Паводле чыноўніцы, усяго ў Беларусі 450 тысяч працоўных пэнсіянэраў, але абмежаваньні тычыліся толькі тых, у каго індывідуальны каэфіцыент заробку перавышаў 1,3. Іхны заробак да выхаду на пэнсію складаў больш за 130% сярэдняга па краіне, перадае «Позірк».
Пэнсія ў падвышаным памеры будзе налічвацца аўтаматычна без звароту ў органы сацыяльнага забесьпячэньня, яе выплацяць ужо ў студзені, запэўніла чыноўніца.
Міністэрства працы чакае, што ў выніку зьменаў на рынак працы выйдуць каля 10 тысяч пэнсіянэраў.
«Для наймальнікаў прыняцьце гэтай меры дасьць магчымасьць утрымаць адмыслоўцаў зь вялікім досьведам працы і высокай кваліфікацыяй», — лічыць Алена Гомарава.
З 1 студзеня пэнсія налічваецца з улікам 30-гадовага пэрыяду працы. Указ дае магчымасьць пры разьліку індывідуальнага каэфіцыент3 заробку замяніць пэрыяды працы, зьвесткі пра якія немагчыма прадставіць, пэрыядамі зь вядомымі зьвесткамі. Гэтая норма датычыць толькі тых, хто адпрацаваў больш за 30 гадоў. Пры гэтым па-ранейшаму можна зьвяртацца ў суд па вызначэньне заробку за жаданы пэрыяд.
Чакаецца, што праз 8 гадоў пры прызначэньні пэнсіі будуць выкарыстоўвацца дадзеныя аб працоўным стажы і выплатах у Фонд сацыяльнага страхаваньня па зьвестках пэрсаніфікаванага ўліку, які дзейнічае з 2003 году. Гэта азначае, што пры выхадзе на пэнсію работнік ня будзе перадаваць ніякіх даведак аб працы ў пэрыяд да 2003 году.
Дадатковыя гарантыі ў прызначэньні датэрміновай пэнсіі (на 5 гадоў раней), згодна з указам, атрымаюць бацькі дзяцей-інвалідаў, якія выхоўваюць і даглядаюць дзіця без удзелу маці. Для дзяцей-інвалідаў дакумэнт прадугледжвае надбаўку да 110% бюджэту пражытковага мінімуму да атрыманай пэнсіі ў сувязі са сьмерцю аднаго з бацькоў, пры гэтым памер падвышэньня будзе залежаць ад ступені страты здароўя дзіцяці.
Указ таксама спрашчае працэдуру збору дакумэнтаў пра заробак для вызначэньня памеру пэнсіі.
У Беларусі каля 2,4 млн пэнсіянэраў. Міністэрства працы плянуе, што за 2025 год пэнсія павялічыцца на 14%, яе сярэдні памер за год складзе 926 рублёў.
Апошняе падвышэньне пэнсій адбылося 1 кастрычніка 2024 году. Цяпер сярэдні памер пэнсіі на падставе ўзросту — 852 рублі. З 1 жніўня 2024 году павялічыўся памер даплат пэнсіянэрам ва ўзросьце 75–79 гадоў — 81,19 рубля, 80 гадоў і больш (з улікам надбаўкі на догляд) — 162,38, а пры наяўнасьці інваліднасьці I групы — 216,50 рубля.
Форум