Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100-гадовы юбілей адзначае Васіль Шарапаў — чалавек, які зносіў помнік Сталіну і шукаў жыльлё Освальду


Мянчук, які афармляў «расчлянёнага» Сталіна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00
Наўпроставы лінк

Мянчук, які афармляў «расчлянёнага» Сталіна

25 жніўня споўнілася 100 гадоў Васілю Шарапаву — былому кіраўніку Менскага гарвыканкаму (1954 — 1969), міністру будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог (1972 — 1989).

У гісторыю ХХ стагодзьдзя Шарапаў увайшоў як удзельнік шэрагу знакавых падзеяў. Так, на пачатку 1961 году ён займаўся падборам жытла для амэрыканскага марксіста-перабежчыка Лі Харві Освальда.

Вэтэран вайны і працы ў інтэрвію Свабодзе згадваў, што атрымаў адпаведнае распараджэньне ад вышэйшых органаў — арганізаваць у найлепшым выглядзе. Праўда, хоць сам Освальд у сваіх дзёньніках сьцьвярджае, што «быў на прыёме ў таварыша Шарапава», з пэўнасьцю пацьвердзіць гэты факт Васіль Іванавіч не бярэцца. Не выключае і таго, што для Лі Харві маглі разыграць «спэктакль»:

«Мне затэлефанавалі з ЦК КПСС, гаварыў намесьнік загадчыка аддзелу. Маўляў, ёсьць такі чалавек, яму ў Менску павінна быць знойдзена жытло, адпаведнае рашэньне падпісанае. І ўдакладніў: каб абавязкова была прыстойная кватэра. Трэба дык трэба, я салдат ЦК, для мяне ЦК — закон. І знайшлі кватэру: у добрым доме, пад шпілем, на беразе Сьвіслачы. Сапраўды, размова такая вялася, але асабіста Освальда я ня бачыў. Не выключаю, што на другі дзень хтосьці з кадэбістаў адзеўся ў цывільнае і прыняў яго пад маім імем, прадставіўся Шарапавым. Освальд што, правяраць дакумэнты будзе? Ды яшчэ па-руску амаль не гаворыць. А гэтым людзям трэба было здабыць любую інфармацыю, таму хлопцы заўсёды вакол яго круціліся. Можа, праз тэлефон Освальд са мной і гаварыў, дамаўляўся, можа, нейкую інфармацыю яму і даў. Але цяпер ужо не прыгадаю, бо кожны дзень прымаў дзясяткі чалавек».

А 55 гадоў таму Васіль Шарапаў спрычыніўся яшчэ да адной падзеі, пра якую нейкі час таму падрабязна расказаў у інтэрвію нашаму радыё.

Васіль Шарапаў стаў сьведкам самых значных палітычных працэсаў ХХ стагодзьдзя. Нарадзіўся, як кажуць, яшчэ «пры цару». Пасьля былі Халхін-Гол і франты ІІ Усясьветнай, раненьне і страта нагі. У мірны час паўтара дзясятка гадоў кіраваў Менскім гарвыканкамам, да канца 1980-х — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог. І хоць чыноўнікі рэдка трапляюць у гісторыю, але Васілю Іванавічу давялося ўдзельнічаць у эпахальнай падзеі — афармляць «расчлянёны» помнік правадыру ўсіх народаў, зрынуты з п’едэсталу ў 1961-м.

— Помнік Сталіну быў урачыста адкрыты ў Менску 21 верасьня 1952 году. У той жа дзень зьявілася пастанова аб наданьні імя Сталіна абноўленаму праспэкту — былой вуліцы Савецкай. Працуючы ў райкаме Сталінскага (цяпер Заводзкага) раёну, ці маглі вы сабе ўявіць, што празь нейкі час давядзецца кантраляваць дэмантаж велічнай 10-мэтровай статуі?

— Дзесьці за тры месяцы да сакавіка 1953 году — у канцы лістападу 1952-га — я прыйшоў у Менскі гаркам другім сакратаром. Помнік на Цэнтральнай плошчы ўжо стаяў, а заканчвалі яго, сапраўды, калі я працаваў яшчэ ў Сталінскім райкаме. Дакладней, скульптура была выкананая, яе толькі «абсмоктвалі» на розных важных нарадах. Памятаю, як упершыню трапіў на сход да аднаго з аўтараў — Заіра Азгура. У будынку яшчэ недабудаванага «Мінскпраекту» была ўсталяваная фігура Сталіна ў гіпсе. Выслухоўвалася канструктыўная крытыка: што зроблена правільна, што можна яшчэ ўдасканаліць. Сабралася чалавек пад 30 скульптараў, мастакоў, архітэктараў; кожны выказваў сваё меркаваньне, рабіў заўвагі. Вядома, Азгур адбіўся, адстаяў сваю ідэю, і ўрэшце праект зацьвердзілі. А калі толькі пачалі будаваць, фундамэнт рыхтаваць, то кожны дзень выяжджаў на месца. Справа ў тым, што тэрыторыя Цэнтральнай плошчы ўваходзіла ў склад Варашылаўскага райкаму, бо якраз па Савецкай вуліцы была мяжа паміж Варашылаўскім і Сталінскім раёнамі. Таму практычна штодня, пакуль не зрабілі падмурак, не паставілі, не ўмацавалі фігуру, бываў там.

Васіль Шарапаў
Васіль Шарапаў


— Ці былі нейкія спрэчкі адносна выгляду помніка? У розных гарадах Сталін выглядаў хоць і не зусім разнастайна, але ўсё ж не аднолькава.

— Напрыканцы абмеркаваньня застаўся хіба што адзін спрэчны момант: надзець фуражку Сталіну ці ўсё ж пакінуць без галаўнога ўбору? Аўтары не пярэчылі ніводнаму варыянту, бо, зразумела, у кожным пытаньні ёсьць доля палітыкі. Калі без фуражкі, то неяк можна ачалавечыць — проста пазірае згары на натоўп як «звычайны» правадыр народаў. А калі ў фуражцы, то будзе падкрэсьлівацца, што ён перадусім генэралісімус, палкаводзец. У выніку вырашылі пакінуць зь непакрытай галавой, крыху схіліўшы яе, нібыта ў знак удзячнасьці перад выбарцамі. Бо якраз у 1952 годзе былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР, ён абіраўся па І-й Маскоўскай выбарчай акрузе. І надалей прымаліся рашэньні ставіць помнікі без фуражкі — і тут, і ў парку Горкага, і ля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе Сталін сядзеў побач зь Леніным.

— Памятаеце сам дзень 5 сакавіка 1953 году? Якія пачуцьці былі пасьля першых зьвестак пра сьмерць «правадыра ўсіх народаў»? Шок, страх?..

— Скажу так: страху не было, хоць усё звалілася зьнянацку. Усе па-рознаму рэагавалі. Калі раніцай абвясьцілі — памёр Сталін — дзесьці гадзін пад 11 на Цэнтральнай плошчы ля помніка пачаў зьбірацца народ. Відавочна, тысяч 50–60, бо плошча была занятая цалкам. Як паводзілі сябе? Па-рознаму. Былі, вядома, плакальшчыкі, як кажуць, «прафэсійныя». Жанчыны асабліва гучна прычыталі. Размаўлялі між сабой, але радасьці не было ніякай. Хто радаваўся, той, мабыць, на плошчу не прыйшоў. Я стаяў разам з генэралам, намесьнікам камандуючага Беларускай ваеннай акругай Бурдзейным. Баявы камандзір, камандаваў у Сталінградзе танкавым корпусам, потым вызваляў Беларусь. Стаялі мы непасрэдна каля помніка. Нас паступова акружылі, прыціснулі да пастамэнту. Потым маса людзей станавілася ўсё большай, пачалі ўздымацца па скосах, і нас ледзь не прыплюшчылі да самога помніка. Даволі непрыемная была сытуацыя, бо магло скончыцца цісканінай. Урэшце ўсё завяршылася спакойна: паплакалі, пагаравалі ды разышліся. Потым ужо сабе волю давалі хто як. Многія радаваліся, бо шмат было людзей глыбока параненых. Я маю на ўвазе, параненых не на вайне, а параненых у жыцьці. Тым больш я і сам ведаў шмат каго ў горадзе, бо асабіста займаўся гэтымі людзьмі. Гэта тыя, хто вяртаўся з турмаў, зь лягераў. Але былі і тыя, хто шчыра перажываў скон правадыра. Тут адназначнай рэакцыі быць ня можа.

Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы
Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы


— У 1954 годзе вы заступілі на пасаду старшыні Менскага гарвыканкаму. Праз два гады ХХ зьезд КПСС разьвянчаў культ асобы, але да пачатку 1960-х Сталін усё яшчэ ўзвышаўся над Менскам. Чаму ад словаў да справы дайшло толькі празь пяцігодку?

— Ну, як увогуле вырашалася? У 1956-м, як кажуць, акрэсьлілі збольшага маральнае стаўленьне да ўсяго, што адбывалася пры Сталіну. А калі ў 1961 годзе прайшоў ХХІІ зьезд будаўнікоў камунізму, выступіў Хрушчоў (я таксама быў на тым зьезьдзе), дэлегаты ўжо прынялі рашэньне вынесьці парэшткі Сталіна з Маўзалею, пахаваць побач са сьцяной на Краснай плошчы. І ў ноч на 1 лістапада зрабілі перазахаваньне. Гэтаксама вырашылі прыбраць помнікі, перайменаваць аб’екты, плошчы, праспэкты і г.д… Прайшло літаральна некалькі дзён, як вярнуліся мы са зьезду, тэлефануе мне першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Кірыл Мазураў: маўляў, заўтра пачнуць разьбіраць помнік Сталіну. Да гэтай працы, кажа, сам ня лезь, усё будуць рабіць ваенныя. Але як усё будзе арганізавана, як усё будзе праходзіць, трэба паназіраць асабіста. І я, уласна кажучы, з пазыцыі назіральніка бачыў, як дэмантавалі помнік, члянілі фігуру на часткі і, як потым аказалася, нават скралі два гузікі з бронзавага шыняля.

— Кажуць, што настолькі моцная была канструкцыя, што ледзьве ня танкамі давялося вырываць зь зямлі…

— Гэта праўда. Фундамэнт быў надзвычай моцны, глыбокі. Магу нават назваць прараба, які будаваў. Быў такі будаўнік Мірончык, ён потым працаваў начальнікам камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму. Гэта ён пабудаваў такі вось маналітна-бэтонны падмурак. Безумоўна, будавалі на вякі — упасі гасподзь, каб заваліўся 10-мэтровы помнік Сталіну. Што да танкаў, то дакладна не магу сказаць. Тэхнікі ўвогуле было шмат, але фундамэнт узрывалі. Танк там нічога ня зробіць. Сам помнік зьнялі асобна, а потым займаліся пастамэнтам. З-за таго, што ў ногі канструкцыі заходзілі рэйкі, трэба было яе неяк разгойдаць. Але там былі танкавыя цягачы, мабыць, яны ўсё і зрабілі. Як канкрэтна зрывалі канструкцыю з пастамэнту, шчыра кажучы, ужо ня памятаю. Але 3 лістапада 1961 году помнік быў зьнішчаны канчаткова. А ўжо 7 лістапада, як быццам нічога і не бывала, тут прайшоў парад у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі.


— Увогуле кожны ахвотны мог бачыць зьвяржэньне бронзавага Сталіна?

— Не, народ на плошчу не пусьцілі. Ну, як? Масавасьць тут ніякая і не была патрэбная. Пачалі руйнаваць увечары 2 лістапада. Першым чынам члянілі фігуру, ногі вырывалі — дакладней, боты адрывалі ад пастамэнту. А ўсё астатняе, самае складанае, ужо рабілася ўначы — гэта, як я казаў, быў падмурак. Зь ім намучыліся. Раніцай народ пайшоў на працу, многія хацелі паглядзець, але за агароджу нікога не пусьцілі. Была выстаўленая ахова, ачапілі ня толькі плошчу, але і бліжэйшыя вуліцы. Хтосьці здалёк, магчыма, нешта і ўбачыў. Мяркую, са сквэрыку ад Дому афіцэраў, адтуль агляд быў добры.

— Якім чынам транспартавалі помнік і дзе ён быў схаваны ад народа?

— Увогуле сам помнік вывозілі парэзаны, то бок па частках. Фрагмэнты расклалі па скрынях, запакавалі і падпісалі — што дзе канкрэтна, якія дэталі. Была ў нас такая гаспадарка — трэст добраўпарадкаваньня, у раёне цяперашняй вуліцы Караля, на тагачаснай Абутковай, дзе былі старыя габрэйскія могілкі. Там месьціліся ангары для аўтатранспарту па ачыстцы і прыборцы вуліц. Я выклікаў упраўляючага трэстам Нісенбаўма, сказаў, каб ён прыняў па вопісе на склад і выставіў ахову — каб ніхто не пасягаў. Вось і ўся размова. Гэта была, па сутнасьці, такая адрына з дахам, зачыненая на замкі. Там усе сталінскія кавалкі і ляжалі. Лічыце, чатыры скрыні — галава, тулава, ногі з ботамі… Пры канцы 1960-х, калі я ўжо сыходзіў з гораду, наведаў тую адрыну ў апошні раз. Куды помнік падзеўся потым? Хто яго ведае. Можа, урэшце на пераплаўку пайшоў. Што яго трымаць? Тым больш разрэзаны…

— Помнік, з вашага гледзішча, меў мастацкую вартасьць?

Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы
Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы

— Павінен сказаць, што магутная фігура была. І выкананая была ў мастацкім стылі, гэта бясспрэчна. Гэты помнік застаўся ў друку, думаю, што многія захавалі гэтыя выявы дагэтуль. Таму што як скульптура — я не кажу ў дадзеным выпадку пра саму асобу Сталіна — канструкцыя вельмі ўражальная. Дый якія людзі руку прыклалі — Азгур, Бембель, Глебаў, іншыя.

— Помнік Сталіну прыбралі, але яшчэ заставаўся праспэкт яго імя…

— Праспэкт перайменавалі неўзабаве. Доўга не гадалі, назвалі Ленінскім. Хрушчоў як стаў першым сакратаром, то мэханізм закруціўся напоўніцу. У 1961-м у Маскву паклікалі сакратароў ЦК рэспублік і проста загадалі вынішчыць усякую памяць пра Сталіна. І ўжо на распараджэньне Мазурава былі зьнесеныя ня толькі помнікі, а вычысьцілі ўсюды, дзе былі бюсты, карціны, іншыя мастацкія творы. Паступова, паціху ўсё прыбралі. Хрушчоў пасьля пленуму разгледзеў пытаньне на Палітбюро, і нават зьявілася пастанова: дэсталінізацыю — пад асабістую адказнасьць сакратароў ЦК рэспублік. І Мазураў узяўся вельмі адказна. Прыкладам, была збудаваная калянада перад уваходам у Батанічны сад, упрыгожаная барэльефамі партыйных дзеячаў, дык Сталіна адтуль прыбралі. На вуліцы Сьвярдлова таксама барэльеф прыбралі. Шмат у якіх месцах. То бок ужо пасьля ХХІІ зьезду ЦК рэспублікі прымаў рашэньне, дзе і што прыбіраць, зьвязанае зь імем Сталіна.

— Магчыма, вы ведаеце, што недалёка ад Менску ў музэйна-забаўляльны комплекс ператвораная так званая «Лінія Сталіна». Сярод іншага, там ёсьць і помнік Сталіну…

— Ну і няхай сабе стаіць. Я лічу, што і гэты помнік з Цэнтральнай плошчы трэба было б там паставіць. Каб знайшлі, вядома. Як узор твору мастацтва той эпохі. Калісьці, яшчэ пры жыцьці самога Сталіна, у Ленінградзе быў пакінуты помнік камусьці з расейскіх цароў, ня памятаю, якому менавіта. Па-мойму, ён і цяпер там стаіць. Пры Сталіну гэта падавалася як «пудзіла самадзяржаўя». Так і ягонае «пудзіла» цалкам дзесьці магло б быць сёньня. Хай сабе і на «Лініі Сталіна».

— Многія лічаць, што за тэрор, за зьнішчэньне мільёнаў людзей, за стратэгічныя памылкі падчас вайны ня варта пакідаць нават «пудзіла»…

Хрушчоў тры разы адмыслова прыяжджаў з камандай у Кіеў, каб пакапацца ў архівах і, выглядае, выцягнуць са спраў нейкія дакумэнты па расстраляных ці рэпрэсаваных


— Гэта розныя рэчы. Безумоўна, са Сталіна пёры трэба было павышчыпваць, трэба было зьняць зь яго пазалоту. Але я вам іншае скажу. У 1953 годзе я паехаў у Сочы. У наш санаторый пуцёўкі не было, мне далі пуцёўку ў санаторый украінскі. Побач у пакоі жыў памочнік старшыні Савету міністраў Украіны. Мужык нармальны, мы шмат зь ім гаварылі. Дык вось ён расказаў: у траўні 1953-га, праз 2 месяцы пасьля сьмерці Сталіна, Хрушчоў тры разы адмыслова прыяжджаў з камандай у Кіеў, каб пакапацца ў архівах і, выглядае, выцягнуць са спраў нейкія дакумэнты па расстраляных ці рэпрэсаваных. Бо пры яго кіраўніцтве ЦК кампартыі Ўкраіны расстрэлаў там было больш, чым дзе, ня лічачы Расеі. Так што і сам Хрушчоў — жук яшчэ той, неадназначнае ў мяне да яго стаўленьне. Можна ж было не даводзіць рэпрэсіі да такіх маштабаў. Але ўсе прызвычаіліся: Палітбюро прыняло рашэньне — і ўсё, закон. Памры, але зрабі. Прывычка, якую ня ставілі пад сумнеў.

— Палітычная сыстэма, «удасканаленая» Сталіным, сама па сабе страшная?

— Так, вельмі страшная. Нельга так жыць. І дараваць такія злачынствы нельга — прычым нельга нікому. Таму разьвянчаньне культу Сталіна было аб’ектыўнай і суровай неабходнасьцю, і я да гэтага паставіўся спакойна. Безумоўна, шкада было ўласных гадоў: я ж таксама ваяваў «За Радзіму, за Сталіна!», з гранатай у руцэ ішоў наперад, супраць ворага. А вось яно як усё абярнулася…

Васіль Шарапаў, фота зь сямейнага архіву
Васіль Шарапаў, фота зь сямейнага архіву


Васіль Шарапаў нарадзіўся 25 жніўня 1916 году ў Крупскім раёне на Меншчыне. У 1934-м скончыў аршанскую чыгуначную вучэльню, праз тры гады прызваны ў войска — на Далёкі Ўсход. Але замест дэмабілізацыі ў 1939 годзе быў перакінуты ў Манголію, на Халхін-Гол. У 1941-м, з пачаткам актыўных ваенных дзеяньняў у Эўропе, адпраўлены навучацца на камандзіра бронецягніка. Пасьля першага раненьня ў выніку крушэньня саставу пераводзіцца ў атрад рэактыўных мінамётных сыстэмаў «Кацюша». Атрымлівае другое раненьне. Удзельнічае ў апэрацыі «Баграціён» па вызваленьні Беларусі. У 1944 годзе цяжка паранены пад Воршай, ампутавалі нагу. Праз год дэмабілізаваны ў рангу капітана. Ад 1945-га працуе ў гаркаме Сталінскага раёну Менску, потым пераведзены на пасаду ІІ сакратара менскага гаркаму. Цягам 1954–1969 гадоў узначальваў Менгарвыканкам. Наступныя тры гады — І сакратар гаркаму партыі. Ад 1972 да 1989 гадоў — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG