Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней у год прэзыдэнцкіх выбараў пэнсіі падвышалі ледзь не штомесяц. А што цяпер?..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Сёлета ўвосень у Беларусі павінны адбыцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Многія нашы слухачы сталага веку моцна зьдзіўлены і ўстрывожаны тым, што, нягледзячы на хуткі пачатак выбарчай кампаніі, улада ніводнага разу за пяць месяцаў не падвысіла пэнсіі. За мінулыя два дзесяцігодзьдзі беларускія пэнсіянэры прывыклі да іншай завядзёнкі. Амаль усе разьлічвалі на падарункі і сёлета.

Вось што піша пра свае чаканьні і расчараваньні наш слухач зь Менску Анатоль Чачотка, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову:

«Раней у год прэзыдэнцкіх выбараў пэнсіі ў нас падвышалі ледзь не штомесяц. А што ж сёлета? Перад новым годам рубель абваліўся, рэальныя пэнсіі зьнізіліся ледзь не напалову, а ўлады — маўчок. Марылася, што хоць у траўні нам нейкім чынам кампэнсуюць страты. Дык жа і цяпер не паднялі. Некаторыя кажуць, што дабавілі па некалькі тысяч рублёў самым бедным — тым, у каго пэнсія не працоўная, а сацыяльная. А ў каго стаж 40 і болей гадоў — тым нічога. Вядома, тут я ня маю на ўвазе былых чыноўнікаў і вайскоўцаў — у іх і без падвышак пэнсіі ўражваюць. А нас, простых працаўнікоў, улада вядзе да галечы і ўбоства. Няўжо так зьбяднела дзяржава? Але ж на палацы грошы чамусьці знаходзяцца. Усё больш пераконваюся, што гэтую ўладу зусім не цікавіць жыцьцё простых людзей, і асабліва пэнсіянэраў.

Ад розных начальнікаў можна пачуць: Беларусь ня мае сваіх нафты, газу, мэталаў — з чаго ж нам багацець? Але ж Польшча, Чэхія, іншыя краіны былога сацыялістычнага лягеру таксама не сядзяць на нафце і сыравіне. Чаму ж у іх беспрацоўныя ды бяздомныя атрымліваюць больш, чым наш заслужаны пэнсіянэр з 40-гадовым стажам?

Справа, мусіць, у тым, хто і як кіруе краінамі. І што рабіць там, дзе ня ўмеюць кіраваць?»

Сапраўды, выбарчы 2015-ты год у Беларусі вельмі адрозьніваецца ад папярэдніх — і 2010-га, і 2005-га... Чаму ўлада гэтым разам не раздае звыклых перадвыбарчых падарункаў у выглядзе масавых падвышэньняў пэнсіяў ды заробкаў, да якіх мясцовае насельніцтва за доўгія гады прывыкла і традыцыйна на іх разьлічвае? Відавочна, за два з паловай дзесяцігодзьдзі кіроўны рэжым настолькі адладзіў сваю выбарчую машыну, сыстэму падліку галасоў, што асаблівай патрэбы ў залагоджваньні электарату няма: патрэбны вынік гарантаваны пры любых абставінах, незалежна ад таго, хто і як галасуе. А грошай на дадатковыя сацыяльныя даброты як не было падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў, так няма і цяпер. Раней гэтая праблема вырашалася шляхам уключэньня друкарскага станка — з наступнай пасьлявыбарчай маштабнай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Гэтым разам, абяцае Лукашэнка, ня будзе ні друкаваньня пустых грошай, ні дэвальвацыі. Але, адпаведна, ня будзе і падвышэньня пэнсіяў.

✉ ✉ ✉

Наш слухач Андрэй Паско з Жабінкаўскага раёну ў сваім новым лісьце напісаў пра аблічча цяперашняга беларускага студэнцтва — на прыкладзе гістарычнага факультэту аднаго рэгіянальнага ўнівэрсытэту, які сам заканчваў:

«Нямала такіх, якія проста стаяць у чарзе па дыплём. (Адну такую з трэцяга курсу выгналі: ня здолела назваць год, калі Напалеон напаў на Расею). Але ж адметныя і тыя, якія вучыліся на дзявяткі-дзясяткі, віселі на дошцы гонару, былі старастамі, атрымалі чырвоныя дыплёмы і месцы ў магістратуры... Вось адзін такі, Рома. На пятым курсе здавалі экзамэн па філязофіі рэлігіі. Выкладчыца просіць назваць маральны імпэратыў Канта. А Рома ў адказ пачынае распавядаць пра тое, што Кант жыў у Кёнігсбэргу... І нічога, пакінулі Рому выкладчыкам ва ўнівэрсытэце. Мой аднакурсьнік Ільля кажа: усё таму, што начальству дагаджаў, дэкану падарункі насіў.

Ці яшчэ адна студэнтка, Оля. На трэцім курсе ў яе спыталі, хто такі Адыс-Абеба. Оля адказала: „Нейкі правіцель. Турэцкі, напэўна...“ Думаеце, гэтую Олю выгналі? Ды не, вісела два гады на дошцы гонару. Ставілі і дзясяткі: цёця недзе ў адміністрацыі працавала.

А вось яшчэ адна Оля. „Заваліла“ на экзамэне дынастыю Юліяў-Кляўдыяў (Цэзар, Актавіян, Тыбэры, Калігула, Кляўдый, Нэрон). Дык таксама вісела на дошцы гонару, чырвоны дыплём.

Такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. І амаль заўсёды ў выніку — чырвоны дыплём, цёплае месца. Відаць, таму, што наша сыстэма адукацыі — найлепшая на сьвеце».

Можа, і ня варта так прыдзірліва ставіцца да аднакурсьнікаў, спадар Андрэй? Чаго ў студэнцтве не бывае: і праваленыя экзамэны здараюцца, і няўдалыя залікі... Тое, што па выніках усяго навучаньня ва ўнівэрсытэце нехта атрымаў «чырвоны» дыплём, яшчэ не азначае, што ён павінен быў дэманстраваць ідэальныя вынікі ды веды ва ўсіх дысцыплінах і ў любых сытуацыях.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG