Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як толькі нейкі адважны чыноўнік загаворыць па-беларуску — яго тут жа стараюцца выжыць...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Празь некалькі месяцаў у Беларусі павінна распачацца прэзыдэнцкая кампанія. Хоць вонкава на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак гэта ніяк не заўважна, усё ж некаторыя палітычныя падзеі пра набліжэньне выбараў сьведчаць.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст напісаў пасьля таго, як даведаўся пра сыход з палітыкі колішняга кандыдата ў прэзыдэнты і лідэра кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімера Някляева. Разважаючы пра цяперашнія справы ў апазыцыйным асяродзьдзі, спадар Кастусь піша:

«Прызнаюся, навіна пра сыход Някляева мяне зусім ня ўразіла. Як разумны і сумленны чалавек, ён не палічыў магчымым удзельнічаць у гэтым „цырку на дроце“.

Шэраг скрышальных паразаў на ўсіх без выключэньня выбарах панізіў рэйтынг апазыцыі ледзь не да нуля, асабліва пасьля Плошчы-2010, калі і натоўп людзей, і самі лідэры апазыцыі былі па-майстэрску накіраваныя правакатарамі да Дома ўраду пад дубінкі АМАПу. Я калісьці пісаў на Свабоду, што нішто так не падрывае аўтарытэту апазыцыі, як паразы. Вось гэты аўтарытэт і зваліўся ніжэй за плінтус, пад якім сёньняшняя апазыцыя ціха і сканае.

Некаторыя крокі апазыцыі немагчыма зразумець, кіруючыся лёгікай. Узяць хоць бы вылучэньне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам. Разважаюць прыкладна так: „Мы вылучым Статкевіча адзіным, а калі яго згодна з заканадаўствам не зарэгіструюць, тады абвесьцім байкот выбарам“. Ну зразумелая справа, што не зарэгіструюць! Тады навошта гэты дадатковы рытуал з вылучэньнем? Чаму проста не абвясьціць байкот, не злучаючы яго зь імем Статкевіча?

І наагул, чамусьці апазыцыя ўвесь час імкнецца вырашаць няўцямныя праблемы сусьветнага маштабу і сусьветнай бязглуздасьці, бы той летуценьнік зь вядомай песьні на словы Міхаіла Сьвятлова: „Я хату покинул, пошёл воевать, чтоб землю в Гренаде крестьянам отдать“. Так і хочацца сказаць яму: „Ты, ёлупень, лепш сваёй зямлёй заняўся б. Паглядзі: яна ў цябе ўся пустазельлем зарасла“.

І яшчэ адна заўвага. Не зьдзіўлюся, калі ў шэрагах апазыцыі „адпаведнымі органамі“ падрыхтаваны альтэрнатыўны кандыдат на пасаду прэзыдэнта! Ягоная задача — 1) канчатковая дыскрэдытацыя апазыцыі; 2) забесьпячэньне „элегантнай“ перамогі Рыгоравіча; 3) легітымізацыя выбараў у вачах міжнароднай супольнасьці. Зразумела, што я не сьцьвярджаю напэўна, але цалкам выключаць такую магчымасьць устрымаўся б».

Думаю, спадар Кастусь, што і без усялякіх адмысловых апэрацыяў спэцслужбаў знойдзецца нямала каляпалітычных пэрсанажаў, ахвотных пакрасавацца ў выбарчых бюлетэнях побач з Лукашэнкам. І ніякія заклікі да байкоту ды апэляцыі да лёгікі і здаровага сэнсу тут не дапамогуць. Зразумела, большасьць зь іх адсеецца яшчэ на этапе збору подпісаў і ні ў якія бюлетэні ня трапіць. Але кагосьці ўлада ў любы момант можа скарыстаць дзеля таго, каб сарваць кампанію байкоту (калі апазыцыя на такую кампанію наважыцца) і каб выбары не выглядалі безальтэрнатыўнымі.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну ўстрывожаны тым, якімі мэтадамі ў Беларусі праводзіцца і ўсё больш пашыраецца русыфікацыя:

«Толькі заікнуўся міністар адукацыі пра тое, што варта было б ва ўсіх школах выкладаць гісторыю і геаграфію па-беларуску — як тут жа тутэйшыя „гіркіны-стралковы“ паднялі лямант. Маўляў, расейшчыну прыгнятаюць! А ў выніку нашы дзеткі ў абсалютнай большасьці ня ўмеюць чытаць на роднай мове.

Быў такі манкурт у вёсцы Русіны, які ў міліцэйскай форме прайшоўся па кватэрах бацькоў і сабраў подпісы, каб перавесьці першы кляс, дзе вучылася ягонае дзіця, на расейскую мову. І вось цяпер уся сярэдняя школа ў вёсцы засілена так званым „великим и могучим“...

Ці вось яшчэ адзін выпадак. Пытаюся ў аднаго вадзіцеля, які займаецца перавозкамі: навошта вывесіў у машыне расейскі трыкалёр? Адказ: „Калі ДАІ бачыць гэты сьцяжок, то звычайна не затрымлівае. А калі няма, то прапаноўвае яго купіць...“ Некаторыя аўтамабілісты чапляюць на антэну чорна-жоўтыя паласатыя стужкі, якія сталі сымбалем расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Яшчэ адна прыдумка імпэрцаў — арганізацыя так званых казацкіх шыхтоў на Беларусі. Яны ж увайшлі ў нашу гісторыю як нападнікі-разбуральнікі.

А кадэцкія ды сувораўскія вучэльні? Гэта ж таксама расейская, захопніцкая стратэгія.

Калі толькі якісьці адважны чыноўнік загаворыць па-беларуску — яго тут жа стараюцца выжыць з тутэйшага манкурцкага асяродзьдзя. Гэтак сталася з былым міністрам культуры Паўлам Латушкам.

Чаму так адбываецца ў краіне Беларусь? А таму, што ў нас усе дзяржаўныя ды недзяржаўныя структуры нашпігаваныя „гіркінымі-стралковымі“. Будзьце пільныя, даражэнькія беларусы, бо яны нас не пашкадуюць і да дабра не давядуць!».

Думаю, зьвесткі пра тое, што беларуская міліцыя сама распаўсюджвае расейскія сьцяжкі, — усё ж перабольшаньне. Магчыма, у вашай мясцовасьці і ёсьць сярод дзяржаўтаінспэктараў нейкі энтузіяст расейшчыны, але ў цэлым гэты рух на афіцыйным узроўні не ўхваляецца і не падтрымліваецца. Вось і паласатыя расейскія стужкі ў Беларусі негалосна не рэкамэндавалі выкарыстоўваць, замяніўшы іх чырвона-зялёнымі, колераў афіцыйнага сьцяга.

Многія ў кіраўніцтве беларускага рэжыму рэальна ацэньваюць небясьпеку ўкраінскага сцэнара ў Беларусі і спрабуюць сёе-тое рабіць, каб не дапусьціць яго. Аднак залежнасьць беларускай улады ад Крамля набыла такія маштабы, што магчымасьці рэальна супрацьстаяць гэтаму працэсу нават у нацыянальна арыентаваных чыноўнікаў надзвычай абмежаваныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG