Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зразумець Украіну» — у кнігарні «ЛогвінаЎ» пачынаюць барацьбу з «машынай нянавісьці»


Круглым сталом і дыскусіяй стартуе сёньня «Год украінскай літаратуры» ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ».

У імпрэзе возьмуць удзел літаратары і мысьляры Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Юлія Чарняўская і Ўладзімер Мацкевіч.

Свабода пагутарыла з удзельнікам і адным з арганізатараў круглага стала, літаратарам Ігарам Бабковым.

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«Мы распачынаем публічную кампанію „Зразумець Украіну“. Цягам году ў кнігарні „ЛогвінаЎ“ пройдзе шэраг імпрэзаў: прэзэнтацыі ўкраінскіх кніг і нумароў альманахаў, прыезды ўкраінскіх пісьменьнікаў, паказы ўкраінскага кіно. Такім чынам, у 2016 годзе будзе нон-стоп гучаць украінская тэма», — тлумачыць Ігар Бабкоў.

Паводле арганізатараў, асноўная ідэя «Году ўкраінскай літаратуры» ў Кнігарні Логвінаў — паспрабаваць даць асымэтрычны адказ на працу «машыны нянавісьці» і «машыны вайны» і прапанаваць украінскую высокую культуру ў якасьці правадніка для беларускага грамадзтва ў сытуацыю разуменьня таго, што адбываецца ва Ўкраіне.

«Асноўны дыягназ нашага грамадзтва — неразуменьне. А калі чалавек не разумее, ён пачынае баяцца, не любіць, ненавідзець. Таму разуменьне Ўкраіны — гэта ключавая фраза і ідэя. Безумоўна, гэта адказ на актуальныя падзеі. Але адказ несімэтрычны. Мы лічым, што сэнс ня ў тым, каб увязвацца ў ідэалягічную спрэчку і кагосьці пераконваць. Гэта не задача культуры і літаратуры. Мы проста дамо голас сёньняшнім украінскім творцам, каб паказаць іх як жывых людзей, якія пішуць тэксты, думаюць пра сытуацыю ў сваёй краіне, абмяркоўваюць яе. Я лічу, што такі падыход больш душэўны і часам больш эфэктыўны, чым заняць сваё месца на барыкадзе», — кажа Ігар Бабкоў.

Сёньняшні круглы стол — даволі ціхая падзея, адзначае літаратар:

«Мы пачынаем бяз помпы і безь вялікіх абяцанак. Проста пачынаем штосьці рабіць. У мінулым годзе грамадзтва змабілізавалася і дапамагло выжыць кнігарні „ЛогвінаЎ“, калі ў сытуацыі фінансавых складанасьцяў трэба было выплаціць вялікі штраф. Таму тут яшчэ і спроба нейкім чынам аддзячыць, заняць актыўную культурную, літаратурную і грамадзкую пазыцыю. Ня проста быць месцам, куды прыходзяць купляць кнігі, але і месцам пошуку сэнсаў».

Акрамя дыскусіі, адбудуцца ўрачыстыя закладзіны «Ўкраінскай бібліятэчкі».

«Ёсьць ідэя запачаткаваць „Украінскую бібліятэчку“. Гэта будзе выглядаць так: у кнігарні „ЛогвінаЎ“ будзе палічка, на якой зьбяруцца кнігі на ўкраінскай мове. Кнігі можна будзе пазычаць, напрыклад, на тыдзень, як гэта адбываецца ў бібліятэках. Мы таксама разьлічваем, што гэтая ініцыятыва пашырыцца і на іншыя гарады — і што такія ўкраінскія бібліятэчкі паўстануць у Гомелі, Магілёве, Гародні, Берасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG