Ва Ўкраіне аднавіў дзейнасьць Беларускі інфармацыйны цэнтар, які быў створаны ў 2020 годзе перад выбарамі прэзыдэнта для аб’ектыўнага інфармаваньня ўкраінскага грамадзтва аб сытуацыі ў Беларусі.
«Да 2020 году для нас Беларусь была такой настальгіяй па Савецкім Саюзе — успомніце, як мы цанілі беларускую „малочку“, трыкатаж, добрыя дарогі. І да 2020 году Лукашэнка сярод шараговых грамадзян Украіны быў адным зь лідэраў у апытаньнях. Пры гэтым мы забываліся, што Савецкі Саюз — гэта ня толькі захаваньне калгасаў, добрыя дарогі, але і яшчэ вельмі моцная рэпрэсіўная сыстэма, якая асабліва вызначылася ў 2020 годзе», — сказала адна з ініцыятарак аднаўленьня дзейнасьці цэнтру Наталка Пазьняк.
Яна нагадала словы вядомага ўкраінскага палітыка, лідэра Народнага руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавола аб тым, што без незалежнай Беларусі ня будзе незалежнай Украіны, як і безь незалежнай Украіны ня будзе незалежнай Беларусі.
У 2020 годзе Беларускі інфармацыйны цэнтар ачольваў вядомы ўкраінскі літаратар Аляксандар Ірвянец. Заснавальнікамі цэнтру тады сталі дырэктар аналітычнага цэнтру «Украінскія студыі стратэгічных дасьледаваньняў» Юры Сірацюк і адзін зь лідэраў Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
«Мы ў пачатку 2020 году казалі, што Расея выкарыстае будучыя псэўдавыбары Лукашэнкі як нагоду цалкам інкарпараваць і забраць Беларусь. А забраць Беларусь — гэта адкрыць вялізны фронт супраць Украіны ў больш як тысячу кілямэтраў. Мы тады казалі, што для Ўкраіны жыцьцёва неабходна ўключацца ў сытуацыю. Якім шляхам? Ня ўмешвацца ў гэтую сытуацыю ці ва ўнутраныя справы Беларусі, а распаўсюджваць, дапамагаць абараняць грамадзянскія і нацыянальныя правы беларусаў. І менавіта для гэтага мы стварылі Беларускі інфармацыйны цэнтар, каб аб’ектыўна расказваць ва Ўкраіне аб сытуацыі ў Беларусі», — сказаў Юры Сірацюк.
Юры Сірацюк цяпер ваюе на фронце і далучыўся да прэсавай канфэрэнцыі празь відэасувязь.
«Мы ня хочам, каб Беларусь была Ўкраінай. Мы хочам, каб Беларусь была Беларусьсю — нацыянальнай, дэмакратычнай, незалежнай. Таму мы цяпер аднаўляем дзейнасьць Беларускага інфармацыйнага цэнтру, каб прыцягнуць увагу ўкраінскага грамадзтва да сытуацыі ў Беларусі, каб украінцы нарэшце перасталі асацыяваць Беларусь і беларусаў з Лукашэнкам, каб мы спынілі бязглуздыя дыскусіі аб тым, што мы павінны ў Кіеве зьмяніць назву станцыі мэтро „Менская“, таму што ў Беларусі пануе дыктатар», — заявіў Юры Сірацюк.
Украінскі палітык і вайсковец падкрэсьліў, што грамадзяне Ўкраіны павінны дакладна адрозьніваць «прарасейскую марыянэтку Лукашэнку, які вядзе да гібелі беларускую дзяржаву, і беларускую нацыю, якая ў тых жахлівых умовах змагаецца».
«Мы ўжо сёньня мусім казаць, што Ўкраіна мае велічэзны доўг перад беларусамі. Велічэзны. Бо беларусы крывёй заплацілі і плацяць за нашу свабоду, і б’юцца за нашу свабода і паміраюць, бо робяць гэта за нашу і за сваю свабоду. Таму я вельмі зычу беларускай нацыі, нягледзячы на тыя рэпрэсіі, якія цяпер працягваюцца (мы ведаем, што там татальныя ператрусы, зьнішчана любая спроба супраціву)... Я ўсё ж такі веру ў Беларусь, і веру, што беларусы яшчэ пакажуць сябе ўсяму сьвету. Я дакладна ведаю, што гэта ня постсавецкая загнаная нацыя. Я дакладна ведаю, што гэта эўрапейская вялікая нацыя, якая чыніць і далей супраціў», — перакананы Юры Сірацюк.
Паводле яго, у 2020 годзе ўкраінскія ўлады памыліліся, што не падтрымалі беларускі народ і прадоўжылі супрацу з рэжымам Лукашэнкі. Цяпер, сказаў Юры Сірацюк, украінская ўлада ў выпадку, калі беларусы «захочуць выказаць права на мірныя сходы ці на права свабоднага галасаваньня, ці на выказваньне сваіх думак, павінна ўжо не маўчаць, а дапамагаць тым беларусам».
Беларускі журналіст, прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Мядзьведзеў расказаў аб рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі цягам усяго праўленьня Лукашэнкі, і атмасфэры, якая цяпер пануе перад новымі выбарамі, заплянаванымі на 26 студзеня.
«2024 год стаў своеасаблівым пікам у рэпрэсіях. Калі раней, да 2020 году, палітвязьнямі былі або кандыдаты ў прэзыдэнты, кіраўнікі палітычных партый, актывісты (вельмі не любілі анархістаў, іх часта садзілі), то цяпер палівязьнямі зьяўляюцца і звычайныя людзі — настаўнікі, рабочыя, выкладчыкі», — сказаў ён.
Форум