Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка прагназуе крах беларускай мадэлі ў лепшым выпадку летам, у горшым — увесну


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота
Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, які ў 2015 годзе беспасьпяхова спрабаваў афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, сёньня сказаў Свабодзе, што беларускую мадэль эканомікі і сацыяльнага жыцьця непазьбежна чакае крах:

«З улікам стагнацыі, якая па-ранейшаму працягваецца, трэба чакаць увесну сур’ёзнай дэвальвацыі. А ўжо летам — ад гэтага будзе нікуды ня дзецца. І справа зусім не ўва ўсясьветным крызісе, на што хочуць зваліць сваё няўменьне беларускія чыноўнікі. Галоўнае ў тым, як паводзяць сябе беларускія ўлады, найперш з Нацыянальнага банку і ўраду.

Я мушу заявіць, што мы, вядома, упадзём, што мы вымушаныя будзем моцна дэвальваваць беларускі рубель.

А гэта непазьбежна пацягне за сабою падзеньне жыцьцёвага роўню ўсіх беларусаў. Адназначна можна казаць пра неабароненасьць бальшыні насельніцтва. Мне вельмі шкада, што так адбудзецца, але я не магу пра гэта не казаць».

Віктар Цярэшчанка таксама сказаў, што ягоныя прапановы па тэрміновым зьмяненьні фінансавай і эканамічнай сытуацыі ў Беларусі акумулююцца ў Навукова-дасьледчым інстытуце Міністэрства эканомікі Беларусі:

«Я ўчора размаўляў з дырэктарам інстытуту. І ён сказаў мне, што ўсе матэрыялы, у тым ліку 92 (а гэта болей, чым у доктарскай дысэртацыі) схемы і графікі, вывучаюцца. Ён папрасіў два тыдні для завяршэньня працы. Сказаў, што пасьля гэтага матэрыялы будуць дасланыя ва ўрад. Інстытут выкажа сваё меркаваньне. Я пакуль задаволены тым, што чыноўнікі нарэшце хоць зьвярнулі ўвагу на прапановы».

Кандыдат эканамічных навук Цярэшчанка сказаў, што 5 студзеня скончыў курс лекаваньня ў 2-й менскай гарадзкой лякарні. Цяпер ён на амбуляторным лекаваньні ў паліклініцы па месцы пражываньня:

«На жаль, праблемы са здароўем застаюцца. Я нават не хачу ўсё пералічваць, бо іх шмат. Хачу толькі сказаць, што праз два тыдні пасьля атручваньня ў Менск прыяжджаў вядомы спэцыяліст зь Вільні. Ён мяне ўважліва агледзеў. І зафіксаваў, як галоўнае, парушэньні з крывацёкам. Гэты спэцыяліст зафіксаваў хімічнае атручэньне».

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

«Я лячуся і лекамі з аптэкі, і народнымі сродкамі. Чаго толькі не спрабаваў. Якраз сёньня глытаў чарговы зонд. Пакрысе ўсё зажывае, але ж вельмі марудна», — кажа Віктар Цярэшчанка.Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што прэтэндэнт ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У Цярэшчанкі прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG