на канал з пасады ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.
Менавіта тое інтэрвію Падсасонны лічыць паваротным момантам. Ён адзначае, што «Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў назвала інтэрвію ўзорным і прыкладам поўнай свабоды журналістыкі, а польскія і беларускія рэдактары параўналі яго да стандартаў ВВС. Аднак яны не супалі са стандартамі новай кіраўніцы Аліны Коўшык і ейнага кіраўніка Міхала Бранятоўскага».
Падсасонны адзначыў, што прызначэньню Коўшык на «Белсат» нібыта спрыяў АПК.
«Гэта больш ня зона свабоды і шчырасьці, праўды, якую мы стварылі і якой трымаліся!», — падагульніў Падсасонны.
Журналіст таксама адзначыў, што ня можа заставацца на канале пасьля «публічных і непублічных прыніжэньняў у бок Ігара Кулея». Менавіта зь ім яны прыдумалі раней аўтарскую праграму «Тыдзень» на канале.
Раней Ігар Кулей пакінуў тэлеканал канал праз 10 гадоў працы, аб’явіўшы пра гэта ў жывым этэры ў праграме і дадаўшы, што з каналу яго «выціснулі хлусьнёй і пагрозамі». Аліна Коўшык адрэагавала на гэта, сказаўшы, што заявы Кулея «не адпавядаюць рэчаіснасьці і шкодзяць рэпутацыі каналу».
Пры гэтым сама Аліна Коўшык раней у інтэрвію Свабодзе адмаўляла ўсякае дачыненьне АПК да свайго прызначэньня дырэктаркай «Белсату». Акрамя таго, яна казала пра неабходнасьць захаваць супрацоўнікаў на канале.
«Для нас зараз абсалютны прыярытэт — захаваньне каманды „Белсату“, захаваньне прадукцыі, якая ствараецца».
Таксама яна адзначала, што ў кіраўніцтва, імаверна, «былі свае прычыны» не зацьвярджаць на пасадзе кіраўніка каналу Аляксея Дзікавіцкага, які раней быў намесьнікам Агнешкі Рымашэўскай, а потым стаў выконваць абавязкі кіраўніка каналу.
У згаданым інтэрвію ў этэры «Белсату» Падсасонны, сярод іншага, спытаў Коўшык: «Ці ня мае Аляксей Дзікавіцкі падставаў пачувацца сёньня здраджаным?». На што новая кіраўніца каналу заявіла, што «гэта ня здрада, а рашэньне польскіх уладаў, тэлевізіі, якой належыць „Белсат“». Яна адзначыла, што ня бачыць у гэтым ніякай здрады, «акрамя таго, што насамрэч не магла з Аляксеем паразмаўляць раней. Такія былі ўмовы працадаўцаў».
Тое інтэрвію Падсасонны завяршыў словамі «залежыць уласна ад цябе, як ты ўвойдзеш у гісторыю сучаснай Беларусі: як рэфарматарка таго, пра што ты кажаш, ці як зьнішчальніца „Белсату“».
Прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна наступным чынам пракамэнтавала сытуацыю для Радыё Свабода:
«Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ня меў дачыненьня ні да прызначэньня Аляксея Дзікавіцкага у сакавіку 2024 году, ні Аліны Коўшык у лістападзе 2024 году кіраўнікамі Белсату. Гэта было рашэньне польскага тэлебачаньня, да якога фармальна належыць і „Белсат“.
Гэтаксама мы ніколі ня ўмешваліся ў пытаньні ўнутранай ці рэдакцыйнай палітыкі „Белсату“, і не камэнтавалі ўнутраныя працэсы, незалежна ад таго, хто быў кіраўніком каналу.
Камунікацыя паміж Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і МЗС Польшчы цягам 2024 году вялася пра агульную падтрымку „Белсату“, захаваньне брэнду, спадарожніка, калектыву, і каардынавалася з кіраўніцтвам „Белсату“, Аляксеем Дзікавіцкім у прыватнасьці.
Неаднаразова кіраўніцтва „Белсату“ зьвярталася да Офісу і Кабінэту з просьбай аб падтрымцы для „Белсату“, і пры кожнай магчымасьці мы рэагавалі, падымалі пытаньні падтрымкі для „Белсату“, як на сустрэчы з прадстаўнікамі польскага ўраду, так і парлямэнту. Для беларусаў „Белсат“ мае надзвычайнае значэньне.
Памятайма, многія белсатаўцы застаюцца ў зьняволеньні. Кожны журналіст, кожны супрацоўнік „Белсату“ каштоўны і робіць вялікую справу для Беларусі».
Форум