Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі экспэрт мяркуе, што Расея пацярпела крах ва «ўкраінскай кампаніі»


Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

Палітоляг Віктар Каспрук перакананы, што пасьля таго, як Расея пакіне ўкраінскія тэрыторыі, Крым і Данбас, Украіна павінна атрымаць ад Масквы кантрыбуцыю.

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што перамовы Трохбаковай кантактнай групы па Данбасе фактычна ўвесь час знаходзяцца ў тупіку, але Ўкраіне ня трэба адмаўляцца ад менскіх паседжаньняў.

Гэтае меркаваньне ён выказаў у інтэрвію Свабодзе.

Заплянаванае на сёньня ў Менску паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны перанесена на пазьнейшы тэрмін. Хутчэй за ўсё, сустрэча кантактнай групы адбудзецца пасьля перамоваў у Мюнхэне кіраўнікоў МЗС краін «нармандзкай чацьвёркі» (Украіна, Расея, Нямеччына, Францыя).

На мінулым тыдні з адпаведнай прапановай выступіў прадстаўнік Украіны на перамовах у Менску Леанід Кучма. Украінскі бок патлумачыў гэта тым, што па ніводным з пунктаў менскіх дамоўленасьцяў не назіраецца прагрэсу, а прарасейскія баевікі надалей не выконваюць рэжым цішыні.

На думку Віктара Каспрука, адсутнасьць палітычнай волі Крамля да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе — гэта галоўная прычына таго, што перамовы кантактнай групы зайшлі ў тупік:

«Расея ўспрымае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі як вялікі пляцдарм свайго ўплыву на Ўкраіну. Адмовіцца проста так ад усяго яна ня можа. Калі б Расея хацела міру з Украінай, яна б не плянавала і не рэалізоўвала ўварваньня ва Ўкраіну. Таму вельмі цяжка паверыць у добры намер агрэсара, які хоча выдаць сябе за міратворца. Масква ўжо настолькі забрахалася ў сваіх заявах адносна Ўкраіны, што зараз адступіць ад гэтай парадыгмы хлусьні яна ўжо проста ня здольная», — упэўнены палітоляг.

Каспрук канстатуе, што бакі ніяк ня могуць дамовіцца па такіх прынцыповых пытаньнях, як мясцовыя выбары на Данбасе і кантроль за ўкраінска-расейскай мяжой:

«Праблема ў тым, што мы не кантралюем мяжу з Расеяй, — кажа ён. — Зразумела, што калі б там стаялі міратворцы, то Расея б не магла дасылаць так званыя гуманітарныя канвоі, якія складаюцца ў асноўным са зброі. Ясна, што тады ўвесь праект сэпаратысцкіх рэспублік вельмі хутка б скончыўся.

Мне здаецца, што гэта адно з галоўных пытаньняў — Масква ніяк ня хоча пагаджацца на кантроль Украіны над сваёй мяжой з Расеяй. А мы ня можам пагадзіцца на тое, каб паставіць воз паперадзе каня.

Таму ўсе гэтыя пазыцыйныя гульні, узгадненьні, пераўзгадненьні — яны заводзяць у тупік».

«Расейская дыпляматыя мае шматгадовы досьвед геапалітычнай казуістыкі, і яна намагаецца навязаць Украіне тое, на што тая апрыёры пагадзіцца ня можа. І таму трэба разумець, што гэты перамоўны працэс, калі ён будзе працягвацца і далей, ён будзе цярністы, доўгі і не абавязкова будзе прыводзіць да тых вынікаў, на які разьлічваюць абодва бакі», — дадае Каспрук.

Але, зь іншага боку, час працуе на Ўкраіну, лічыць палітоляг:

«Расея атрымала санкцыі, якія зь яе ня здымуць, пакуль яна ня выйдзе з акупаваных тэрыторыяў. Таму гэтую пазыцыйную гульню можна працягваць дастаткова доўгі час — пакуль ня сыдзе з прэзыдэнцкай пасады Пуцін, або Расея апынецца ў такой эканамічнай сытуацыі, калі яна ўжо ня зможа фінансаваць гэтую палітычную афэру».

Перамовы наконт абмену палоннымі таксама зайшлі ў тупік. На думку Каспрука, прычына тут у тым, што Расея ня хоча пагаджацца на формулу «ўсіх на ўсіх», каб ня страчваць дадатковыя рычагі ўплыву на Ўкраіну.

«Расеі выгадна, каб так званыя сэпаратысцкія рэспублікі трымалі ў закладніках частку ўкраінскіх вайскоўцаў, якіх яна, магчыма, хоча на нейкім этапе выкарыстаць як перавербаваных агентаў. Мы ведаем, што з тымі, хто трапіў у палон, расейскае ФСБ праводзіла пэўныя размовы, але ў большасьці выпадкаў людзі адмаўляліся ад такіх прапаноў», — кажа ён.

Каспрук не выключае, што бліжэйшым часам можа адбыцца эскаляцыя супрацьстаяньня на Данбасе.

На думку экспэрта, у сярэдзіне ці напрыканцы вясны Уладзімер Пуцін можа пайсьці на ўварваньне ці, хутчэй за ўсё, імітацыю ўварваньня ва Ўкраіну.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе
Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе

Паводле слоў Каспрука, Пуцін імкнецца пастаянна ціснуць на Кіеў, палохае тым, што калі Ўкраіна ня пойдзе на саступкі, то Расея будзе забіраць і іншыя ўкраінскія тэрыторыі. Але сёньня гэта хутчэй блеф, кажа экспэрт:

«Гэта больш блеф, чым рэальныя магчымасьці Масквы. Па-першае, Расея цяпер вельмі эканамічна аслаблена. Па-другое, ня так моцна хочуць расейскія вайскоўцы ваяваць ні за што. Па-трэцяе, хоць невялікі, але ёсьць пратэст у расейскім грамадзтве — бацькі ня хочуць, каб зь іх дзяцей рабілі „гарматнае мяса“.

Пуцін пралічыўся. Калі б ён змог правесьці той бліцкрыг, які Расея плянавала спачатку, то, магчыма, расейскае грамадзтва больш ляяльна ставілася б да таго, што робіцца Расеяй ва Ўкраіне. А цяпер сытуацыя зацягнутая на два гады. Здабыць „Наваросію“, як плянавалі Пуцін і кампанія, не атрымалася. То бок яму няма як даць справаздачу ні перад звычайнымі расейцамі, ні перад сваім бліжэйшым атачэньнем. Фактычна Расея пацярпела крах ва ўкраінскай кампаніі. Цяпер гэты крах міжнародная супольнасьць і Ўкраіна павінны замацаваць», — падкрэсьлівае экспэрт.

Каспрук лічыць, што калі Ўкраіна пратрымаецца да лета, то Крэмль пад ціскам санкцыяў будзе вымушаны «адпаўзаць» — то бок пойдзе на саступкі.

«Адзінае, што яны, верагодна, не захочуць губляць твар: каб гэта выглядала ня так, што іх проста выгналі з Украіны, а што яны сышлі добраахвотна. У такім разе мы можам нават трошкі ім падыграць.

Але Ўкраіна мае прынцыповую пазыцыю: усе ўкраінскія тэрыторыі павінны быць вернутыя. Адзінае, што тут можна дадаць, — гэта тое, што Ўкраіна, пасьля таго як Расея пакіне ўкраінскія тэрыторыі, павінна атрымаць кантрыбуцыю за тыя эканамічныя, людзкія і маральныя страты, якія мы атрымалі ў выніку вар’яцкай палітыкі Пуціна. Таму ўжо цяпер трэба падлічваць тыя страты, якія нам нанесла Расея за два гады акупацыі ўкраінскай тэрыторыі», — падкрэсьлівае экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG