Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскамоўнай «Вікіпэдыі» рэкамэндавалі перайменаваць «Белоруссию» ў «Беларусь»


Спэцыяльная працоўная група, створаная ў онлайн-энцыкляпэдыі WIkipedia, па выніках аналізу рэкамэндавала перайменаваць расейскамоўны артыкул пад назвай «Белоруссия» ў «Беларусь». Канчатковае рашэньне ў пытаньні прыме Арбітражны камітэт.

Працоўная група ў пытаньні перайменаваньня артыкула «Белоруссия», якая пачала працу на пачатку 2023 году, сёлета 6 студзеня апублікавала вынікі свайго аналізу ўжываньня той ці іншай назвы ў аўтарытэтных крыніцах. Па выніках аналізу група прыйшла да высновы, што варыянт «Белоруссия» пераважае толькі ў дзяржаўных расейскіх СМІ, а ва ўсіх іншых — варыянт «Беларусь». Апошні варыянт пераважае і тады, калі разглядаць усе навінавыя тэксты разам.

«Згодна з пагадненьнямі па называньні артыкулаў у Вікіпэдыі, „прыярытэт у называньні артыкулаў варта, як правіла, аддаваць такой пацьверджанай аўтарытэтнымі крыніцамі назьве, якая для большасьці расейскамоўных чытачоў зьяўляецца найбольш вядомай і, па магчымасьці, найменш неадназначнай“, якой па выніках аналізу, праведзенага працоўнай групай, зьяўляецца назва Беларусь. Такім чынам, працоўная група рэкамэндуе перайменаваць артыкул „Белоруссия“ ў „Беларусь“», — гаворыцца ў справаздачы працоўнай групы.

Канчатковы вынік аналізу працоўнай групы, як паведамляюць вікіпэдысты, будзе праз 2 тыдні. На яго падставе сваё рашэньне прыме Арбітражны камітэт.

Пытаньне аб найменьні артыкула пра Беларусь у расейскамоўнай Вікіпэдыі ўздымалі неаднойчы. Адпаведныя працоўныя групы стваралі ў 2006, 2009 і 2011 гадах. Апошні раз у 2011 годзе была замацаваная назва «Белоруссия».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG