Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны вызвалілі Ўсходнюю Эўропу ад Гітлера, але заняволілі яе камунізмам...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

На працягу мінулых тыдняў ва ўсіх мэдыях і са шматлікіх грамадзкіх трыбун часта гучала тэма Другой сусьветнай вайны, памяці пра яе. Камуністычныя рэжымы ў СССР і тых краінах Усходняй Эўропы, якія апынуліся ў зоне савецкай акупацыі, пакінулі пасьля сябе вялізную колькасьць манумэнтаў. Вызваліўшыся ад дыктату Масквы, усходнеэўрапейскія краіны хутка пазбавіліся ад той ідэалягічнай спадчыны. Цяпер дайшла чарга і да бліжэйшых суседзяў Расеі — у прыватнасьці, да Ўкраіны.

Наша слухачка Ада Калітам зь Ліды, зь ліста якой пачну сёньняшнюю размову, пільна сочыць за гэтай тэмай. Яна піша:

«Што да камуністычных манумэнтаў, дык тут я ўкраінцаў цалкам падтрымліваю. Дарэчы, хоць у Беларусі шматлікія помнікі Леніну нібыта ня зносяць, але пакрысе яны самі неяк незаўважна зьнікаюць. Вось, напрыклад, у нас у Лідзе калісьці было ажно сем ленінскіх статуй ды бюстаў. Цяпер, на шчасьце, застаўся толькі адзін помнік.

Больш складаная справа — манумэнты савецкім военачальнікам. Яны ж, гэтыя генэралы ды маршалы, нібыта былі вызваліцелямі. Але за мяжой іх чамусьці ня надта хочуць бачыць. Напэўна, таму, што, вызваліўшы гэтыя краіны ад Гітлера, яны прывялі да ўлады камуністаў. Вось, напрыклад, велічны помнік маршалу Коневу ў Кракаве быў усталяваны напрыканцы эпохі сацыялізму, у 1987 годзе. Але прастаяў усяго чатыры гады: у 1991-м яго дэмантавалі і перавезьлі ў расейскі Кіраў. Магчыма, і ня варта было гэта рабіць?».

Старэйшыя людзі памятаюць, што 25 год таму ў цэнтры Вільні, на плошчы, дзе цяпер можна бачыць помнік аўтару літоўскага нацыянальнага гімна Вінцасу Кудзірку, стаяў зусім іншы манумэнт — савецкаму генэралу арміі Івану Чарняхоўскаму. Дарэчы, сучасьнікі высока ацэньвалі гэтага военачальніка — самага маладога генэрала арміі і самага маладога камандуючага фронтам у гісторыі Чырвонай Арміі.

Асабіста супраць Чарняхоўскага літоўцы, здаецца, нічога ня мелі. Але гэты помнік быў сымбалем чужой краіны, чужога грамадзкага ладу, трагічнай старонкі літоўскай гісторыі, зьвязанай са стратай незалежнасьці. Цяпер помнік стаіць у расейскім Варонежы, насупраць вакзалу.

Падобная ж гісторыя можа здарыцца з помнікам савецкаму генэралу Ватуціну ў Кіеве: там якраз разгарнулася кампанія за яго знос.

Што да рэзкага зьмяншэньня колькасьці ленінскіх скульптур у Беларусі, то тут шукаць палітычнай прычыны ня варта. Амаль усе яны былі вырабленыя зь нетрывалых матэрыялаў — гіпсу альбо бэтону. Больш за некалькі дзесяцігодзьдзяў такія помнікі пад адкрытым небам выстаяць ня могуць. Аднаўляць іх ніхто не імкнецца: на тое няма ні грошай, ні асаблівага жаданьня. Тым больш што стаялі яны пераважна на ўскраінах, на тэрыторыях прадпрыемстваў, устаноў, школ. А вось бронзавыя ды каменныя выявы Ільіча ў цэнтры беларускіх гарадоў усе як адзін на месцы — нікуды яны за мінулыя дзесяцігодзьдзі не падзеліся.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Антон Пузан з Гомеля — былы штурман авіяцыі, маёр у адстаўцы. Ён зь цікавасьцю сочыць за расьсьледаваньнем справы пра катастрофу ў красавіку 2010 году пад Смаленскам польскага ўрадавага самалёта, на борце якога разам зь іншымі кіраўнікамі краіны быў тагачасны прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкай. Хоць з часу трагедыі мінула ўжо больш як пяць год, спрэчкі вакол прычынаў і вэрсіяў той катастрофы працягваюцца. Антон Пузан піша:

«Расейскі бок усю віну ўскладае на польскі экіпаж, а вось мне як былому штурману ўсё бачыцца інакш. Чаму для прыёму такога важнага самалёта быў выдзелены заведама непрыдатны другарадны вайсковы аэрадром, дзе не было належнага навігацыйнага абсталяваньня для такіх умоў надвор’я? Так што для мяне спасылка на тое, што паводле міжнародных правілаў рашэньне на заход на пасадку прымае камандзір экіпажа — гучыць непераканаўча. Гэтае правіла — для сапраўдных аэрадромаў. А для прыёму польскага самалёта належала выдзеліць аэрадром Віцебск-Паўночны.

Увогуле, сумныя думкі апаноўваюць, калі разважаеш пра ўсё гэта. Повязь часоў. Трагедыя польскага народа — расстрэл у Катыні... Хто ўсё гэта ўчыніў? І вось цяпер — новая трагедыя там жа. Нешта чуецца знаёмае... Хацелася б, каб у Польшчы ведалі, што недзе ў суседняй Беларусі ў кагосьці ёсьць іншая думка наконт гэтай праблемы».

Разнастайных вэрсіяў той катастрофы вылучалася і вылучаецца нямала. Факты ж такія, што камісія Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК) па выніках свайго расьсьледаваньня прыйшла да высновы: галоўныя прычыны катастрофы — няправільныя дзеяньні экіпажа ва ўмовах моцнага туману і псыхалягічны ціск на экіпаж. Аналягічная камісія з польскага боку таксама прызнала прычынай памылку экіпажа, але вылучыла ў якасьці фактара здарэньня недастатковае аэранавігацыйнае забесьпячэньне палёту з боку дыспэтчараў аэрадрома Смаленск-Паўночны і адзначыла недахопы ў тэхнічным абсталяваньні аэрадрома. Такім чынам, вашы, спадар Антон, заўвагі і высновы цалкам слушныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG